Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж рыхтуе кадры па спецыяльнасці “Мехатроніка” (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)”).
Па слядах EuroSkills-2016
Дырэктар каледжа У.І.Македон толькі што вярнуўся з паездкі па краінах Скандынавіі.
— Мы пазнаёміліся з сістэмай адукацыі Літвы, Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі, — расказвае ён. — У многіх установах прафесійнай адукацыі, якія мы наведвалі, вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Мехатроніка” ў розных галінах вытворчасці, у тым ліку як і ў нас, у халадзільнай сферы.
Уладзімір Іванавіч адзначае, што ў многім там такія ж падыходы ў навучанні, як і ў нашай нацыянальнай сістэме адукацыі. Але больш за ўсё ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў прэваліруе модульнае навучанне, да якога мы толькі-толькі падыходзім. У навучанні па мехатроніцы, як у нашай краіне, так і ў іншых, цесна ўзамадзейнічаюць напрамкі па механіцы, электроніцы, IT, што яшчэ раз пацвярджае агульную тэндэнцыю па аб’яднанні сучасных тэхналогій з рабочымі прафесіямі.
Дырэктар каледжа ў складзе нашай дэлегацыі наведаў еўрапейскае спаборніцтва EuroSkills-2016, якое праходзіла ў шведскім Гётэбаргу. Сярод кампетэнцый, па якіх выступалі на конкурсе ўдзельнікі 10 каманд з розных еўрапейскіх краін, была і кампетэнцыя “Мехатроніка”.
Па меркаванні дырэктара, спаборніцтвы такога ўзроўню даюць вялікую матывацыю для навучэнцаў у імкненні ўдасканальваць свае веды і ўменні, дасягаць новых вяршынь, а педагогам, экспертам прадастаўляецца магчымасць параўноўваць падрыхтоўку кадраў у нашай краіне з іншымі краінамі і выпрацоўваць адзіныя крытэрыі ў вызначэнні якасці прафесійнага навучання. На гэты раз каманда з Беларусі не ўдзельнічала ў еўрапейскім спаборніцтве, але з нашай краіны было шмат назіральнікаў з ліку вядучых спецыялістаў у сферы прафесійнай адукацыі, якія здабытую інфармацыю, безумоўна, выкарыстаюць у айчыннай сістэме падрыхтоўкі кадраў.
Назіраючы за конкурсам, Уладзімір Іванавіч ацаніў актыўны ўдзел у ім прадпрыемстваў еўрапейскіх краін, што прыдало конкурсу яшчэ большую маштабнасць. Заказчыкі кадраў паклапаціліся аб забеспячэнні навучальных устаноў — удзельнікаў конкурсу сучасным прамысловым абсталяваннем, інструментамі, абмундзіраваннем, што яшчэ раз пацвердзіла цесную сувязь адукацыі і вытворчасці.
— Нашы прадпрыемствы, на жаль, яшчэ не ўсвядомілі, наколькі важна прагназаваць кадравую палітыку, фарміраваць кадравы патэнцыял, дапамагаць сістэме адукацыі рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры, — заяўляе Уладзімір Іванавіч. — Так, напрыклад, наш каледж уваходзіць у Асацыяцыю прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду, але не ўсе яго прадпрыемствы маюць аднолькавую пазіцыю ў неабходнасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы кадраў. Аднак ёсць і такія, хто з адказнасцю ставіцца да гэтага пытання, вядзе дальнабачную кадравую палітыку і згодна з гэтым дапамагае каледжу ў паляпшэнні вучэбна-матэрыяльнай базы, станаўленні рэсурснага цэнтра. (Да ведама: Асацыяцыя прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду (АПІМХ) існуе ў Беларусі з 2004 года і з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем арганізацый, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, спрыяе ўкараненню ў галіну халадзільнага і кліматычнага абсталявання навукова-тэхнічных распрацовак, свежых ідэй, тэхнічных інавацый, а таксама садзейнічае падрыхтоўцы спецыялістаў і рабочых кадраў для халадзільнай сферы на аснове сучасных тэхналогій.)
Ад машыніста — да мехатроніка
Моцны педагагічны склад, умелае, творчае кіраўніцтва ўстановай з боку У.І.Македона, наладжванне цесных сувязей з сацыяльнымі партнёрамі, калегамі з іншых краін, стаўка на практычнае навучанне — усе гэтыя фактары вывелі каледж на перадавыя пазіцыі ў падрыхтоўцы кадраў, у тым ліку мехатронікаў халадзільнага абсталявання.
Каледж спачатку рыхтаваў машыністаў халадзільных установак, але гэтага аказалася мала. З укараненнем новых тэхналогій у халадзільную галіну ўзнікла неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, якія б маглі забяспечыць эфектыўную работу новага абсталявання. У каледжы разам з заказчыкамі кадраў правялі аналіз падрыхтоўкі спецыялістаў на прадмет адпаведнасці патрэбам прадпрыемстваў халадзільнай галіны. У ходзе дыялогу з работадаўцамі высветлілася, што змест навучання машыністаў халадзільных установак не зусім адпавядае запытам вытворцаў. Па сутнасці, машыніст халадзільных установак — гэта спецыяліст, які працуе з вялікімі стацыянарнымі халадзільнымі ўстаноўкамі, якія выкарыстоўваюцца на буйных прадпрыемствах у асноўным перапрацоўчай прамысловасці. Галоўная задача машыністаў — наглядаць за параметрамі халадзільнай устаноўкі і ў выпадку паломкі прымаць неабходныя дзеянні для таго, каб параметры абсталявання адпавядалі нарматыўным. Пры вывучэнні сітуацыі на патрэбу ў кадрах па мехатроніцы аказалася, што ў нашай краіне вельмі многа невялікіх кампаній, якія займаюцца мантажом, наладжваннем аўтаматыкі і ўвогуле сэрвісным абслугоўваннем халадзільнага абсталявання, якія маюць патрэбу ў кваліфікацыйных кадрах на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Да гэтага часу іх ніхто не рыхтаваў, хаця патрэба ў іх расце з кожным годам, як і расце колькасць холадакамбінатаў і іншых прадпрыемстваў, якія маюць халадзільнае абсталяванне. Атрымлівалася, што машыніста халадзільных установак рыхтавалі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканаліць веды можна было ўжо на вышэйшым узроўні, дзе вялася падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй — інжынераў для халадзільнай галіны, а вось узровень для падрыхтоўкі кадраў сярэдняга звяна ўвогуле адсутнічаў.
Максімальны ўпор на практыкаарыентаванасць
Так у каледжы ўзнікла ідэя ўзяць на сябе такую падрыхтоўку. Для гэтага трэба было распрацаваць кваліфікацыйную характарыстыку, адукацыйны стандарт, неабходную вучэбна-плануючую дакументацыю. У распрацоўцы вучэбнай праграмы для падрыхтоўкі спецыяліста па новай спецыяльнасці “Мехатроніка для халадзільнага абсталявання” дапамагалі РІПА, эксперты Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду з вялікім практычным вопытам і веданнем сучаснага халадзільнага абсталявання, кафедра БНТУ “ЮНЕСКО”, на якой вядзецца выкладанне кірунку нізкатэмпературнай тэхнікі, і непасрэдна яе старшы выкладчык Мікалай Пятровіч Жук, выкладчыкі каледжа. У выніку карпатлівай работы праграма была распрацавана і цалкам адпавядала патрабаванням прадпрыемстваў халадзільнай сферы.
— Паколькі мы прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова, то павінны былі вытрымліваць паўзроўневую адукацыю: ПТА і ССА, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа В.В.Лахавец. — Мы адаптавалі вучэбную праграму для навучання тых навучэнцаў, якія выбралі прафесію машыністаў і якія вучацца на ўзроўні ПТА, і да гэтай прафесіі дадалі аб’ём ведаў, неабходны да атрымання спецыяльнасці “Мехатроніка” на ўзроўні ССА. Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашы выпускнікі паступаюць ва УВА на скарочаную форму навучання. Такім чынам, наш спецыяліст праходзіць тры ступені навучання: прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую.
Як адзначае Вольга Вячаславаўна, у вучэбнай праграме для падрыхтоўкі мехатроніка зроблены максімальны ўпор на практыкаарыентаванасць у памеры 60% практыкі і 40% тэорыі, што адпавядае сучасным запытам. Для засваення аб’ёму ведаў па мехатроніцы тэрмін навучання складае 1 год і 6 месяцаў. Падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці вядзецца з 2014 года. Была сфарміравана адна вучэбная група на бюджэтнай аснове з ліку выпускнікоў гэтага каледжа, якія скончылі ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама іншагародніх, якія прыехалі з Магілёва, Полацка, Іўя, дзе скончылі ўстановы ПТА таго ж профілю.
З 2014 года быў адкрыты рэсурсны цэнтр. У яго аснашчэнні значную падтрымку аказалі Міністэрства адукацыі, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Асацыяцыя прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду.
— Мы стварылі электрамантажную майстэрню за кошт сродкаў горада, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Такая майстэрня нам вельмі патрэбна. Дагэтуль нашым навучэнцам, згодна з заўвагамі заказчыкаў кадраў, вельмі не хапала ведаў па электрыцы. Улічваючы тое, што разам з прафесіяй машыніста халадзільных установак мы даём навучэнцам яшчэ прафесію слесара-электрамантажніка, то адна з вучэбных практык навучэнцаў праходзіць на базе гэтай майстэрні.
Таксама ў склад рэсурснага цэнтра ўваходзяць халадзільная лабараторыя, дзе размяшчаюцца вучэбныя макеты і дзеючая сістэма кандыцыяніравання, кабінеты спецтэхналогіі, кабінеты інфармацыйных тэхналогій з камп’ютарнымі трэнажорамі, кабінеты чарчэння і аховы працы, а таксама кабінет метадычнага забеспячэння. Сваімі сіламі распрацавана сучасная дапаможная літаратура, электронныя сродкі навучання. У каледжы распрацоўваюцца дзеючыя вучэбныя стэнды.
Новы еўрапейскі праект адкрывае перспектывы
Большасць абсталявання набылі за кошт новага праекта ПРААН/ГЭФ, у якім удзельнічаюць асацыяцыя і каледж. Гэта еўрапейскі праект, накіраваны на садзейнічанне вываду з абароту азонаразбуральных рэчываў у краінах з пераходнай эканомікай і разлічаны на падрыхтоўку і перападрыхтоўку рабочых і інжынераў для прадпрыемстваў халадзільнай галіны па новых сучасных тэхналогіях. У рамках гэтага праекта асацыяцыя паставіла каледжу сучаснае абсталяванне: прыстасаванні для работы халадзільшчыка — наборы інструменту, трубагібы, прыборы для пошуку ўцечкі, станцыі для збору холадагенту і інш. Для вучэбнага працэсу пастаўлены мультымедыйны камплект, які ўключае мультымедыйную дошку, праектар і камп’ютар, і ўсё гэта размешчана ў рэсурсным цэнтры. Дзякуючы гэтаму праекту, каледж істотна абнавіў матэрыяльную базу сучасным абсталяваннем. Другі напрамак рэсурснага цэнтра — гэта сумеснае з асацыяцыяй правядзенне практыка-арыентаванага навучання кадраў інжынернага складу прадпрыемстваў на платнай аснове. Сутнасць тыднёвых курсаў навучыць спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна прадпрыемстваў халадзільнай сферы карыстанню абсталяваннем, якое дазваляе ўкараняць азоназберагальныя тэхналогіі. Частка вучэбных заняткаў праходзіць у рэсурсным цэнтры каледжа, а частка — у вучэбным цэнтры Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.
Важна пры ўвядзенні новай спецыяльнасці сфарміраваць кадравы склад педагогаў, якія б маглі рыхтаваць кадры па спецыяльнасці “Мехатроніка”. У каледжы працуе творчы педагагічны калектыў, у складзе якога вопытныя і зусім яшчэ маладыя педагогі. Але ўсе яны аб’яднаны адной мэтай: рыхтаваць высокваліфікаваныя кадры. Маладыя перспектыўныя педагогі вядуць падрыхтоўку па аўтаматызацыі халадзільных установак і выкладаюць электратэхнічныя дысцыпліны. Таццяна Уладзіміраўна Чаеўская, вопытны выкладчык, якая шмат гадоў працуе ў каледжы, дае базавыя веды для будучых машыністаў халадзільных установак і чытае некаторыя дысцыпліны ў мехатронікаў. Педагог са стажам Алена Пятроўна Острыкава вядзе курс тэхнічных дысцыплін на ўзроўнях ПТА і ССА. У гэтым годзе на пасаду загадчыка рэсурснага цэнтра заступіў вопытны работнік, высакакласны спецыяліст А.М.Зяноўчык. Разам з М.П.Жуком ён распрацаваў новы вучэбны стэнд “Дыягностыка няспраўнасцей халадзільнага абсталявання”, які дазваляе мадэляваць іх вялікую колькасць. Па паказаннях прыбораў стэнда навучэнцы могуць знайсці няспраўнасці і вызначыць шляхі іх выкаранення.
У навучанні мехатронікаў прадугледжана правядзенне некалькіх вучэбных практык, якія арганізаваны ў лабараторыях рэсурснага цэнтра, тэхналагічная і пераддыпломная практыкі праходзяць у рэальнай вытворчасці. Прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы прадастаўляюць месцы для практыкі навучэнцам каледжа, многія з якіх застаюцца там працаваць, таму што зарэкамендавалі сябе толькі з лепшага боку. Плануецца, што рэсурсны цэнтр каледжа будзе выкарыстоўвацца для навучання калег з Расійскай Федэрацыі, Казахстана і іншых краін. Кіраўніцтва ўстановы імкнецца пашыраць гарызонты супрацоўніцтва, шукае новыя адрасы для ўзаемадзеяння.
Акрамя тэхнічнага напрамку каледж цесна супрацоўнічае з расійскімі калегамі па кулінарным мастацтве. На нядаўнім 20-м чэмпіянаце Масквы па кулінарным мастацтве сярод юніёраў навучэнец Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа трэцякурснік Аляксандр Герасімовіч заваяваў бронзавую ўзнагароду, якая стала яшчэ адным каштоўным здабыткам у скарбонцы ўстановы. А колькі ўхвальных слоў пачуў пасля перамогі навучэнец каледжа Аляксандр Печкуроў, які заваяваў залаты медаль у кампетэнцыі “Тэхніка халадзільных установак і кандыцыяніравання паветра” на другім Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills-2016! За доўгія гады існавання каледжа яго выхаванцы заваявалі шмат узнагарод на самых розных спаборніцтвах. Але, мяркуючы па ўзятым тэмпе, каледжу наканавана перамагаць.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.