Аздараўленчаму летніку “Вясёлка” Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўжо шмат гадоў не патрэбна рэклама, таму што да гэтых 18 летніх дзён калектыў рыхтуецца ўвесь год. Так было і на гэты раз.
“Вясёлка” вядомая і запатрабаваная: згадзіцеся, не ў кожны летнік запісваюцца ўжо зімой і стаіць чарга ў рэзерв. У гэтым годзе яго зрабілі профільным атрадам летніка “Ластаўка”. Тут сабралася 70% “вясёлкаўцаў” — дзяцей з мінулагодняга складу.
— Гэты паказчык да многага абавязваў, — гаворыць намеснік дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Куцько. — Па-першае, мы павінны былі апраўдаць спадзяванні дзяцей, а па-другое, трэба было прыдумаць, чым іх здзівіць: некаторыя 5 гадоў запар да нас ездзяць.
ПРА ІДЭЮ
Паколькі “Вясёлка” збірае самых актыўных, ініцыятыўных і творчых дзяцей-лідараў, то адна з яе задач — навучыць выхаванцаў весці за сабой іншых. У гэтым годзе дзецям раскрылі сакрэты вядзення паспяховага бізнесу — выхавальнікі вучылі іх зладжанай каманднай рабоце, а індывідуальныя прадпрымальнікі, супрацоўнікі банкаўскай сферы і дзяржаўных арганізацый давалі майстар-класы.
— Мы жывём у мабільны час, хуткі прагрэс патрабуе не менш хуткага развіцця эканомікі — простае стварэнне, нават калі гэта добрыя рэчы, не дапаможа стаць паспяховым. Акрамя таго, трэба ўмець паказаць сябе, разрэкламаваць сваю справу, аб’яднаць аднадумцаў — гэтаму мы вучылі нашых выхаванцаў, — расказала пра ідэю змены Маргарыта Качан, выхавальніца “Вясёлкі”. — У нашым атрадзе працавала школа сваёй справы “Паспяховы я — паспяховая краіна”.
Па легендзе дзеці павінны былі стварыць кампанію па вырабе беларускіх сувеніраў. Па выніках тэстаў прафесійных проб выхаванцаў размеркавалі па аддзелах: эканамічны, рэкламны, вытворчы, продажаў — адміністраванне выхавальнікі пакінулі сабе (калі ўжо ўзяліся гуляць, то ўсе разам — інакш дзеці не павераць).
Акрамя ўрокаў па аратарскім майстэрстве, мастацтве, фотаздымку, камп’ютарным дызайне, псіхалогіі, рэкламе, дзеці спазнавалі рэаліі жыцця з майстрамі сваёй справы. Яны прысутнічалі на дзелавых сустрэчах з індывідуальным прадпрымальнікам Б.Цітком, які вядзе сямейны рэстаранна-забаўляльны бізнес, бралі ўрокі ў прадстаўнікоў ДЛГУ “Астравецкі лясгас” — рабілі домік паляўнічага, ездзілі ў Мінск знаёміцца з работай кампаніі “Кока-кола” і прымалі ў госці супрацоўнікаў ААТ “Беларусбанк”.
ПРА РАБОТУ
Каб падрыхтавацца да чарговай змены, калектыў цэнтра творчасці прааналізаваў мінулагоднюю работу, абапіраючыся на падказкі сваіх выхаванцаў, размеркаваў абавязкі, прадумаў сімволіку.
І “Вясёлку” амаль кожны дзень наведвалі педагогі цэнтра творчасці, якія не сталі выхавальнікамі ў гэтым годзе. Яны дапамагалі рыхтаваць творчыя нумары, вучылі харэаграфіі, спевам, малюнку, давалі майстар-класы па вырабе прадметаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы і квесты — адным словам, рабілі дзіцячы адпачынак разнастайным. На перыяд работы летніка сюды сцякаецца і ўвесь матэрыяльна-стратэгічны запас цэнтра творчасці: ад тканін і ўпрыгажэнняў да сцэнічных касцюмаў і камп’ютарна-музычнай апаратуры.
ПРА АДПАЧЫНАК
— Пра “Вясёлку” я чула даўно і вельмі хацела сюды трапіць.
Усю змену мы жылі, як адна сям’я, усё рабілі разам. Нашы просьбы і прапановы ніколі не заставаліся па-за ўвагай выхавальнікаў. Мы тут не проста адпачывалі — нас вучылі, як стаць паспяховымі, развіваючы ўласны бізнес, а таксама паказалі на прыкладзе работы аддзелаў, якія былі створаны ў атрадзе, што без добрай каманды чалавек нічога не зможа дасягнуць.
Канстанцін Якаўлеў, Санкт-Пецярбург:
— Я ў “Вясёлку” прыехаў другі раз. У мінулым годзе трапіў сюды, бо мае бацькі працавалі ў Астраўцы і ўзялі пуцёўку ў гэты летнік. Мне вельмі спадабалася ўсё, што прапаноўвалі выхавальнікі: экскурсіі, гульні, святы… Ды і выхавальнікі былі такія класныя! А ў гэтым годзе, нягледзячы на тое, што мы вярнуліся ў Піцер, адпачываць мне хацелася толькі ў “Вясёлцы” — і мама з татам набылі пуцёўку. Мы з дзецьмі, якія адпачывалі тут у мінулым годзе, падтрымліваем кантакты ў сацыяльных сетках і дамовіліся, што будзем зноў адпачываць разам. Сёлета мы гулялі ў бізнесменаў, вучыліся развіваць уласную справу. Думаю, гэтыя веды спатрэбяцца ў жыцці кожнаму з нас.
Мікіта Русецкі, Варняны:
— Я ў “Вясёлцы” адпачываў чацвёрты год запар, тут заўсёды збіраецца самая класная кампанія і самыя выдатныя выхавальнікі. Калі еду сюды, мне без розніцы, якой накіраванасці будзе змена: ведаю, што сумаваць дакладна не дадуць! Сюды хацелі паехаць і мае сябры, але ж месцаў ужо не было. Тым, хто хоча трапіць у гэты летнік, даю падказку: запісвацца трэба ўжо з вясны, а лепш зімой.
Як бачым, вопыт у спалучэнні з запалам, творчасцю, адданасцю сваёй справе і, здаецца, бязмежнай фантазіяй педагогаў з Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі зноў даў цудоўны вынік.
Рыта ДРЭМА.
Фота аўтара і з архіва Астравецкага ЦТДіМ.
P.S. І, як заўсёды, дзеці прывезлі з сабой з адпачынку, акрамя добрага настрою і масы ўспамінаў, электронныя фотаальбомы змены і падарункі на памяць. Сёлета гэта былі фірменныя кубкі іх “кампаніі”, праўда, за кошт летніка, а лепшыя бізнесмены атрымалі ручкі і штодзённікі — зрабіць гэты сюрпрыз дапамагла Астравецкая РА “Белая Русь”.