Музычныя фарбы цымбалаў

- 10:34Людзі адукацыі

Настаўніца музыкі па класе цымбалаў сярэдняй школы № 116 Мінска заўсёды імкнецца да развіцця эстэтычных пачуццяў, выхоўвае высокі мастацкі густ. Інеса Паўлаўна Азарава — за такое інтэлектуальнае адукацыйнае асяроддзе, у якім дзіця будзе адчуваць сябе камфортна і мець усе магчымасці развіваць сваю індывідуальнасць. Канечне, стварыць яго няпроста, але , па меркаванні Інесы Паўлаўны, настаўнік — гэта заўсёды творчы лідар, генератар ідэй, чалавек, які дае імпульс да імкнення навучэнцаў у дасягненні пэўных мэт. Прынамсі, сама настаўніца менавіта такая.

Свае любімыя цымбалы Інеса Паўлаўна прапагандуе на працягу 23 гадоў. Менавіта столькі яна ў музычнай педагогіцы. “Багаты педагагічны вопыт Інесы Паўлаўны Азаравай, яе здольнасць бачыць і ацэньваць тое, што адбываецца ў адукацыйным асяроддзі музычнага мастацтва, дазваляе ёй прымяняць сучасныя тэхналогіі, нетрадыцыйныя прыёмы і метады вядзення заняткаў”, — гавораць пра яе калегі.

Інеса Паўлаўна з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў музычнай накіраванасці ў сярэдняй школе № 116 Мінска. Яна актыўна прапагандуе свой педагагічны вопыт на метадычных аб’яднаннях настаўнікаў музыкі, на семінарах-практыкумах рэспубліканскага значэння, у інтэрнэце — на персанальным сайце “Цымбалы — візітная картка Беларусі”, у выданні часопіса “Мастацкая i музычная адукацыя”.

Інеса Паўлаўна з’яўляецца актыўным членам Рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў выяўленчага мастацтва і музыкі пры Беларускім педагагічным таварыстве, лаўрэатам Рэспубліканскага завочнага конкурсу метадычных распрацовак настаўнікаў музыкі ў намінацыі “Факультатыўныя заняткі мастацкай накіраванасці”.

За тры гады работы ў 116-й школе Інеса Паўлаўна стварыла два калектывы інструментальнай музыкі: ансамблі “Рамонак” і “Пацешкі”. Зразумела, што карпатлівая, мэтанакіраваная работа прыносіць вынікі. Разам са сваімі гадаванцамі настаўніца паспяхова ўдзельнічае ў Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, у Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Перазвон”, у Міжнародным конкурсе таленавітых дзяцей і моладзі “Новыя вяршыні”, у Рэспубліканскім конкурсе музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына”, у Міжнародным музычным інтэрнэт-конкурсе Musikcompetition.

Акрамя таго, Інеса Паўлаўна з’яўляецца ўдзельнікам зводнага аркестра настаўнікаў Фрунзенскага раёна і, зразумела, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў. У сувязі з гэтым атрыманне прэміі Мінгарвыканкама за эмацыянальна-вобразнае развіццё навучэнцаў на ўроках па класе цымбалаў на аснове сістэмы навучання “Усе фарбы музыкі” (на матэрыяле беларускай мастацкай творчасці) стала абсалютна заканамерным.

— Я з’яўляюся прыхільніцай эмацыянальна-вобразнага развіцця, менавіта таму пры абагульненні вопыту акцэнт у рабоце ставіла на фарміраванне асобы з дапамогай эмоцый і вобразаў. Хацелася як мага больш прадставіць нагляднага матэрыялу і творчых заданняў, якія спрыяюць пашырэнню і паглыбленню эмацыянальнай сферы вучняў. Быў прадстаўлены шырокі спектр магчымасцей выбару для вучняў як пры падборы твораў, так і пры рашэнні заданняў, якія складзены ў кантэксце фарміравання культуры эмацыянальнага свету вучня, што з’яўляецца адным з важных складнікаў усведамлення асобаснага сэнсу любога чалавека, — адзначыла настаўніца.

Педагагічны вопыт, прадстаўлены Інесай Паўлаўнай, узнімае актуальную для музычнай адукацыі праблему развіцця эмацыянальна-вобразнай сферы сучасных школьнікаў.

У якасці асноўнага педагагічнага інструмента яна прапанавала і падрабязна раскрыла ўнікальную сістэму навучання “Усе фарбы музыкі”, якая ўключае праграму (змест, структура, метады навучання), восем тэматычных зборнікаў (нотны матэрыял, заданні, слоўнік эмацыянальных тэрмінаў), музычна-дыдактычны комплекс (геральдычныя рэбусы, музычнае лато, міфалагічныя інтэрвалы, інтэрвальная гульня “Знайдзі другую палавінку”, веер каляровых асацыяцый, гульня лінейна-колеравых асацыяцый “Магнітыус”) і базавыя мадэлі эмацыянальна-вобразнага развіцця вучняў на ўроках па класе цымбалаў. Усе кампаненты методыкі распрацаваны на аснове беларускай мастацкай творчасці.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.