На конкурсе хочацца бачыць сучаснага настаўніка

- 10:46Суразмоўца

Для рэктара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка А.І. Жука конкурс “Настаўнік года” значны тым, што Аляксандр Іванавіч мае непасрэднае дачыненне да яго адраджэння ў 1995 годзе. Тады, з’яўляючыся рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, А.І.Жук быў старшынёй арганізацыйнага камітэта. Менавіта ў той час конкурс атрымаў статус нацыянальнага і стаў такім маштабным (уключаючы розныя этапы: ад школьнага і да рэспубліканскага). Тады ж было прынята рашэнне, што на апошнім этапе конкурсу будзе аналізавацца прафесійная дзейнасць настаўніка. Другі раз запар Аляксандр Жук з’яўляецца старшынёй журы суперфіналу. Сёння ў нашай перадконкурснай размове ён расказвае пра абноўлены склад журы і адметнасці заключнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў.

— Аляксандр Іванавіч, конкурс “Настаўнік года — 2017” вызначаецца большай колькасцю ўдзельнікаў і намінацый. Раскажыце, калі ласка, пра змены.

— У гэтым конкурсе большая колькасць удзельнікаў з-за павелічэння намінацый. Мінулы раз было 7 намінацый, а ў гэтым годзе іх стала 8. Ад кожнай вобласці і сталіцы прадстаўлена па 8 чалавек. Павелічэнне колькасці намінацый звязана з тым, што былі дыферэнцыраваны прадметы, якія слаба спалучаліся. У выніку мы атрымалі дакладна размежаваныя намінацыі, якія аб’ядноўваюць блізкія дысцыпліны.

На мінулым конкурсе была намінацыя “Гісторыя, геаграфія, хімія, біялогія”, якую мы раздзялілі. Усе астатнія намінацыі засталіся нязменнымі. Зараз гэты пералік выглядае наступным чынам: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Гэтымі намінацыямі ахоплены настаўнікі ўсіх школьных прадметаў.

— Змены ў намінацыях і колькасці канкурсантаў паўплывалі на змены ў складзе журы?

— Змены тычацца складу журы суперфіналу. Сёлета склад пашырыўся — у яго ўвайшлі старшыні прадметных журы. Акрамя таго, суперфінал будуць судзіць таксама прадстаўнікі надпрадметнага журы — вядомыя навукоўцы, пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” мінулых гадоў. Напрыклад, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна пераможца конкурсу 2014 года Віктар Жук, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Маім намеснікам у журы з’яўляецца намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі пераможца конкурсу 1997 года Валянціна Гінчук, якая, дарэчы, першай атрымала ключы ад аўтамабіля з рук прэзідэнта нашай краіны.

— Фінальныя конкурсныя мерапрыемствы засталіся нязменнымі, хоць і маюць свае асаблівасці.

— Рэспубліканскі этап з’яўляецца вельмі важным, бо тут педагог найперш правяраецца як прафесіянал, які дасканала ведае свой прадмет. У сувязі з гэтым чацвёрты этап уключае псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне, якія дапамагаюць выявіць агульную эрудыцыю канкурсанта, яго веды па педагогіцы і псіхалогіі, прадметныя кампетэнцыі (метадычныя, дыдактычныя; уменні працаваць з класам, у тым ліку з незнаёмым). Падчас конкурсных урокаў фіналісты прадэманструюць усе свае лепшыя педагагічныя якасці.

Акрамя таго, яны правядуць майстар-класы, якія будуць праходзіць ва ўніверсітэтах, для студэнтаў або сваіх калег. Дарэчы, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пройдзе большасць такіх майстар-класаў. Мы рыхтуем аўдыторыі, патрэбнае абсталяванне. І для нас вельмі важна, што ўдзельнікамі майстар-класаў стануць студэнты — будучыя настаўнікі. У выніку ўсе конкурсныя мерапрыемствы дазволяць нам убачыць кожнага канкурсанта з усіх бакоў, ацаніць яго прафесійна-прадметныя і асобасныя якасці.

— Вы старшыня журы суперфіналу. Якія педагагічныя крытэрыі і якасці будуць брацца пад увагу ў першую чаргу?

— Гэта асаблівы этап конкурсу, яго кульмінацыя. Барацьба перанясецца на сцэну і будзе весціся паміж пераможцамі ў кожнай намінацыі. Гэта таксама комплексны конкурсны этап, які ўключае міні-ўрок (заняткі), прэс-канферэнцыю, калі канкурсанты будуць адказваць на пытанні журы і дэманстраваць уменне хутка арыентавацца і праяўляць сваю эрудыцыю, агульнапедагагічны погляд на праблемныя моманты, звязаныя з навучаннем ці выхаваннем. Тут жа будзе і публічнае выступленне на тэму “Настаўнік (выхавальнік): учора, сёння, заўтра”. Суперфіналісты прадставяць генезіс (развіццё) педагога з акцэнтам на педагогу заўтрашнім. Такое бачанне для настаўніка-прафесіянала важнае, бо ён павінен пастаянна займацца самаадукацыяй, бачыць праблемныя моманты ў сваёй рабоце і шляхі прафесійнага ўдасканалення.

Сёння дзеці ў школах іншыя. Свой уплыў аказвае інтэрнэт і наша дынамічнае жыццё, таму педагог павінен быць сугучным з часам, выкарыстоўваць інавацыйныя падыходы не толькі ў адносінах да выкладання свайго прадмета, але і да выхавання. Двуадзіная місія настаўніка — даваць веды і кампетэнцыі, выхоўваць асобу. Прэзідэнт Беларусі на Рэспубліканскім педагагічным савеце падкрэсліў, што педагог павінен быць там, дзе дзеці. А дзеці нашы ў сацыяльных сетках. Настаўнік павінен выкарыстоўваць магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій, каб падаць вучэбную інфармацыю ў зразумелай для вучняў форме і ў той жа час з развіццёвым і выхаваўчым аспектам. У гэтым майстэрства сучаснага педагога. На конкурсе хочацца бачыць менавіта сучаснага настаўніка.

— Разам з тым вызначыць лепшага настаўніка — задача няпростая, бо дайсці да фіналу — гэта ўжо перамога.

— Сапраўды. У фінале і суперфінале ўдзельнічаюць лепшыя педагогі краіны. Але конкурс — гэта прафесійныя спаборніцтвы высокага ўзроўню. У нас, у адрозненне ад Расіі, такі конкурс праводзіцца не кожны год, а раз на тры гады. Паўза павінна быць найперш для таго, каб пераасэнсаваць конкурс і падрыхтавацца да наступнага. Акрамя таго, усе этапы спаборніцтва праводзяцца на працягу года (школьны, раённы, абласны, рэспубліканскі), што таксама забірае час, таму перапынак жыццёва неабходны.

— Так, тым больш што канкурсанты падчас удзелу ў конкурсе і падрыхтоўкі да яго практычна выпадаюць з вучэбнага працэсу.

— Удзел у конкурсе патрабуе пэўнай адцягненасці, але гэта конкурс для сапраўдных майстроў, прафесіяналаў сваёй справы, якія дасягнулі такога ўзроўню, калі прафесійная дзейнасць для іх з’яўляецца добравядомай справай.

— Сярод канкурсантаў ёсць зусім маладыя настаўнікі, са стажам 3 гады. Ці можна іх лічыць прафесіяналамі?

— Выдатна, што ёсць маладыя. У 2014 годзе пераможцам стаў таксама малады настаўнік. Тады многія такую перамогу палічылі спрэчнай. Незадаволенасць была абумоўлена традыцыйнымі падыходамі ў ацэнцы педагагічнага прафесіяналізму: маўляў, малады не можа быць высокапрафесійным. Але Віктар Жук быў прызнаны лепшым па выніках аднадушнага меркавання прафесійнага дарослага і дзіцячага журы. У грамадскай свядомасці існуе ідэал педагога: добры настаўнік — гэта найперш настаўнік з вялікім стажам. Але добрым настаўнікам можна стаць і за кароткі прамежак часу, а далей працягваць шліфаваць сваё майстэрства.

Акрамя таго, конкурс — гэта заўсёды спаборніцтвы. Чаму перамог Віктар Жук? Так, ён па ўзросце малады, але як асоба — ужо з багажом вопыту і ведаў. Вы ведаеце пра яго шлях у педагогіку. Пасля 9 класа ён пайшоў вучыцца ў будаўнічае вучылішча. Скончыўшы яго, працаваў на будоўлі, потым служыў у арміі, а ўжо пасля прыйшоў у школу. Гэты малады чалавек мае цвёрды жыццёвы стрыжань. Віктар Жук на працягу ўсяго часу, а гэта каля 10 гадоў, займаўся навуковымі даследаваннямі як гісторык. Калі я спытаў у яго, як ён стаў настаўнікам, то ў адказ пачуў: “Пасля першага праведзенага ўрока зразумеў, што гэта маё”.

Віктар Эдуардавіч мае бліскую прадметную падрыхтоўку, бо гісторыяй захапляецца са школьных гадоў. Ён сучасны настаўнік, які на “ты” з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. На суперфінале падчас міні-ўрока ён выдатна прадэманстраваў свае ўменні, проста бліскуча раскрыў тэму “Роля асобы ў гісторыі”. Гэта было павучальна, патрыятычна і прыгожа, з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Яго перамога невыпадковая.

Дзякуючы конкурсу, на нашым педагагічным небасхіле могуць загарацца такія зоркі. Настаўнікі ад Бога, якія сфарміраваліся хутчэй, чым прынята лічыць. Дарэчы, калі прэзідэнт даведаўся, што перамог малады настаўнік, то падтрымаў нас. І менавіта тады ўзнікла ідэя скараціць тэрмін для атрымання катэгорыі, што, безумоўна, дазваляе хутчэй зарабіць больш высокую заработную плату.

— Такі крок можа стаць стымулам для тых педагогаў, якія прыкрываюцца стажам і не хочуць развівацца?

— Абсалютна правільна. Гадоў 10 назад колькасць настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй была значна ніжэйшай, чым цяпер. У апошнія гады тэмпы атрымання больш высокай катэгорыі ўзраслі. У першую чаргу гэта звязана з павелічэннем дыферэнцыяцыі паміж катэгорыямі і адпаведнымі даплатамі. Але сёння, калі мы вяртаемся да профільнай адукацыі, узнікаюць праблемы з пошукам настаўніка, які гатовы выкладаць прадмет на павышаным узроўні. І гэта нягледзячы на павелічэнне колькасці педагогаў з вышэйшай катэгорыяй.

— Аляксандр Іванавіч, можна сцвярджаць, што вынікі мінулага конкурсу “Настаўнік года” дапамаглі памяняць яго ідэалогію? Сярод удзельнікаў гэтага года дастатковая колькасць маладых настаўнікаў.

— Так. Маладыя паверылі, што могуць перамагчы. Гэта быў феномен, які пацягнуў за сабой шмат размоў і абмеркаванняў. Але члены журы прынялі правільнае рашэнне. Наша задача — выбраць лепшага педагога. Узнагароды і граматы, якія былі заваяваны раней, ніякага ўплыву на вынік конкурсу аказваць не могуць. Мы бачым педагога тут і цяпер і ацэньваем яго, як гаворыцца, анлайн. Падкрэсліваю: пераможца выбіраецца сярод самых лепшых, якія паспяхова прайшлі ўсе папярэднія этапы. У конкурсе перамагае наймацнейшы. Сёлетні конкурс таксама выявіць самага лепшага. Усім поспехаў!

— Як гавораць, ні пуху, ні пер’я! Дзякуй, Аляксандр Іванавіч, за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.