81-ы дзень нараджэння адзначыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты, ветэраны працы, калегі з іншых універсітэтаў. Сярод ганаровых гасцей свята былі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2005—2013 гадах Яўген Роўба.
Віншуючы супрацоўнікаў і студэнтаў са святам, Віктар Пранюк назваў ГрДУ імя Янкі Купалы кузняй кадраў для Гродзенскай вобласці.
— Органы ўлады задаволены падрыхтоўкай кадраў, якія сёння прыходзяць у нашы ўстановы адукацыі, сацыяльнай абароны і інш. Гэта выдатныя юрысты, эканамісты, педагогі — сапраўдныя прафесіяналы. Новыя спецыяльнасці, адкрытыя ў Купалаўскім універсітэце, фактычна апярэджваюць час. Мы разумеем, што ў найбліжэйшай будучыні робататэхніка стане важнай сферай дзейнасці і будзе вызначаць далейшае развіццё прамысловасці Беларусі, а ўніверсітэт ужо сёння рыхтуе такіх спецыялістаў. Студэнты атрымліваюць глыбокія веды, але самае галоўнае, што яны амбіцыйныя, займаюцца грамадскай дзейнасцю, творчасцю, спортам. Газета ГрДУ ў мінулым годзе атрымала “Залатую ліцеру”, — адзначыў Віктар Пранюк.
У мінулым годзе Купалаўскі ўніверсітэт святкаваў юбілей, падводзячы пэўныя вынікі і адзначаючы поспехі на ніве адукацыі. Сёлетняе свята хоць і не звязана з круглай датай, але не менш значнае для ўстановы вышэйшай адукацыі. Ёсць чым і кім ганарыцца, нямала зроблена за апошні год.
— Год быў няпростым, свае карэктывы ўнёс кавід, але гэта не перашкодзіла нам зрабіць сапраўды значны крок наперад, — падкрэсліла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — За год мы адкрылі чатыры новыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны зараз ва ўсёй рэспубліцы, далі старт праграме падрыхтоўкі магістрантаў з Кітая, упершыню ў перыяд уступнай кампаніі арганізавалі ва ўніверсітэце лічбавую прыёмную камісію. Мы пабудавалі новы інтэрнат, рашэнне аб узвядзенні якога было прынята па выніках візіту кіраўніка дзяржавы ў Гродна.
Гаворачы аб дасягненнях, якімі варта ганарыцца, рэктар таксама падкрэсліла, што Купалаўскі ўніверсітэт не спыняецца на дасягнутым. Прыняты карпаратыўны кодэкс. У снежні мінулага года адбылася вельмі важная падзея: была зацверджана стратэгія апераджальнага развіцця ўніверсітэта на 2021—2025 гады і ў перспектыве да 2030 года. Вызначаны арыенціры развіцця ўніверсітэта. Вельмі важна, што яны арганічна ўпісваюцца ў тыя, што былі агучаны на VI Усебеларускім народным сходзе. Віншуючы ўсіх супрацоўнікаў, студэнтаў, ветэранаў, выпускнікоў універсітэта, Ірына Кітурка падкрэсліла, што толькі разам, агульнымі намаганнямі можна дасягнуць новых перамог.
Падчас святочнага мерапрыемства былі ўзнагароджаны лепшыя выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта, студэнты. Таксама былі падведзены вынікі штогадовага рэйтынга прафесарска-выкладчыцкага складу ГрДУ імя Янкі Купалы. Канцэртную праграму падрыхтавалі студэнты.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.