Рэпазіторыі айчынных універсітэтаў — у міжнародных топах
У красавіцкім міжнародным рэйтынгу рэпазіторыяў Transparent Ranking: Institutional Repositories by Google Scholar айчынныя ўніверсітэты зноў займаюць высокія пазіцыі. Напрыклад, электронная бібліятэка БДУ чарговы раз прызнана лепшай у Еўропе і трэцяй у свеце сярод універсітэцкіх лічбавых сховішчаў.
Рэйтынг рэпазіторыяў — ініцыятыва іспанскай даследчай групы Cybermetrics Lab, якая стварае таксама вядомы вэбаметрычны рэйтынг Webometrics Ranking of World Universities. Даследаванне ахоплівае 3087 лічбавых сховішчаў універсітэтаў і даследчых цэнтраў з усяго свету. Ацэнка праводзіцца па адным крытэрыі — колькасць дакументаў, размешчаных у адкрытым доступе і праіндэксаваных сэрвісам Google Scholar. Такім чынам стваральнікі рэйтынга імкнуцца матываваць даследчыкаў публікаваць навуковыя вынікі ў інтэрнэце, робячы іх даступнымі для вучоных усіх краін.
Лідар сярод універсітэтаў Еўропы
Электронная бібліятэка БДУ чарговы раз прызнана лепшай у Еўропе і трэцяй у свеце сярод універсітэцкіх лічбавых сховішчаў (саступае толькі Федэральнаму ўніверсітэту Рыа-Грандэ-ду-Сул (Бразілія) і Універсітэту Кіёта (Японія)).
У агульнай табліцы, якая ўключае не толькі ўніверсітэты, але і даследчыя цэнтры, рэпазіторый БДУ заняў 11-е месца. Першыя радкі тут занялі базы даных медыцынскіх і біялагічных публікацый Europe Pub Med Central, астрафізічная інфармацыйная сістэма НАСА і інш.
Трэба сказаць, што высокае месца БДУ ў згаданым рэйтынгу невыпадковае. Электронная бібліятэка ўніверсітэта з’яўляецца адным з найбуйнейшых лічбавых сховішчаў у свеце. Сёння ў ёй налічваецца больш за 160 тысяч дакументаў. Прынятая мадэль адкрытай навукі вывела рэпазіторый БДУ на пазіцыі сусветнага лідара.
Фундаментальная бібліятэка БДУ — адна з найстарэйшых і найбуйнейшых у краіне. 23 мая яна адзначыць 99-годдзе.
Сёння Фундаментальная бібліятэка БДУ — гэта каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры; звыш 26 тысяч карыстальнікаў; больш за 1,3 млн штогадовых кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў (электроннага каталога, электроннай бібліятэкі і ліцэнзійных баз даных); 800 месцаў у залах і медыятэках; 8 абанементаў і 15 залаў інфармацыйных рэсурсаў, медыятэка і каворкінг “Лібраторыя”. Штогод бібліятэка набывае каля 22 тысяч экзэмпляраў новых выданняў, ажыццяўляе падпіску на 28 баз даных найбуйнейшых сусветных вытворцаў, атрымлівае каля паўтысячы найменняў айчынных і замежных перыядычных выданняў, вядзе міжнародны кнігаабмен з 80 навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі з 18 краін свету.
Сучасны цэнтр адукацыі і навукі
Рэпазіторый БНТУ ў сусветным спісе ўніверсітэтаў займае 43-е месца сярод 2988 іншых, а ў агульным спісе (all repositories) — 53-е месца з 3087. Сярод устаноў адукацыі постсавецкай прасторы рэпазіторый БНТУ знаходзіцца на 4-м месцы пасля электронных бібліятэк БДУ, Сумскога дзяржаўнага ўніверсітэта (Украіна) і Уральскага федэральнага ўніверсітэта (Екацярынбург, Расія).
Сёння рэпазіторый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ўключае больш як 60,8 тысячы дакументаў: манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, артыкулаў, часопісаў, справаздач аб навукова-даследчай рабоце, дысертацый і аўтарэфератаў, патэнтаў, матэрыялаў канферэнцый, створаных у БНТУ. Свабодны доступ да поўных тэкстаў (акрамя дысертацый і справаздач па доследна-канструктарскіх і тэхналагічных работах) магчымы з любой кропкі свету.
Навуковая бібліятэка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — гэта сучасны інфармацыйны цэнтр адукацыі і навукі. Універсальны фонд складае звыш 2 млн экзэмпляраў навуковых, вучэбных, перыядычных выданняў, тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню электронных архіваў.
У сістэму абслугоўвання навуковай бібліятэкі ўваходзіць 8 абанементаў, 12 чытальных залаў, Цэнтр электронных рэсурсаў, міжбібліятэчны абанемент. Функцыянуе служба электроннай дастаўкі дакументаў, віртуальная даведачная служба. Для зручнасці студэнтаў адкрыты чытальныя залы ў інтэрнатах і аддаленых карпусах.
Навуковая бібліятэка БНТУ першай у Беларусі стала членам Міжнароднай асацыяцыі бібліятэк тэхнічных універсітэтаў (International Association of Technological University Libraries — IATUL).
Унікальны фонд эканамічнай літаратуры
Электронная бібліятэка БДЭУ ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэцкіх рэпазіторыяў заняла 112-е, а ў агульным спісе (all repositories) — 133-е месца. Гэта трэцяя пазіцыя сярод беларускіх універсітэтаў пасля БДУ і БНТУ.
Сёння ў электроннай бібліятэцы БДЭУ размешчана больш за 50 тысяч дакументаў: навуковыя артыкулы, зборнікі канферэнцый, перыядычныя выданні ўніверсітэта, манаграфіі, патэнты, вучэбна-метадычныя матэрыялы.
Электроннай бібліятэцы БДЭУ прысвоены Міжнародны стандартны серыйны нумар — ISSN 2520-1515. Дзякуючы гэтаму, яна мае статус паўнавартаснага электроннага выдання, дзе можна публікаваць вынікі даследаванняў як у першакрыніцы, нароўні з друкаванымі перыядычнымі выданнямі.
Электронная бібліятэка БДЭУ індэксуецца ў розных міжнародных базах даных адкрытага доступу, што забяспечвае бачнасць навуковых публікацый універсітэта для сусветнай супольнасці. Чытачы бібліятэкі, у сваю чаргу, маю ць доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў, паўнатэкставых навуковых і нарматыўна-прававых баз даных.
Бібліятэка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта мае найбагацейшыя фонды, якія ўключаюць звыш 1,3 млн выданняў: манаграфій, падручнікаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, дысертацый, аўтарэфератаў дысертацый, часопісаў, як на папяровых, так і на электронных носьбітах. Створаны ўнікальны фонд эканамічнай літаратуры. Бібліятэкай карыстаюцца звыш 17 тысяч чытачоў, сярод якіх не толькі студэнты і выкладчыкі БДЭУ, але і спецыялісты навуковых устаноў, органаў кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый краіны, студэнты іншых універсітэтаў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.