Наканавана перамагаць

Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж рыхтуе кадры па спецыяльнасці “Мехатроніка” (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)”).

Па слядах EuroSkills-2016

Дырэктар каледжа У.І.Македон толькі што вярнуўся з паездкі па краінах Скандынавіі.

— Мы пазнаёміліся з сістэмай адукацыі Літвы, Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі, — расказвае ён. — У многіх установах прафесійнай адукацыі, якія мы наведвалі, вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Мехатроніка” ў розных галінах вытворчасці, у тым ліку як і ў нас, у халадзільнай сферы.

Уладзімір Іванавіч адзначае, што ў многім там такія ж падыходы ў навучанні, як і ў нашай нацыянальнай сістэме адукацыі. Але больш за ўсё ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў прэваліруе модульнае навучанне, да якога мы толькі-толькі падыходзім. У навучанні па мехатроніцы, як у нашай краіне, так і ў іншых, цесна ўзамадзейнічаюць напрамкі па механіцы, электроніцы, IT, што яшчэ раз пацвярджае агульную тэндэнцыю па аб’яднанні сучасных тэхналогій з рабочымі прафесіямі.

Дырэктар каледжа ў складзе нашай дэлегацыі наведаў еўрапейскае спаборніцтва EuroSkills-2016, якое праходзіла ў шведскім Гётэбаргу. Сярод кампетэнцый, па якіх выступалі на конкурсе ўдзельнікі 10 каманд з розных еўрапейскіх краін, была і кампетэнцыя “Мехатроніка”.

Па меркаванні дырэктара, спаборніцтвы такога ўзроўню даюць вялікую матывацыю для навучэнцаў у імкненні ўдасканальваць свае веды і ўменні, дасягаць новых вяршынь, а педагогам, экспертам прадастаўляецца магчымасць параўноўваць падрыхтоўку кадраў у нашай краіне з іншымі краінамі і выпрацоўваць адзіныя крытэрыі ў вызначэнні якасці прафесійнага навучання. На гэты раз каманда з Беларусі не ўдзельнічала ў еўрапейскім спаборніцтве, але з нашай краіны было шмат назіральнікаў з ліку вядучых спецыялістаў у сферы прафесійнай адукацыі, якія здабытую інфармацыю, безумоўна, выкарыстаюць у айчыннай сістэме падрыхтоўкі кадраў.

Назіраючы за конкурсам, Уладзімір Іванавіч ацаніў актыўны ўдзел у ім прадпрыемстваў еўрапейскіх краін, што прыдало конкурсу яшчэ большую маштабнасць. Заказчыкі кадраў паклапаціліся аб забеспячэнні навучальных устаноў — удзель­нікаў конкурсу сучасным прамысловым абсталяваннем, інструментамі, абмундзіраваннем, што яшчэ раз пацвердзіла цесную сувязь адукацыі і вытворчасці.

— Нашы прадпрыемствы, на жаль, яшчэ не ўсвядомілі, наколькі важна прагназаваць кадравую палітыку, фарміраваць кадравы патэнцыял, дапамагаць сістэме адукацыі рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры, — заяўляе Уладзімір Іванавіч. — Так, напрыклад, наш каледж уваходзіць у Асацыяцыю прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду, але не ўсе яго прадпрыемствы маюць аднолькавую пазіцыю ў неабходнасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы кадраў. Аднак ёсць і такія, хто з адказнасцю ставіцца да гэтага пытання, вядзе дальнабачную кадравую палітыку і згодна з гэтым дапамагае каледжу ў паляпшэнні вучэбна-матэрыяльнай базы, станаўленні рэсурснага цэнтра. (Да ведама: Асацыяцыя прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду (АПІМХ) існуе ў Беларусі з 2004 года і з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем арганізацый, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, спрыяе ўкараненню ў галіну халадзільнага і кліматычнага абсталявання навукова-тэхнічных распрацовак, свежых ідэй, тэхнічных інавацый, а таксама садзейнічае падрыхтоўцы спецыялістаў і рабочых кадраў для халадзільнай сферы на аснове сучасных тэхналогій.)

Ад машыніста — да мехатроніка

Моцны педагагічны склад, умелае, творчае кіраўніцтва ўстановай з боку У.І.Македона, наладжванне цесных сувязей з сацыяльнымі партнёрамі, калегамі з іншых краін, стаўка на практычнае навучанне — усе гэтыя фактары вывелі каледж на перадавыя пазіцыі ў падрыхтоўцы кадраў, у тым ліку мехатронікаў халадзільнага абсталявання.

Каледж спачатку рыхтаваў машыністаў халадзільных установак, але гэтага аказалася мала. З укараненнем новых тэхналогій у халадзільную галіну ўзнікла неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, якія б маглі забяспечыць эфектыўную работу новага абсталявання. У каледжы разам з заказчыкамі кадраў правялі аналіз падрыхтоўкі спецыялістаў на прадмет адпаведнасці патрэбам прадпрыемстваў халадзільнай галіны. У ходзе дыялогу з работадаўцамі высветлілася, што змест навучання машыністаў халадзільных установак не зусім адпавядае запытам вытворцаў. Па сутнасці, машыніст халадзільных установак — гэта спецыяліст, які працуе з вялікімі стацыянарнымі халадзільнымі ўстаноўкамі, якія выкарыстоўваюцца на буйных прадпрыемствах у асноўным перапрацоўчай прамысловасці. Галоўная задача машыністаў — наглядаць за параметрамі халадзільнай устаноўкі і ў выпадку паломкі прымаць неабходныя дзеянні для таго, каб параметры абсталявання адпавядалі нарматыўным. Пры вывучэнні сітуацыі на патрэбу ў кадрах па мехатроніцы аказалася, што ў нашай краіне вельмі многа невялікіх кампаній, якія займаюцца мантажом, наладжваннем аўтаматыкі і ўвогуле сэрвісным абслугоўваннем халадзільнага абсталявання, якія маюць патрэбу ў кваліфікацыйных кадрах на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Да гэтага часу іх ніхто не рыхтаваў, хаця патрэба ў іх расце з кожным годам, як і расце колькасць холадакамбінатаў і іншых прадпрыемстваў, якія маюць халадзільнае абсталяванне. Атрымлівалася, што машыніста халадзільных установак рыхтавалі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканаліць веды можна было ўжо на вышэйшым узроўні, дзе вялася падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй — інжынераў для халадзільнай галіны, а вось узровень для падрыхтоўкі кадраў сярэдняга звяна ўвогуле адсутнічаў.

Максімальны ўпор на практыкаарыентаванасць

Так у каледжы ўзнікла ідэя ўзяць на сябе такую падрыхтоўку. Для гэтага трэба было распрацаваць кваліфікацыйную характарыстыку, адукацыйны стандарт, неабходную вучэбна-плануючую дакументацыю. У распрацоўцы вучэбнай праграмы для падрыхтоўкі спецыяліста па новай спецыяльнасці “Мехатроніка для халадзільнага абсталявання” дапамагалі РІПА, эксперты Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду з вялікім практычным вопытам і веданнем сучаснага халадзільнага абсталявання, кафедра БНТУ ЮНЕСКО, на якой вядзецца выкладанне кірунку нізкатэмпературнай тэхнікі, і непасрэдна яе старшы выкладчык Мікалай Пятровіч Жук, выкладчыкі каледжа. У выніку карпатлівай работы праграма была распрацавана і цалкам адпавядала патрабаванням прадпрыемстваў халадзільнай сферы.

— Паколькі мы прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова, то павінны былі вытрымліваць паўзроўневую адукацыю: ПТА і ССА, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа В.В.Лахавец. — Мы адаптавалі вучэбную праграму для навучання тых навучэнцаў, якія выбралі прафесію машыністаў і якія вучацца на ўзроўні ПТА, і да гэтай прафесіі дадалі аб’ём ведаў, неабходны да атрымання спецыяльнасці “Мехатроніка” на ўзроўні ССА. Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашы выпускнікі пасту­паюць ва УВА на скарочаную форму навучання. Такім чынам, наш спецыяліст праходзіць тры ступені навучання: прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую.

Як адзначае Вольга Вячаславаўна, у вучэбнай праграме для падрыхтоўкі мехатроніка зроблены максімальны ўпор на практыкаарыентаванасць у памеры 60% практыкі і 40% тэорыі, што адпавядае сучасным запытам. Для засваення аб’ёму ведаў па мехатроніцы тэрмін навучання складае 1 год і 6 месяцаў. Падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці вя­дзецца з 2014 года. Была сфарміравана адна вучэбная група на бюджэтнай аснове з ліку выпускнікоў гэтага каледжа, якія скончылі ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама іншагародніх, якія прыехалі з Магілёва, Полацка, Іўя, дзе скончылі ўстановы ПТА таго ж профілю.

З 2014 года быў адкрыты рэсурсны цэнтр. У яго аснашчэнні значную падтрымку аказалі Міністэрства адукацыі, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Асацыяцыя прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду.

— Мы стварылі электрамантажную майстэрню за кошт сродкаў горада, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Такая майстэрня нам вельмі патрэбна. Дагэтуль нашым навучэнцам, згодна з заўвагамі заказчыкаў кадраў, вельмі не хапала ведаў па электрыцы. Улічваючы тое, што разам з прафесіяй машыніста халадзільных установак мы даём навучэнцам яшчэ прафесію слесара-электрамантажніка, то адна з вучэбных практык навучэнцаў праходзіць на базе гэтай майстэрні.

Таксама ў склад рэсурснага цэнтра ўваходзяць хала­дзільная лабараторыя, дзе размяшчаюцца вучэбныя макеты і дзеючая сістэма кандыцыяніравання, кабінеты спецтэхналогіі, кабінеты інфармацыйных тэхналогій з камп’ютарнымі трэнажорамі,  кабінеты чарчэння і аховы працы, а таксама кабінет метадычнага забеспячэння. Сваімі сіламі распрацавана сучасная дапаможная літаратура, электронныя сродкі навучання. У каледжы распрацоўваюцца дзеючыя вучэбныя стэнды.

Новы еўрапейскі праект адкрывае перспектывы

Большасць абсталявання набылі за кошт новага праекта ПРААН/ГЭФ, у якім удзельнічаюць асацыяцыя і каледж. Гэта еўрапейскі праект, накіраваны на садзейнічанне вываду з абароту азонаразбуральных рэчываў у краінах з пераходнай эканомікай і разлічаны на падрыхтоўку і перападрыхтоўку рабочых і інжынераў для прадпрыемстваў халадзільнай галіны па новых сучасных тэхналогіях. У рамках гэтага праекта асацыяцыя паставіла каледжу сучаснае абсталяванне: прыстасаванні для работы халадзільшчыка — наборы інструменту, трубагібы, прыборы для пошуку ўцечкі, станцыі для збору холадагенту і інш. Для вучэбнага працэсу пастаўлены мультымедыйны камплект, які ўключае мультымедыйную дошку, праектар і камп’ютар, і ўсё гэта размешчана ў рэсурсным цэнтры. Дзякуючы гэтаму праекту, каледж істотна абнавіў матэрыяльную базу сучасным абсталяваннем. Другі напрамак рэсурснага цэнтра — гэта сумеснае з асацыяцыяй правядзенне практыка-арыентаванага навучання кадраў інжынернага складу прадпрыемстваў на платнай аснове. Сутнасць тыднёвых курсаў навучыць спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна прадпрыемстваў халадзільнай сферы карыстанню абсталяваннем, якое дазваляе ўкараняць азоназберагальныя тэхналогіі. Частка вучэбных заняткаў праходзіць у рэсурсным цэнтры каледжа, а частка — у вучэбным цэнтры Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

Важна пры ўвядзенні новай спецыяльнасці сфарміра­ваць кадравы склад педагогаў, якія б маглі рыхтаваць кадры па спецыяльнасці Мехатроніка. У каледжы працуе творчы педагагічны калектыў, у складзе якога вопытныя і зусім яшчэ маладыя педагогі. Але ўсе яны аб’яднаны адной мэтай: рыхтаваць высокваліфікаваныя кадры. Маладыя перспектыўныя педагогі вядуць падрыхтоўку па аўтаматызацыі халадзільных установак і выкладаюць электратэхнічныя дысцыпліны. Таццяна Уладзіміраўна Чаеўская, вопытны выкладчык, якая шмат гадоў працуе ў каледжы, дае базавыя веды для будучых машыністаў халадзільных установак і чытае некаторыя дысцыпліны ў мехатронікаў. Педагог са стажам Алена Пятроўна Острыкава вядзе курс тэхнічных дысцыплін на ўзроўнях ПТА і ССА. У гэтым годзе на пасаду загадчыка рэсурснага цэнтра заступіў вопытны работнік, высакакласны спецыяліст А.М.Зяноўчык. Разам з М.П.Жуком ён распрацаваў новы вучэбны стэнд Дыягностыка няспраўнасцей хала­дзільнага абсталявання, які дазваляе мадэляваць іх вялікую коль­касць. Па паказаннях прыбораў стэнда навучэнцы мо­гуць знайсці няспраўнасці і вызначыць шляхі іх выкаранення.

У навучанні мехатронікаў прадугледжана правядзенне некалькіх вучэбных практык, якія арганізаваны ў лабараторыях рэсурснага цэнтра, тэхналагічная і пераддыпломная практыкі праходзяць у рэальнай вытворчасці. Прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы прадастаўляюць месцы для практыкі навучэнцам каледжа, многія з якіх застаюцца там працаваць, таму што зарэкамендавалі сябе толькі з лепшага боку. Плануецца, што рэсурсны цэнтр каледжа будзе выкарыстоўвацца для навучання калег з Расійскай Федэрацыі, Казахстана і іншых краін. Кіраўніцтва ўстановы імкнецца пашыраць гарызонты супрацоўніцтва, шукае новыя адрасы для ўзаемадзеяння.

Акрамя тэхнічнага напрамку каледж цесна супрацоўнічае з расійскімі калегамі па кулінарным мастацтве. На нядаўнім 20-м чэмпіянаце Масквы па кулінарным мастацтве сярод юніёраў навучэнец Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа трэцякурснік Аляксандр Герасімовіч заваяваў бронзавую ўзнагароду, якая стала яшчэ адным каштоўным здабыткам у скарбонцы ўстановы. А колькі ўхвальных слоў пачуў пасля перамогі навучэнец каледжа Аляксандр Печкуроў, які заваяваў залаты медаль у кампетэнцыі “Тэхніка халадзільных установак і кандыцыяніравання паветра” на другім Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills-2016! За доўгія гады існавання каледжа яго выхаванцы заваявалі шмат узнагарод на самых розных спаборніцтвах. Але, мяркуючы па ўзятым тэмпе, каледжу наканавана перамагаць.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.