Магістратура: уклад ва ўласную адукацыю

- 14:22Нам пішуць

27 студзеня ў прыватнай установе адукацыі “БІП — Інстытут правазнаўства” адбыўся другі выпуск магістрантаў. Гэтая знамянальная падзея адбылася напярэдадні Дня беларускай навукі і сімвалічна супала з Годам навукі. Дыпломы і званне магістра атрымалі 48 чалавек. Сярод іх — 41 магістр юрыдычных навук і 7 магістраў эканамічных навук.

— Я шчыра спадзяюся, што ўсе тыя веды, што вы набылі ў сценах інстытута, пойдуць вам на карысць і дапамогуць канчаткова вызначыць кірунак прафесійнага развіцця, — прывітаў выпускнікоў-магістрантаў рэктар “БІП — Інстытут правазнаўства” Сяргей Іванавіч Раманюк. — Перад вамі шмат магчымасцей. Гэта можа быць акадэмічная кар’ера, сфера рэальных міжнародных адносін, дзяржаўнага кіравання, міжнароднага бізнесу. Мы заўсёды будзем рады бачыць вас у якасці даследчыкаў, выкладчыкаў, партнёраў або проста сяброў.

Падрыхтоўка на другой ступені вышэйшай адукацыі пачалася ў Беларускім інстытуце правазнаўства з 2014 года. БІП рыхтуе магістрантаў па спецыяльнасцях “Юрыспрудэнцыя” і “Эканоміка і арганізацыя народнай гаспадаркі”. Абодва кірункі арыентаваны на навукова-даследчую і навукова-педагагічную дзейнасць. У мінулым годзе адбыўся першы выпуск магістрантаў, падчас якога дыпломы былі ўручаны 42 выпускнікам. Колькасць спецыялістаў, якія атрымалі ў БІП пачатковую навуковую ступень, расце з году ў год.

Кантынгент магістрантаў у асноўным складаюць выпускнікі навучальнай установы. Але ў апошні год павялічылася колькасць выпускнікоў іншых УВА, якія паступаюць у магістратуру БІП Беларусі: ВДУ, Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь, ПГУ, Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, БДЭУ і інш. Сярод магістрантаў таксама вучацца і супрацоўнікі БІП.

— БІП — гэта сапраўдная сям’я. І цяперашнія выпускнікі, я спадзяюся, будуць падтрымліваць тыя традыцыі і той карпаратыўны дух, які стварылі некалькі папярэдніх пакаленняў, — лічыць заснавальнік інстытута, доктар юрыдычных навук, прафесар Сцяпан Фёдаравіч Сокал.

Гісторыя выпускніцы спецыяльнасці “Юрыспрудэнцыя” Алесі Лысухі і яе мужа — магістра юрыдычных навук Дзмітрыя Лакудаса — добрае пацвярджэнне словам заснавальніка інстытута:

— Спачатку я скончыла БІП, потым прывяла сюды мужа, які пасля прывёў нас абодвух у магістратуру. Спадзяюся, што гэтая кругавая парука не скончыцца і мы вернемся ў аспірантуру. Пастаянны ўклад ва ўласную адукацыю вельмі важны. Ён пашырае кругагляд, дапамагае лягчэй глядзець на ўсе цяжкасці жыцця. У магістратуру ты ідзеш усвядомлена. Ад гэтага кожны экзамен і ўрэшце заключная дысертацыя становяцца дасягненнем, а не абавязкам. За такі невялікі тэрмін — 1,5 года — мы выйшлі на зусім новы прафесійны ўзровень. Напрыклад, я, валодаючы да магістратуры французскай мовай, дзякуючы бліскучым выкладчыкам пачала выдатна размаўляць на юрыдычнай англійскай. Мы з мужам падумваем над тым, каб і самім прыйсці на родную кафедру ў якасці выкладчыкаў.

48 дыпломаў магістраў — гэта вынік сумеснай работы магістрантаў з высокакваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім складам інстытута. Навукова-даследчай работай магістрантаў пры напісанні дысертацый кіруюць 6 дактароў навук, 29 кандыдатаў навук, 2 заслужаныя юрысты Рэспублікі Беларусь. Прарэктар па навуковай рабоце Надзея Мікалаеўна Ганушчанка, гаворачы пры даследчую дзейнасць сваіх выпускнікоў, трапна заўважыла: “У многіх сённяшніх выпускнікоў магістратуры выдатныя пачыннанні ў навукова-даследчай сферы. Мы гатовы працягваць сумесную дзейнасць і чакаем навукоўцаў у аспірантуру”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.