Нездарма назва горада Маладзечна сугучная са словамі “моладзь” і “маладосць”. Другі год запар горад становіцца маладзёжнай сталіцай Мінскай вобласці. Два гады назад менавіта тут грандыёзным прыгожым дзействам завяршыўся Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі-2015”, які аб’яднаў навучэнцаў сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. І менавіта ў Маладзечне сёлета быў дадзены старт абласному этапу фестывалю 2017 года.
Рыхтавацца да сёлетняга фестывалю ўстановы адукацыі пачалі, па сутнасці, адразу ж пасля заканчэння папярэдняга: выношвалі ідэі, пісалі сцэнарыі, шукалі новы матэрыял, адточвалі майстэрства на рэпетыцыях. У лютым на Міншчыне распачаліся занальныя спаборніцтвы, якія прайшлі ў Дзяржынску, Нясвіжы, Слуцку, Маладзечне, Барысаве, Мар’інай Горцы. Там і былі вызначаны лепшыя калектывы вобласці, якія і сталі ўдзельнікамі заключных мерапрыемстваў абласнога этапу фестывалю ў Маладзечне.
У Палацы культуры Маладзечна сабралася больш за паўтысячы маладых людзей, аб’яднаных дэвізам “Творчасць і моладзь — гісторыя будучыні”. Сустракалі гасцей фестывалю 20 інтэрактыўных пляцовах, дзе можна было пазнаёміцца з захапленнямі, дасягненнямі навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама з лепшымі работамі конкурсу лічбавай творчасці “АРТ-партал”, конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў “Крэон”, работамі з інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя”. Тут, напрыклад, была прадстаўлена распрацоўка Вольгі Раманаўны Дамацкай, педагога-арганізатара Капыльскага дзяржаўнага каледжа, — святочная праграма, прысвечаная Дню настаўніка, што праводзіцца ў форме тэлешоу. Цікавы праект прэзентаваў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага — тэатралізаванае прадстаўленне “Маладзёжны шляхецкі баль”.
На інтэрактыўных пляцоўках танцавалі, спявалі, дэкламавалі вершы, гулялі і вучыліся. Наведвальнікі пляцовак убачылі выступленне агітбрыгады Слуцкага дзяржаўнага каледжа, далучыліся да танцавальных нумароў Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага ліцэя і флэш-мобу, які прапанавалі навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Хлопцы і дзяўчаты з Капыльскага дзяржаўнага каледжа запрасілі наведаць 3D-прастору і арганізавалі заняткі па цімбілдынгу. Маладзечанскі дзяржаўны каледж ладзіў моднае дэфіле, а Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа прапанаваў паўдзельнічаць у электроннай гульні-віктарыне “Коласазнаўцы”. Тут жа можна было атрымаць новыя навыкі на шматлікіх майстар-класах: па бодзі-арце, карвінгу, дэкупажы, цырульніцкім мастацтве. Навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа запрашалі павучыцца ствараць шыкоўныя ўпрыгожванні са скуры, а хлопцы і дзяўчаты з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа прапанавалі паспрабаваць сябе ў акварэльным жывапісе шэрсцю. І ледзьве не кожны прысутны зрабіў сэлфі ў спецыяльна падрыхтаванай фотазоне.
Працягам мерапрыемства стала канцэртная праграма, якая складалася з 26 творчых нумароў. Удзельнікі праявілі высокі ўзровень сцэнічнай культуры і артыстызму, граматна падабралі матэрыял для выступленняў. Адпавядаючы дэвізу сёлетніх “АРТ-вакацый”, маладыя людзі прадэманстравалі, што гатовы сваёй творчасцю і маладзёжным запалам ствараць гісторыю будучыні. А грунтавацца будучыня будзе перш-наперш на традыцыях, якія беражліва захоўваюцца і шануюцца, гісторыі, культуры народа. У канцэртную праграму гарманічна ўпляталіся народныя песні, танцы, музыка, творы беларускіх аўтараў. Музычна-харэаграфічную замалёўку прапанаваў танцавальны калектыў “Талака”, песню “Як ты” праспявала Вікторыя Шумейка, салістка вакальнай групы “Натхненне”, энергічную мініяцюру “Рассыпуха” зайгралі “Нясвіжскія лыжкары”. Усе гэтыя калектывы дзейнічаюць у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Цікавае прачытанне народнай творчасці прадэманстравалі ў харэаграфічным нумары хлопцы і дзяўчаты са Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа.
Горача сустракалі гледачы нумары сучасных кірункаў мастацтва: бітбокс у выкананні Латхана Султанава, навучэнца Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, і хіп-хоп Паўла Бажко, навучэнца гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Упадабалі яны і акрабатычны эцюд “Танец агню”, падрыхтаваны Сяргеем і Мікалаем Клімковічамі, якія вучацца ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Навучэнцам Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Настассі Змітровіч і Андрэю Кавалёву, якія выконвалі песню “Простыя словы”, падпявала ўся зала — іх выступленне нікога не пакінула абыякавым. Пад гукі фінальнай песні “Музыка маіх перамог” на сцэну выйшлі танцоры, вакалісты, мажарэткі, акрабаты, выкаціліся ролеры і выскачылі паркуршчыкі — масавы нумар стаў яркай кропкай канцэрта.
Гледачы далі сваю высокую ацэнку выступленням калектываў гучнымі апладысментамі. Станоўча ацанілі канцэртную праграму і члены журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яны адзначылі, што сёлета абласны этап фестывалю на Міншчыне рыхтавала цалкам новая каманда арганізатараў — супрацоўнікі цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога ІРА. Каманда спрацавала зладжана, плённа, на высокім узроўні.
— Мы толькі ў пачатку творчага марафону “АРТ-вакацый”, але мы ўражаны, — дзеліцца думкамі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч, член журы, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ. — Прыемна здзівіла, што новыя намінацыі, якія сёлета з’явіліся ў палажэнні аб фестывалі, былі якасна рэалізаваны на Міншчыне. І асабліва радасна, што сёння на сцэне, на інтэрактыўных пляцоўках мы бачылі тых хлопцаў і дзяўчат, якія ў мінулым годзе былі гледачамі і наведвальнікамі мерапрыемстваў фестывалю, а потым сталі навучэнцамі ўстаноў адукацыі, прадстаўленых раней на “АРТ-вакацыях”. Фестываль — гэта не толькі пляцоўка для пошуку і рэалізацыі талентаў, але і сродак прафарыентацыі, папулярызацыі рабочых прафесій.
Фестываль “АРТ-вакацыі” стаў месцам сустрэчы і абмену думкамі, прасторай, дзе праяўляюцца таленты і нараджаюцца новыя ідэі, пляцоўкай, дзе маладыя людзі энергіяй творчасці будуюць будучыню. “АРТ-вакацыі” працягваюць сваё падарожжа па краіне, каб дарыць людзям радасць, творчасць і прыгажосць.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.