І сярод муляраў ёсць музыканты

- 12:43"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Упарты шлях да любімай справы, вучоба з “Песнярамі”, чарнобыльская трагедыя і яскравыя творчыя дасягненні — пра лёс Віктара Іванавіча Селядцова можна здымаць кінафільм. Ужо 13 гадоў музыкант кіруе ансамблем народнай музыкі і песні “Світанак” Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, які быў адзначаны дыпломам ІІ ступені Рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”, а цяпер стаў новым героем рубрыкі “Арт-вакацыі”: Галерэя творцаў” — сумеснага праекта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”.

Фота да матэрыялу: І сярод муляраў ёсць музыканты.

Цікавы лёс музыканта

Віктар Іванавіч нарадзіўся на Гомельшчыне, рос у сям’і галоўнага інжынера, які спадзяваўся, што сын працягне яго справу і будзе займацца сельскай гаспадаркай. Ды хлопчык атрымаў урокі ігры на духавых інструментах у мясцовым клубе, а пасля паступіў у музычную школу, каб асвоіць баян. І стала зразумела, што ён выбера зусім іншы шлях.

— Для баяніста вельмі важны першы настаўнік — той, хто правільна паставіць рукі, каб і праз 20 гадоў пальцы бегалі так лёгка, што вучань мог сыграць “Палёт чмяля”, — расказвае Віктар Іванавіч. — Я вельмі ўдзячны за гэта Ліліі Міхайлаўне Вадзюцінай. Яна была нам як другая маці — ніколі не павысіла голас, гутарыла з намі на любую тэму, да кожнага знаходзіла ключык. Нават зараз, працуючы з калектывам, часта пытаю сябе, як бы яна зрабіла на маім месцы. Заўсёды тэлефаную ёй, каб павіншаваць у Дзень настаўніка ці 8 Сакавіка. Час ад часу нам шанцуе пабачыцца на аглядах калектываў вобласці.

Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж у кастрычніку адзначыў 50-годдзе. Яго гісторыя пачалася ў 1968 годзе, калі ў Кобрыне з’явілася прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 102 будаўнікоў, на першы курс паступіла 88 вучняў. Амаль праз 15 гадоў тут жа адкрылася тэхнічнае вучылішча № 156 народных мастацкіх промыслаў. Іх аб’яднаннем у 2014 годзе і быў створаны Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, дзе сёння вучыцца больш за 600 чалавек.

У каледжы атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю будучыя мастаўшчыкі, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, разьбяры па дрэве, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ і г.д. Найбольш матываваныя навучэнцы застаюцца, каб прайсці падрыхтоўку па прафесіі тэхніка-тэхнолага і тэхніка-будаўніка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Працуюць 26 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе навучэнцы развіваюць мастацкія, спартыўныя, інтэлектуальныя здольнасці.

Пасля школы Віктар Іванавіч паступіў у музычнае вучылішча на аддзяленне народных інструментаў. Адбор быў сур’ёзны: з 3—4 баяністаў бралі аднаго. Дзякуючы ўрокам першай настаўніцы, конкурс ён прайшоў, як, дарэчы, і ўсе яе вучні ў тым годзе.

Пасля вучобы музыкант вярнуўся на малую радзіму. Узгадвае адзін з першых прафесійных выклікаў, з якім сутыкнуўся, калі толькі пачынаў працаваць:

— У той час маладым спецыялістам часта давалі кватэры, бо музыкантаў не хапала і кадры з адукацыяй высока цанілі, — расказвае Віктар Іванавіч. — Вось і мне прапанавалі кватэру, ды з адной умовай: калі зраблю аркестр з вучняў мясцовага ПТВ сельскай механізацыі. І не проста з вучняў, а з групы, што прыехала на вучобу з Манголіі.

Пасля доўгіх рэпетыцый, на якіх кожная заўвага перадавалася праз перакладчыка, выхаванцы маладога настаўніка зайгралі маршы, гімны, савецкія песні. Усяго за паўгода Віктар Іванавіч навучыў іх азам і падрыхтаваў да выступленняў. За такі спрыт яму адразу прапанавалі месца дырэктара раённага Дома культуры.

Без прыгод не абышлася і вучоба ў Мінскім інстытуце культуры. Віктар Іванавіч трапіў на адзін курс з удзельнікамі знакамітага ансамбля “Песняры” і ўзгадвае, што калі “песняры”-аднакурснікі ад’язджалі на гастролі, іх вучэбная група літаральна пераставала гучаць. Здавалася б, на рэпетыцыю проста не прыйшло некалькі чалавек, але без іх геніяльных галасоў не складвалася выступленне калектыву.

Пасля вяселля музыкант працягнуў вучобу на завочным аддзяленні. Здаецца, жыццё песціла: была магчымасць вучыцца, цікавая работа, а тут яшчэ і дачушка нарадзілася. Але прыйшоў 1986 год, пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС Віктар Іванавіч упершыню пачуў словы “поўнае адсяленне” і “зона адчуджэння”. Разам з сям’ёй ён тэрмінова пераехаў у Кобрын, уладкаваўся музыкантам на мясцовы інструментальны завод і, лічы, пачаў жыццё нанова.

Ды наўрад ці мы сёння расказвалі б пра лёс Віктара Іванавіча, калі б не яго прага да новых творчых задач. Настаўнік арганізаваў аркестр народнай музыкі і песні “Раніца” з работнікаў завода, які за 5 гадоў заслужыў званне “народны”. Яшчэ адзін дарослы калектыў, з якім давялося працаваць музыканту, — ансамбль народнай музыкі і песні “Кобрынскія музыкі” раённага аддзела ўнутраных спраў. І зноў поспех: калектыў таксама прызнаны “народным”, хаця да гэтага ні адзін з ансамбляў органаў унутраных спраў не мог пахваліцца такімі дасягненнямі.

Адначасова Віктар Іванавіч займаўся з навучэнцамі Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Гэта стала яшчэ адным прафесійным выклікам — знайсці таленавітых музыкантаў сярод муляраў, сталяроў. Педагог памятае, як адміністрацыя каледжа дапамагала яму: разам з ім хадзіла па класах і падказвала юнакоў, якія паспелі праявіць сябе ў самадзейнасці. Так і з’явіўся ансамбль народнай музыкі і песні “Світанак”.

Падказкі дасведчанага настаўніка

Віктар Іванавіч прызнаецца, што нават калі выступае сам, не атрымлівае такой асалоды, як гледзячы на выступленне сваіх выхаванцаў. Як і для многіх герояў нашай рубрыкі, галоўны боль для яго, — тое, як хутка разлятаюцца вучні. Бо работу з першакурснікамі ён пачынае, лічы, з нуля.

— Сёння падлеткаў няпроста зацікавіць народнай музыкай, — скардзіцца кіраўнік ансамбля. — Думаю, мы мала папулярызуем народную культуру сярод школьнікаў. Не так часта па тэлебачанні паказваюць беларускія калектывы ці нават проста нашы народныя інструменты.

Каб у верасні абнавіць ансамбль, Віктару Іванавічу даводзіцца быць тонкім псіхолагам:

— Пытае хлопец: “А на гітары вучыце іграць?” — “А як жа! Толькі спярша засвой 3 струны — год адыграй на балалайцы. Калі справішся, навучу на гітары”. — “А што такое балалайка?” — музыкант са смехам пераказвае дыялогі з першакурснікамі. — У мяне ў дыпломе пералічана 42 інструменты, і я маю права вучыць ігры на кожным з іх: ведаю, як даць асновы, правільна паставіць рукі.

Калі навучэнец трапіў на заняткі, настаўнік стараецца захапіць яго ўвагу, падтрымаць цікавасць маленькімі поспехамі. Таму першыя два тыдні верасня ён працуе ў каледжы штодзень. Не паспяваюць навічкі азірнуцца, як прывыкаюць прыходзіць пасля заняткаў у актавую залу, браць у рукі інструмент і радавацца пакуль простым і немудрагелістым мелодыям, якія паспелі развучыць.

— І з дарослымі калектывамі, і з дзецьмі трэба быць вельмі ўважлівым: калі незнарок пакрыўдзіш музыканта — заўтра ён проста не прыйдзе на рэпетыцыю. Таму калі нешта не атрымліваецца, я ніколі не раблю заўвагі перад усімі, стараюся разабрацца і дапамагчы сам-насам.

Ёсць і значнае адрозненне ў падыходзе да малодшых вучняў. Калі з дарослымі можна гаварыць як з самім сабою, то з падлеткамі даводзіцца падбіраць кожнае слова — у гэтым узросце неасцярожная фраза можа каштаваць вельмі дорага.

— Я стараюся памятаць, што сам быў маленькім: ведаў, што такое сачкануць, і мог дзесьці схлусіць. Таму, здаецца, няма такой правіннасці, якую не мог бы прабачыць.

З асаблівай увагай Віктар Іванавіч ставіцца да юных музыкантаў, якія вучыліся ў музычнай школе. Калі астатнім ён тлумачыць тэорыю роўна столькі, колькі патрэбна для выканання новага твора, то з гэтымі навучэнцамі падрабязна абмяркоўвае, напрыклад, задуму і біяграфію кампазітара. Нават раіцца ў падборы рэпертуару.

— Рэпертуар — гэта твар ансамбля, — упэўнены Віктар Іванавіч. — Калі вучыўся, нам раілі: каб абнаўляць рэпертуар, сачыце за творчасцю ансамбля “Бяседа” і пераймайце іх песні. Але я адразу вырашыў, што рабіць так не буду ніколі. Песні павінны, як вопратка, пасаваць чалавеку. Таму ў “Бяседы” можна павучыцца ўменню трымаць сябе на сцэне, складаць канцэртную праграму, але рэпертуар трэба падбіраць пад сваіх музыкантаў.

Каб у кожнага з яго калектываў з’явілася ўнікальнае аблічча, Віктар Іванавіч пачаў сам пісаць песні. У газетах, кнігах ці інтэрнэце ён знаходзіць вершы сучасных беларускіх аўтараў і піша да іх музыку. Ужо не першы год сябруе з кобрынскім паэтам Леанідам Фёдаравічам Глушко, вершы якога часта перакладае на ноты.

Абнаўляць рэпертуар Віктару Іванавічу дапамагае і сяброўства з мясцовымі калектывамі. Аднойчы яго запрасілі акампанаваць у вёсачцы недалёка ад Кобрына. Там ён пачуў песню, у якой не зразумеў і паловы слоў. Стаў распытваць — аказалася, спявалі мясцовае, аўтэнтычнае. Віктар Іванавіч адразу падхапіў мелодыю, запісаў словы — і хутка песню “Магера” будзе выконваць яшчэ адзін яго калектыў — дзіцячы фальклорны ансамбль “Весялінка”, створаны на базе раённага Дома культуры. Няма сумненняў, што ўнікальная песня стане папулярнай на гарадскіх святах і конкурсах народнай музыкі.

— Дзецям, падлеткам важна бачыць, што іх ансамбль запатрабаваны, таму мы абавязкова выступаем 1—2 разы на месяц, удзельнічаем у аглядах і конкурсах, — расказвае Віктар Іванавіч. — Самы запамінальны — гэта першы ўдзел у рэспубліканскім фестывалі “Арт-вакацыі” ў 2007 годзе. Наш ансамбль меў магчымасць паглядзець на калектывы з усёй краіны, ацаніць касцюмы, рэпертуар, сцэнічную культуру. Да таго ж мы выступілі перад самім кіраўніком “Бяседы” народным артыстам Леанідам Канстанцінавічам Захлеўным. І я сам, і мае выхаванцы былі пад моцным уражаннем!

З таго часу Віктар Іванавіч стаў вялікім аматарам фестывалю, з задавальненнем рыхтуе ансамбль “Світанак” да новых выступленняў. Таму будзем рады вітаць калектыў на наступных “Арт-вакацыях”!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.