Групы прадоўжанага дня ў навучальных установах прызваны забяспечыць адзінства ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці вучняў. Зыходзячы з гэтага я стараюся не толькі заняць дзяцей гульнёй, запоўніць іх вольны час, але так арганізаваць дзейнасць, каб яна была цікавая для дзяцей, садзейнічала іх інтэлектуальнаму, фізічнаму і працоўнаму развіццю, абагачала іх эмацыянальна.
Планаванне выхаваўчай работы я склала ў адпаведнасці з гадавым планам работы нашай навучальнай установы. Ужо прайшлі тэматычныя тыдні “Сям’я і сямейная эканоміка”, “Бяспека дарожнага руху”, “Тыдзень беражлівых”, “Для любімай мамачкі”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Залатая восень” і іншыя. Апошні тыдзень “Праца на карысць сабе і людзям” прайшоў напярэдадні свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Плануючы яго, я імкнулася абагаціць дзяцей практычнымі навыкамі, якія мелі б грамадскае значэнне. Мы не толькі праводзілі гутаркі і конкурсы майстэрства, працоўныя дэсанты на ўчастку, выраблялі падарункі сваім родным, замацоўвалі працоўныя навыкі ў працэсе самаабслугоўвання і дзяжурства, але і здзейснілі экскурсію да Дошкі гонару нашага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Зара і К”.
Прыемна, што на стэндзе дзеці пазналі сваіх сваякоў і суседзяў, якія сваёй працай праслаўляюць наш край. Яшчэ больш яны здзівіліся, калі на другім стэндзе “Бацькам пра школу” ўбачылі фота лепшых вучняў школы. Потым мы агледзелі сельскагаспадарчую тэхніку на мехдвары, а механізатар Іосіф Мурончык расказаў і паказаў, як рамантуюць тэхніку да новага сезона. У асаблівым захапленні былі хлопчыкі, бо ўпершыню так блізка ўбачылі тэхніку, ацанілі яе магутнасць і важнасць для вёскі. У класе дзеці яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі ад экскурсіі, малявалі тэхніку і “рамантавалі” яе. Спадзяюся, што такія сумесныя справы дапамогуць у працоўным выхаванні нашых дзяцей.
Яніна ВІТУС,
выхавальнік Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.