Кнігі і людзі

- 13:08Вышэйшая школа

Фундаментальнай бібліятэцы БДУ — 100 гадоў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт толькі рыхтуецца да векавога юбілею (урачыстая дата — 30 кастрычніка), а Фундаментальнай бібліятэцы БДУ ўжо споўнілася 100 гадоў. Бо як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і ўніверсітэт пачынаецца з бібліятэкі. Сапраўды, спачатку была кніга…

Дырэктар Уладзімір Кулажанка, гісторык па адукацыі, расказвае нам захапляльную, насычаную падзеямі, часам драматычную гісторыю Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Праз яе, як праз прызму, бачны складаны векавы лёс універсітэта, нашай краіны, людзей. Доўгі шлях, напоўнены стратамі і здабыткамі.

Уладзімір КУЛАЖАНКА:

“Універсітэцкі рэпазіторый напаўняецца ў часавай шкале з двух бакоў. З аднаго боку, заліваем тое, што зараз генерыруецца акадэмічнай грамадскасцю БДУ, а з другога — алічбоўваем назапашанае раней. Калісьці два гэтыя трэкі сутыкнуцца, і ў нас будзе поўная лічбавая калекцыя ўсіх дакументаў”.

Пачатак

— Неабходнасць стварэння ўніверсітэта ў Мінску ўпершыню абгрунтаваў у 1903 годзе вядомы ў той час юрыст, старшыня Мінскай гарадской думы, дэпутат Дзяржаўнай думы першага склікання Віктар Янчэўскі, — гаворыць Уладзімір Кулажанка. — Па яго прапановах Мінская гарадская дума некалькі разоў хадайнічала перад урадам аб адкрыцці ўніверсітэта, аднак ініцыятыву не падтрымалі.

Больш прадметна прыступіць да распрацоўкі ўніверсітэцкага праекта стала магчымым пасля рэвалюцыі 1917 года.

— Прыкметную ролю ў гэтым адыгралі дзве актывісткі — Марыя Фрумкіна і Яўгенія Гурвіч, якія займаліся пытаннямі адукацыі і прасоўвалі ідэю нацыянальных школ. Дарэчы, у многім дзякуючы ім, Мінская гарадская дума ўвяла ў практыку чатыры мовы — беларускую, ідыш, рускую і польскую, якія пазней, у БССР, набылі статус дзяржаўных і захоўвалі гэтае становішча да 1938 года, — паглыбляецца ў гісторыю Уладзімір Генадзьевіч.

Пасля ўтварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь адным з першых рашэнняў новай улады стала прынятая ў лютым 1919 года пастанова аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта. Часовым вучоным бібліятэкарам у складзе камісіі па стварэнні БДУ прызначаюць Яўгенію Гурвіч.

— Гэта была вельмі неардынарная, яркая і адукаваная жанчына, — расказвае Ула-дзімір Кулажанка. — Выпускніца швейцарскага ўніверсітэта, рэвалюцыянерка, арганізатар І з’езда РСДРП у Мінску. Была ў высылцы, аднак збегла на адной падво-дзе з Львом Троцкім. Яўгенія Гурвіч валодала некалькімі мовамі, пераклала на рускую “Капітал” Карла Маркса. І менавіта ёй даверылі фарміраваць першую ўніверсітэцкую біб-ліятэку Беларусі.

Сітуацыя з літаратурай у тыя гады характарызавалася як “кніжны голад”. Народны камісарыят асветы і камісія па стварэнні ўніверсітэта актыўна шукалі літаратуру для будучай бібліятэкі. Нават давалі аб’явы з просьбай вярнуць кнігі, узятыя ў бібліятэках да рэвалюцыі.

У красавіку 1921 года пад бібліятэку БДУ была выдзелена частка памяшканняў былой гімназіі Фальковіча (цяпер вуліца Чырвонаармейская, 6). У першым штатным раскла-дзе бібліятэкі, зафіксаваным 23 мая 1921 года, налічвалася 13 чалавек. Захаваліся звесткі, што індывідуальнае абслугоўванне карыстальнікаў пачалося ў чэрвені. Ва ўніверсітэце на той час ішлі нерэгулярныя заняткі для студэнтаў рабфака. Пастаянныя заняткі пачаліся 30 кастрычніка 1921 года — і менавіта гэтую дату прынята лічыць пачаткам дзейнасці БДУ.

Першапачатковы фонд універсітэцкай біб-ліятэкі склалі каля 40 тысяч тамоў з маёнт-каў Мінскай губерні і дамоў контррэвалюцыянераў, а таксама кнігі з закрытых навучальных устаноў Мінска. Неўзабаве да іх дадаліся яшчэ 20 тысяч тамоў бібліятэкі былой Мінскай духоўнай семінарыі. Фонд папаўняўся і за кошт асабістых кніжных калекцый навукоўцаў.

— У канцы 1921 года бібліятэка БДУ пераехала ў больш прасторны будынак былога юбілейнага дома на вуліцы Захар’еўскай (цяпер праспект Незалежнасці, 26), — расказвае Уладзімір Генадзьевіч. — На жаль, Яўгенія Гурвіч там ужо не працавала. Падчас кампаніі па разгроме правых эсэраў жанчыну арыштавалі. Зрэшты, праз год вызвалілі, але яна засталася ў Маскве.

Са свету — па кніжцы

У лістападзе 1921 года загадчыкам біб-ліятэкі быў прызначаны Восіп Сіманоўскі — чалавек энцыклапедычных ведаў, аўтар перакладаў на беларускую мову твораў Генрыха Гейнэ, Адама Міцкевіча і іншых класікаў сусветнай літаратуры. Адукацыю атрымліваў ва ўніверсітэце Сарбоны ў Парыжы і Бернскім універсітэце ў Швейцарыі.

Уладзімір Генадзьевіч расказвае, што на пачатку 20-х гадоў у Беларусі акрамя арганізацыі бібліятэкі ў БДУ актыўна абмяркоўвалася пытанне стварэння Дзяржаўнай бібліятэкі. Аднак рэсурсаў не хапала. Да таго ж Грамадзянская вайна і масавы голад у Паволжы і на Паўднёвым Урале патрабавалі ад беларускага ўраду скараціць выдаткі.

— У гэтых умовах Восіп Сіманоўскі прапанаваў рацыянальнае рашэнне — аб функцыянаванні дзяржаўнай бібліятэкі на базе бібліятэкі БДУ адразу ў трох іпастасях: як цэнтральнага кнігасховішча, як цэнтра бібліятэчнай сеткі і адначасова як фундаментальнай акадэмічнай бібліятэкі галоўнай вышэйшай школы Беларусі, — гаворыць Уладзімір Кулажанка. — Менавіта ў такой фармулёўцы 15 верасня 1922 года была зацверджана Беларус-кая дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка.

Восіп Сіманоўскі актыўна займаўся камплектаваннем бібліятэчнага фонду. Ён выкарыстоўваў любыя магчымасці, каб атрымаць дарэвалюцыйныя выданні з саюзных і мясцовых кніжных фондаў, арганізоўваў бесперабойнае камплектаванне новай літаратурай.

Буйныя бібліятэкі перадавалі ў БДУ дублетныя асобнікі са сваіх фондаў. Таксама была арганізавана перадача некалькіх прыватных калекцый. Так, у 1922 годзе ў бібліятэку БДУ было прывезена некалькі тысяч тамоў з ЗША, з асабістай бібліятэкі Ісака Гурвіча (брата першай загадчыцы), які жыў у эміграцыі ў Нью-Ёрку. Акрамя таго, у бібліятэку былі перададзены кніжныя зборы прафесараў А.П.Сапунова, Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука, вядомага барысаўскага краязнаўца І.Х.Каладзеева. Калекцыі ўтрымлівалі ўнікальныя выданні. Напрыклад, сярод кніг А.П.Сапунова згадваецца першае выданне Статута ВКЛ 1588 года.

— Асаблівы клопат аб фарміраванні біб-ліятэчнага фонду праяўляў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, — расказвае Ула-дзімір Генадзьевіч. — З кожнай сваёй паездкі ён прывозіў каштоўныя выданні. Менавіта дзякуючы ініцыятыве рэктара ў пачатку 1925 года бібліятэка набыла ў ленінградскага бібліяфіла Камарніцкага 10 кніг Францыска Скарыны.

Выпрабаванні 1930-х

У кастрычніку 1926 года Беларуская дзяржаўная бібліятэка была выведзена са складу БДУ як самастойная ўстанова. Універсітэт мусіў перадаць ёй большую частку кніжнага фонду, які на той час складаў 270 тысяч асобнікаў.

У 1930 годзе ўніверсітэцкая бібліятэка пераехала ў галоўны корпус БДУ. На набыццё літаратуры вылучалася 60 тысяч рублёў у год, але фонд прырастаў павольна. Сітуацыю пагаршала пераразмеркаванне кніг у бібліятэкі вучэбных інстытутаў, якія пачалі стварацца на базе БДУ.

— У 1934 годзе бібліятэку ўзначаліў Мікалай Гуткоўскі — выпускнік юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, — расказвае Уладзімір Кулажанка. — У розны час ён працаваў ва ўстановах Варшавы і Масквы, але падчас Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны і ў 1918 годзе апынуўся ў Крыме. З прыходам войскаў Урангеля, не маючы сродкаў на жыццё, Мікалай Гуткоўскі быў вымушаны паступіць на пасаду сакратара ў адну з устаноў, за што пазней жорстка паплаціўся.

На пасадзе дырэктара Мікалай Гуткоўскі здолеў аднавіць паўнавартасную работу бібліятэкі БДУ, арганізаваў дзейнасць пунктаў абслугоўвання на факультэтах.

— Другая палова 30-х гадоў стала цяжкім выпрабаваннем для краіны і ўніверсі-тэта, — працягвае гісторыю Уладзімір Генадзьевіч. — У пачатку 1937 года, баючыся арышту, Мікалай Гуткоўскі з’ехаў у Маскву, але гэта не выратавала. Ён быў арыштаваны, асуджаны і расстраляны на сумна вядомым палігоне “Камунарка”. Пазней рэабілітаваны.

Да пачатку 1941 года фонд бібліятэкі БДУ складаў 220 тысяч тамоў.

Вайна і аднаўленне

Вялікая Айчынная вайна амаль цалкам знішчыла бібліятэку БДУ. З пачаткам акупацыі ва ўніверсітэцкіх памяшканнях размясціліся нямецкія ваенныя ўстановы і шпіталь. Пры гэтым акупанты бескантрольна разбіралі ўпадабаныя кнігі, асабліва на нямецкай мове. Найбольш каштоўныя выданні цэнтралізавана вывезлі. Бібліятэку завочнага аддзялення, якая размяшчалася ў корпусе фізіка-матэматычнага факультэта, проста выкінулі на вуліцу.

— Супрацоўнікі БДУ, якія засталіся ў акупіраваным горадзе, імкнуліся захаваць найбольш каштоўныя асобнікі, — расказвае Уладзімір Генадзьевіч. — У 1942—1943 гадах іх перыядычна дапускалі ва ўніверсітэцкі гарадок, і яны змаглі перавезці частку кніг у корпус політэхнічнага інстытута і ў драўляную гаспадарчую пабудову на вуліцы Віцебскай. На жаль, выратаваныя кнігі моцна пацярпелі ў пажарах у ліпені 1944 года. Пасля вызвалення Мінска шкода, нанесеная біб-ліятэцы БДУ, была ацэнена ў 3—3,5 млн рублёў.

У кастрычніку 1943 года ў найцяжэйшых умовах атрымалася аднавіць работу БДУ ў эвакуацыі.

— Месцам для гэтага была вызначана падмаскоўная станцыя Сходня, — гаворыць Уладзімір Кулажанка. — Вучэбны корпус размясціўся ў будынку мясцовай школы, а прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты кватаравалі ў дачных доміках. Адначасова пачала сваю дзейнасць і бібліятэка. Кніжны фонд на той момант налічваў крыху больш за 3 тысячы асобнікаў. Натуральна, што галоўным кірункам у рабоце бібліятэкі стала камплектаванне фонду. На набыццё кніг выдзялялася да 70% бюджэтных сродкаў універсітэта. Студэнты на электрычках ез-дзілі ў Маскву і адтуль у руках прывозілі вязанкі кніг. Вялікую дапамогу аказвалі і маскоўскія ВНУ, якія дзяліліся сваёй літаратурай. У выніку за год удалося назапасіць 70 тысяч асобнікаў.

Дарэчы, бібліятэка на станцыі Сходня была для студэнтаў не толькі храмам ведаў. Універсітэту катастрафічна не хапала плошчаў, таму ўдзень чытальныя залы выкарыстоўваліся для вучобы, а ўначы студэнты спалі проста на сталах.

Пасля вяртання ўніверсітэта ў разбураны Мінск у 1944 годзе пачалося ўпарадкаванне бібліятэчнага фонду. Умовы для працы былі складанымі. Акрамя залы ў будынку фізіка-матэматычнага факультэта бібліятэцы перадалі два пакоі ў драўляным доме № 9 па вуліцы Віцебскай. Памяшканні не адпавядалі свайму прызначэнню. Там не было ацяплення і электрычнага асвятлення, і нават дзённае святло паступала толькі ў верхнія праёмы вокнаў, бо ніжнюю частку зацэментавалі падчас акупацыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, да канца 1945 года калектыву ўдалося ўпарадкаваць бібліятэчны фонд.

У 1962 годзе, пасля ўводу ў дзеянне галоўнага корпуса БДУ, бібліятэка пераехала ў новы будынак.

Новыя ўмовы і інфарматызацыя

У 90-х гадах у бібліятэцы пачалося актыўнае ўкараненне сучасных тэхналогій. З’явіліся першыя ЭВМ. І зусім новыя магчымасці для бібліятэкі адкрыліся ў 1996 годзе ў сувязі з доступам да сеткі інтэрнэт.

Сёння Фундаментальная бібліятэка БДУ — адна з найбуйнейшых у краіне (каля 2 млн тамоў). Да паслуг карыстальнікаў прадастаўлена 14 інфармацыйных залаў, медыя-тэка, каворкінг “Лібраторыя” (усяго 846 пасадачных месцаў), дзейнічаюць творчая лабараторыя “Фаблаб”, абсталяваная 3D-прынтарам, а таксама друкавальны цэнтр і цэнтр алічбоўкі дакументаў.

Фонд рэдкіх і каштоўных выданняў уключае старадрукі; калекцыю рэвалюцыйнага друку і выданні першых гадоў савецкай улады; першыя прыжыццёвыя і асабліва каштоўныя выданні работ дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва; рэпрынты і факсіміле; выданні з аўтографамі вядомых асоб. У бібліятэцы захоўваюцца ўнікальныя нелегальныя і забароненыя дарэвалюцыйныя выданні; выданні, вернутыя са спецсховішча; асобнікі з экслібрысамі або ўладальніцкімі пячаткамі; асобнікі з цэнзурнымі праўкамі, маргіналіямі.

Самае старое выданне ў бібліятэцы БДУ — “Шэсць кніг пра дзяржаву” французскага філосафа, эканаміста і юрыста Жана Бадэна, выдадзенае ў 1580 годзе ў Парыжы.

Нядаўна Фундаментальная бібліятэка БДУ набыла ўнікальны кніжны сканер. З яго дапамогай можна алічбаваць любыя выданні, перш за ўсё рэдкія і старыя кнігі. Гэта дапамагае зменшыць нагрузку на арыгіналы, забяспечыць іх захаванасць і разам з тым даступнасць для чытачоў.
Кніжны сканер абсталяваны сучаснай фотакамерай высокага разрознення і аптычнай сістэмай з вялікай глыбінёй рэзкасці. Праграма сама выраўноўвае радкі. Алічбоўка адбываецца з хуткасцю адна старонка за 0,5 секунды. 

Бібліятэка БДУ штогод набывае больш за 25 тысяч асобнікаў новых выданняў, атрымлівае каля 400 найменняў айчынных і замежных перыядычных выданняў, вядзе міжнародны кнігаабмен з 75 навуковымі і вучэбнымі арганізацыямі замежжа. Бібліятэка дае доступ выкладчыкам і студэнтам да больш чым 30 баз даных ад вядучых міжнародных навуковых выдавецтваў Elsevier, Springer Nature, Clarivate Analytics і інш.

Электронная бібліятэка БДУ з’яўляецца адным з найбуйнейшых лічбавых рэпазіторыяў у свеце (каля 200 тысяч дакументаў). Летась яе наведала звыш паўмільёна карыстальнікаў з 163 краін. Паводле міжнароднага рэйтынга Transparent Ranking of Repositories, у 2020 годзе Электронная бібліятэка БДУ займала 2-е месца сярод універсітэцкіх рэпазіторыяў свету.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.