Няма сцэнарыяў больш таленавітых, чым тыя, якія піша само жыццё. Перыпетыі чалавечага лёсу здзіўляюць больш за любы сюжэт. Так можна сказаць і пра лёс педагога-арганізатара Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Галіну Дзмітрыеўну Грыгаровіч. Можа, таму яна і займаецца менавіта дакументальным тэатрам.
Галіна Дзмітрыеўна кіруе тэатральным калектывам “Вобраз”, які не аднойчы праявіў сябе падчас рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”. Пра свой няпросты лёс і выхаванне праз сцэну педагог расказала ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” — сумесным праекце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”.
“Рэжысіраваць” Галіна Дзмітрыеўна пачала яшчэ ў дзяцінстве: збірала хлопчыкаў і дзяўчынак свайго двара, разам з імі развучвала невялікія п’есы, расцягвала заслону з прасціны і збірала бацькоў і суседзяў на паказ. Нядзіўна, што ў школьныя гады дзяўчынка займалася ў студыі мастацкага слова ў гарадскім Доме культуры. Яго кіраўнік — акцёр Мікалай Зорын — не проста стаў для яе першым настаўнікам тэатральнага майстэрства, але і даў білет у прафесійны тэатр — прапанаваў мэтавае накіраванне на вучобу ў Інстытут культуры.
— Падаваць дакументы ў Мінск я паехала адна, — узгадвае Галіна Дзмітрыеўна. — Прыйшла да інстытута, пабачыла сталічных дзяўчынак, якія таксама прыйшлі з дакументамі, — прыгожа апранутых, нафарбаваных. Я, без макіяжу, у простай вопратцы, пастаяла ля будынка, ды так і не прымусіла сябе ўвайсці. Развярнулася і пайшла назад — паступіць нават не паспрабавала.
Такая нясмеласць каштавала нашай гераіні вельмі дорага. Здаваць экзамены ў іншыя ўніверсітэты ўжо было позна, і Галіна Дзмітрыеўна паступіла ў барысаўскае вучылішча № 121 (пасля яно стала часткай таго самага каледжа, дзе цяпер працуе педагог) на апошнюю спецыяльнасць, дзе яшчэ былі месцы, — на токара.
— Скончыла, зразумела, з дыпломам з адзнакай, адправілася на завод, — смяецца Галіна Дзмітрыеўна. — Мяне паставілі ў лінію — дзесяць чалавек стаяць у радок, перадаюць адно аднаму вялізную дэталь і паступова яе збіраюць. А я, дзяўчына, падняць не магу гэтую дэталь! Памятаю, што рукі не адмываліся ад чыгуну.
Праз месяц адпрацоўкі на заводзе токар Галіна Дзмітрыеўна даведалася, што аднавіла работу мясцовае педагагічнае вучылішча (яно цяпер таксама з’яўляецца часткай Барысаўскага дзяржаўнага каледжа). Тут наша гераіня вывучылася на педагога.
— Хачу ўзгадаць свайго выкладчыка музыкі Людмілу Яраш, якая навучыла суадносіць слова і музыку, разумець, як музыка ўздзейнічае на ўспрыманне тэксту, — з удзячнасцю прыгадвае Галіна Дзмітрыеўна.
Нарэшце яна занялася справай, да якой заўсёды ляжала сэрца, — стала выхавальніцай у дзіцячым садзе. Праца прыносіла задавальненне, з’явілася магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Галіна Дзмітрыеўна паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
— Універсітэт я так і не скончыла: трапіла ў аварыю, атрымала шматлікія траўмы і працягваць вучобу проста не магла, — з болем узгадвае мая суразмоўніца.
Калі Галіна Дзмітрыеўна змагла зноў працаваць, стала культарганізатарам у каледжы. Яна да гэтага часу памятае, як дырэктар упершыню прывёў яе на сцэну актавай залы — па-акцёрску, праз бакавыя дзверы. З таго часу яна рыхтавала каледж да ўсіх свят і аглядаў самадзейнасці, займалася з камандай КВЗ “Гаспадары”. Педагог з асаблівай любоўю ўзгадвае фестываль-конкурс “Беларускі вянок”, дзе навучэнцы ўзнаўлялі і дэманстравалі народныя абрады.
Барысаўскі дзяржаўны каледж — самая буйная шматпрофільная ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Мінскай вобласці. Ён быў утвораны паступовым аб’яднаннем 5 іншых устаноў і вядзе падрыхтоўку адразу на 9 аддзяленнях. Тут рыхтуюць прадстаўнікоў аўтамабільных, металаапрацоўчых і электратэхнічных прафесій, работнікаў лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама швачак, цырульнікаў, педагогаў.
Пералік спецыяльнасцей пастаянна абнаўляецца ў адпаведнасці з патрэбамі прадпрыемстваў. Так, для нядаўна адкрытага завода “БелДжы” каледж рыхтуе электразваршчыкаў і слесараў. 55 выпускнікоў ужо атрымалі там першыя працоўныя месцы.
Пра паспяховую падрыхтоўку навучэнцаў сведчаць таксама іх дасягненні на прафесійных конкурсах і фестывалях, сярод якіх і WorldSkills Belarus.
Цікавая адметнасць каледжа — музей гісторыі прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, адкрыты ў 2007 годзе.
— Мне здаецца, што гумар у КВЗ дзесьці, хоць у паўзах паміж жартамі, заканчваецца, а вось фальклор — не, — выказваецца Галіна Дзмітрыеўна. — Такія пастаноўкі вельмі карысныя, бо чалавек з дзяцінства пазнае свет праз гульню. І якраз праз народныя гульні навучэнцы пазнавалі свет сваіх продкаў
З пастановак традыцыйных свят для фестываляў “Беларускі вянок” і “АРТ-вакацыі”, падрыхтоўкі сцэнарыяў да конкурсу “Крэон” і пачаўся тэатральны калектыў, які цяпер бліскуча выступае на гарадскіх і абласных сцэнах, рэспубліканскіх конкурсах.
Тэатральная студыя “Вобраз” уключае ў сябе адразу некалькі калектываў. Напрыклад, навічкі праходзяць баявое хрышчэнне не на звычайнай сцэне, а ў змаганнях куды больш цяжкіх — у тэатры “Дзецям”. Акцёры выступаюць з казачнымі мініяцюрамі перад сіротамі і дзецьмі з асаблівасцямі развіцця ў Доме дзіцяці і цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
— Гэта змаганне з самім сабой, бо падлетку трэба мець сілу волі, каб выйсці перад хворымі і пакінутымі дзецьмі, гуляць з імі, вадзіць за ручкі, — тлумачыць Галіна Дзмітрыеўна. — Звычайна навучэнцы выступаюць у ролях вясёлых клоўнаў, казачных персанажаў. Трэба не разгубіцца, адыграць, зымправізаваць, пакуль сэрца сціскаецца і на вачах слёзы. Так, я лічу, і выхоўваюцца акцёры.
Яшчэ адно выпрабаванне — выступленні на гарадскіх мерапрыемствах. Пакуль акцёр стаіць на сцэне, яго “абараняе” шырма, падаецца, што глядач далёка. Калі ж ён выступае на вуліцах, неабходна наладзіць блізкі кантакт твар у твар. Гэта атрымліваецца не ва ўсіх.
Разнявольвацца, пераадольваць сарамлівасць і комплексы дапамагаюць выступленні ў мім-групе “Абліччы” і тэатры пластыкі рук “Душа”.
— Ёсць навучэнцы, якія вельмі хочуць на сцэну, але баяцца ці, напрыклад, маюць дэфекты маўлення, — гаворыць Галіна Дзмітрыеўна. — І для іх пантаміма — выйсце, бо маска дапамагае.
Аб’ядноўваюць выхаванцаў студыі менавіта тэатральныя пастаноўкі. Навучэнцы заўсёды пачынаюць з невялікіх рэпрыз. Яны дапамагаюць кіраўніку зразумець, якое амплуа блізкае кожнаму з вучняў. Аказваецца, нават размеркаванне роляў мае вялізны выхаваўчы эфект.
— Ролі падбіраюцца пад асобу, — дзеліцца педагог сваімі метадамі. — Адных я ніколі не пастаўлю на адмоўныя ролі, бо яны проста не будуць арганічна выглядаць. А іншых магу спецыяльна “назначыць” злымі чараўнікамі, каб яны заўважылі свае адмоўныя рысы, пакуль увасабляюць іх на сцэне.
Педагог, які доўга працуе з падлеткамі, па вачах бачыць, ці будзе дзіця займацца ў тэатры. Многія ў верасні ахвотна абяцаюць хадзіць, а Галіна Дзмітрыеўна ўжо ведае, што яны летуценнікі і не затрымаюцца надоўга. Бо тэатр — гэта карпатлівая праца, часта — проста будзённая, чарнавая: трэба вучыць многа тэкстаў — сваю ролю і ролі іншых — і шмат рэпеціраваць.
Затое тыя, хто застаецца, становяцца выпускнікамі не проста каледжа, але і тэатральнай студыі. Яны часта прыходзяць у госці. А ў Стары Новы год актавую залу пераўтвараюць у імправізаванае кафэ: навучэнцы арганізоўваюць канцэрт для выпускнікоў, а тыя расказваюць малодшым пра свае гады ў тэатры.
— Выпускнікі падымаюцца проста пастаяць на сцэне. Нешта дэкламуюць, узгадваюць, размахваюць рукамі — і ім ужо прыемна, — з сентыментальнасцю расказвае Галіна Дзмітрыеўна. — Гэта і ёсць чараўніцтва сцэны.
Лепшы сродак выхавання праз сцэну — дакументальны тэатр. Сярод гісторый, якія аднаўляюць на сцэне акцёры студыі, — лёсы дзяцей вайны і маладых людзей, якія ўзнаўлялі краіну пасля, успаміны ветэранаў педагагічнай працы.
Рыхтаваць такія пастаноўкі — доўгая праца. Пачынаецца яна са збору жывога матэрыялу для вербаціма. Раней навучэнцы апытвалі людзей на вуліцах горада. Як прызнаецца педагог, сёння рабіць гэта стала складаней. Змяніўся час, людзі сталі больш недаверлівымі, баяцца фотакамеры і мікрафона. Таму трупа часцей гутарыць з былымі выкладчыкамі каледжа, хутка збіраецца наведаць санаторый, дзе часта адпачываюць ветэраны з Беларусі і Расіі.
Наступны этап — стварэнне сцэнарыя. Тут галоўнае — прыдумаць сюжэт, абрамленне для арыгінальных аповедаў. Трэба знайсці такія ўмовы, у якіх споведзь герояў будзе выглядаць праўдзіва. Напрыклад, гэта можа быць лаўка, дзе сядзяць бабулі (такая, напэўна, ёсць у кожным старым двары), ці пакой адпачынку ў санаторыі.
А вось рэпетыцыі дакументальных пастановак даюцца прасцей.
— Мне вербацім падаецца самай лёгкай формай работы, — здзіўляе Галіна Дзмітрыеўна. — Калі мы іграем выдуманых персанажаў, я малюю іх словамі, тлумачу іх дзеянні. А вобразы і эмоцыі сапраўдных людзей акцёры бачаць на свае вочы, калі збіраюць матэрыял. Ужо на гэтым этапе яны заўважаюць выразы твару, характэрныя жэсты, якія перадаюць пачуцці.
Дзякуючы гэтаму і ўзнікаюць спачатку спагада і спачуванне да суразмоўніка, якіх не дасягнуць ніякім кніжным сюжэтам, а пасля — шчырасць на сцэне. Слухаючы і ўзнаўляючы гэтыя гісторыі, дзеці вучацца працаваць і сябраваць, рабіць нешта для іншых, кахаць і быць вартымі вялікага кахання.
Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:
— Тэатральны калектыў Барысаўскага дзяржаўнага каледжа першым прадставіў вербацім у рамках фестывалю “АРТ-вакацыі”. Гэтая творчая форма складаная, але дае заўважны выхаваўчы эфект — пабуджае і акцёраў, і гледачоў да асэнсавання жыццёвых сітуацый, цяжкасцей чалавечага выбару. Стварэнне і прагляд такога спектакля — гэта цэлы шэраг пытанняў, у першую чаргу — да сябе самога. Акрамя таго, вербацім патрабуе рэжысёрскай смеласці, скрупулёзнай сцэнарнай работы, далікатнасці ў прадстаўленні вобразаў і выкарыстанні дакументальнага матэрыялу.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.