У Быхаўскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці прайшла творчая справаздача аб’яднанняў па інтарэсах. Мерапрыемства стала сапраўдным святам для ўсіх, хто сабраўся тут.
Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства віталі вясёлыя Скамарохі, якія прапанавалі здзейсніць захапляльнае падарожжа па “тэрыторыі талентаў”. Знаёмства са светам творчасці пачалося з самага сур’ёзнага і папулярнага сярод хлапчукоў аб’яднання “Мотакарт”. У якім будучыя аўтагоншчыкі не толькі набываюць тэхнічныя веды, уменні, навыкі, але і асвойваюць асновы аўтаспорту. Гэта і было прадэманстравана гледачам тут жа на практычным занятку. Далей дзеянні працягнуліся ў фае цэнтра дзіцячай творчасці, дзе размясціліся выставы і майстар-класы. Сваю творчасць і ўменне прадэманстравалі педагогі і навучэнцы аб’яднанняў “Вясёлкавы бісер”, “Дзіцячы дызайн”, “Малюнак і жывапіс”, “Беларуская саломка”, “Краіна Майстроў”, “Вельмі ўмелыя ручкі”, тут жа быў прадстаўлены метадычны матэрыял аб’яднанняў: “Англійская мова для малых” і “Школа абітурыента”. Цікавасць у прысутных выклікала і аб’яднанне па інтарэсах “Школа більярда”. Навучэнцы, якога прадэманстравалі тэхніку валодання кіем, кіравання шарамі і веды більярднага стала. Затым займальнае падарожжа працягнулася на сцэне. Канцэртную праграму адкрыў ўжо вядомы ў нас і любімы многімі гурт “Фантазёры”, эстафету знаёмства з творчасцю прынялі хлопчыкі і дзяўчынкі аб’яднанняў па інтарэсах “Сольнае і вакальнае спевы”. Навучэнцы дзяліліся з гледачом сваім талентам і атрымлівалі заслужаныя апладысменты. Горача гледачы сустрэлі танцораў аб’яднанняў “Са-фі-Денс” і “White wolves”. Ніхто не застаўся абыякавым да запальных сучасных танцаў “Ру-ру-ру”, “Рух – жыццё”, хіп-хопу “Hay mama”. Пацешыліся творчасцю навучэнцаў і педагога аб’яднання ВІА “Натхненне”.
Гледачы з вялікага экрана даведаліся пра штодзённую крапатлівую працу педагога і навучэнцаў аб’яднання “Вясёлы дэльфін”. Эстафету падхапілі навучэнцы аб’яднання “У гасцях у казкі” – яны вынеслі на суд гледача лялечны спектакль «Церамок на новы лад”. А навучэнцы аб’яднання “Краязнаўства” разыгралі актуальную сёлета сцэнку пра неабходнасць вывучэння гісторыі і традыцый свайго краю. І вось, нарэшце, на сцэну выйшлі выхаванцы самага апетытнага аб’яднання нашага цэнтра, “Гаспадыня”. Менавіта тут ствараюцца і рэалізуюцца самыя цікавыя рэцэпты. Юныя кулінары прапанавалі ўдзельнікам свята салодкія пачастункі, прыгатаваныя сваімі рукамі, і за гэта таксама атрымалі сваю порцыю апладысментаў.
Са словамі падзякі за працу, натхненне і фантазію да педагогаў і навучэнцаў звярнулася дырэктар цэнтра дзіцячай творчасці Святлана Валер’еўна Немцава. Яна выказала падзяку бацькам за цеснае супрацоўніцтва і падтрымку. На цырымоніі ўзнагароджання самым актыўным і творчым навучэнцам былі ўручаны граматы, а бацькам – падзячныя лісты. Усе яшчэ раз пераканаліся, што няма мяжы палёту творчасці і фантазіі, а цяперашні справаздачны канцэрт – таму пацверджанне.
Валянціна ЗАГРЫШАВА,
педагог-арганізатар Быхаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці