З любоўю да альма-матар

- 11:00Вышэйшая школа

Роўна праз месяц, 30 кастрычніка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт будзе адзначаць 100-гадовы юбілей. Шматтысячны калектыў актыўна рыхтуецца да знакавай падзеі. Кожны стараецца зрабіць для альма-матар годны падарунак. Людзі пішуць кнігі, праводзяць шматлікія акцыі ў гонар універсітэта. А нядаўна сцяг БДУ пабываў на самай высокай вяршыні Еўропы — гары Эльбрус.

Сцяг БДУ на Заходняй вяршыні гары Эльбрус, 5642 м.

“Выше гор могут быть только…” людзі

Cцяг БДУ ў гонар яго 100-годдзя ўзняў на Эльбрус дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта Андрэй Максімчык. Вучоны “пазычыў” палотнішча ў дэканаце, спачатку паехаў з ім у Маскву, дзе трэба было папрацаваць у архівах, а потым накіраваўся на Каўказ.

Галоўны сімвал універсітэта быў прыняты ў 2002 годзе. Сіні колер палатна сімвалізуе навуку. Намаляваная ў цэнтры папараць увасабляе імкненне да ведаў, веры і шчасця.

Вельмі прыгожы велічны Эльбрус размешчаны на мяжы Кабардзіна-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі (Расія). Гэта горны масіў вулканічнага паходжання з ярка выяўленымі Усходняй (5621 м) і Заходняй вяршынямі (5642 м). І хоць большасць еўрапейцаў лічаць самай высокай гарой альпійскі Манблан, мы ведаем, што мяжа паміж кантынентамі праходзіць па Галоўным Каўказскім хрыбце. Нездарма Эльбрус уключаны ў спіс самых высокіх гор частак свету “Сем вяршынь”.

Андрэй Максімчык, які ўпершыню ўзнімаўся на пяцітысячнік, прызнаецца, што гэта было нялёгкае выпрабаванне. Значная вышыня, разрэджанае паветра, праяўленні горнай хваробы… На пэўным этапе ўзыходжання вучоны зразумеў, што рухаецца на мяжы сваіх магчымасцей. Але краявіды, якія адкрываліся са схілаў Эльбруса, прыцягальная блізкасць вяршыні і сцяг БДУ ў рукзаку давалі сілы ісці ўгору.

Альпіністы ведаюць, што на вяршыні сіл радавацца ўжо няма. Ёсць толькі некалькі мінут, каб аддыхацца, агледзецца на ўсе 360 градусаў, перамагаючы вецер, разгарнуць сцяг, сфатаграфавацца для гісторыі — і ўніз! Складанае ўзыходжанне — гэта заўсёды і цяжкі спуск. Ужо ў даліне, адпачыўшы і прыйшоўшы ў сябе, Андрэй Максімчык аглядаўся на Эльбрус і бачыў яго зусім іншым, чым раней. Гара, на якую глядзіш знізу, і гара, якую змераеш нагамі і ўбачыш зверху, — гэта два розныя адчуванні. 

А сцяг, які пабываў на Эльбрусе, вярнуўся ў дэканат гістарычнага факультэта ўжо рэліквіяй.

“Інтэлектуальная эліта Беларусі”

Андрэй Максімчык расказаў, што гістарычны факультэт вельмі даўно і карпатліва рыхтуецца да 100-годдзя БДУ. Яно і нядзіўна. Падраздзяленне размяшчаецца ў так званым будынку № 1 на вуліцы Чырвонаармейскай. Менавіта тут, у гэтых сценах, пачынаўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут працаваў і нават жыў пэўны час першы рэктар Уладзімір Іванавіч Пічэта. На жаль, гісторыя не захавала звестак, дзе канкрэтна месціліся кабінет і жылы пакой, але сёння на факультэце ёсць вельмі прыгожая аўдыторыя імя акадэміка Пічэты. І сучасныя гісторыкі працягваюць даследаваць яго дзейнасць і жыццё ў БДУ.

— Пічэта літаральна паляваў за галовамі, пісаў лісты вядомым навукоўцам былой Расійскай імперыі, абмяркоўваў умовы працы, пражывання ў Мінску, — гаворыць Андрэй Максімчык. — Першаму рэктару ўдалося сабраць найлепшыя кадры. Потым многія раз’язджаліся, але прыязджалі новыя. І гэта дарагога варта, бо ўніверсітэт — не толькі карпусы, лабараторыі, бібліятэка, але і людзі, якія тут працуюць.

З 2016 года на гістарычным факультэце рэалізуецца маштабны праект “Інтэлектуальная эліта Беларусі”. Усім калектывам тут вывучаюць спадчыну выкладчыкаў, прафесараў, вучоных, якія пачыналі будаваць універсітэт, чыталі студэнтам першыя лекцыі, адкрывалі навуковыя школы і адбыліся тут як вучоныя. Работа вядзецца аж да сённяшняга дня. Яе вынікам стаў пяцітомнік (літаральна на днях выйдзе ў свет апошняя, пятая кніга), дзе прадстаўлены жыццёвыя і творчыя біяграфіі выдатных прадстаўнікоў БДУ. Выданне ўключае больш як сто персаналій.

Кіруе праектам сапраўдны летапісец універсітэта загадчык кафедры гісторыі Расіі Алег Яноўскі. Аўтарскі калектыў вялікі, у працэс уключылася большасць прафесараў і дацэнтаў гістарычнага факультэта. І хоць дагэтуль нямногія з іх займаліся вывучэннем гісторыі сваёй альма-матар, усе спрацавалі на 100%. Пяцітомнік стаў знакам бясконцай павагі сучаснага БДУ да тых, хто сваім высокім інтэлектам і прафесіяналізмам стварыў сапраўдны класічны ўніверсітэт.

— Мы наноў адкрывалі гэтых людзей, — расказвае Андрэй Максімчык. — Вы не паверыце, але пра некаторых нават у інтэрнэце не было матэрыялу. Даводзілася закасваць рукавы і ісці ў архівы, музеі, бібліятэкі. Прыблізна ўяўляючы час, калі чалавек жыў і працаваў, мы пералапачвалі ўсё, што адносіцца да таго перыяду. У многіх выпадках удалося знайсці нашчадкаў, і вельмі важна, што яны беражліва захавалі спадчыну сваіх знакамітых продкаў. Частку матэрыялаў унукі перадалі ва ўніверсітэцкі музей.

Андрэй Максімчык ля гістарычнага факультэта БДУ.

Андрэй Мікалаевіч гаворыць, што хоць фармальна работа над пяцітомнікам завершана, сама тэма вымушае даследчыкаў вяртацца да яе зноў і зноў. У розных архівах захоўваецца мноства дакументаў па гісторыі БДУ. У цяперашнім архіве ўніверсітэта таксама ёсць шмат матэрыялу 40-х — 50-х гадоў і больш позняга часу. Хапіла б нават каб стварыць энцыклапедыю “БДУ ў асобах”.

— Дзякуючы ўдзелу ў праекце, многія мае калегі адкрылі для сябе новыя напрамкі дзейнасці, — расказвае Андрэй Максімчык. — Хтосьці займаецца Антычнасцю, хтосьці — Сярэднявеччам ці іншымі аддаленымі перыядамі гісторыі, але мы ўсе пачалі цікавіцца згаданай тэмай. Даследаванні выліваюцца ў навуковыя артыкулы і нават манаграфіі. Напрыклад, я не так шмат пісаў у пяцітомнік, але ў кожнай кнізе ёсць некалькі нарысаў, за якія я адказваў. Ёсць агульная рэкамендацыя: напісаць пра чалавека 10 старонак. Аднак пачынаеш пошук, знаходзіш шмат новага цікавага матэрыялу і разумееш, што немагчыма ўкласці ўсе звесткі ў такі фармат. Як вынік, у серыі Memoria et gloria (“Памяць і слава”) выйшла ўжо некалькі асобных кніг пра выбітных навукоўцаў БДУ.

Так, Андрэй Мікалаевіч змог адкрыць для сябе і ўніверсітэта вельмі неардынарную асобу філосафа і сацыёлага Саламона Кацэнбогена — першага намесніка першага рэктара. Гэта інтэлектуал свайго часу, які пакінуў значны след у развіцці сацыягуманітарных навук першай паловы XX ст. Удалося знайсці ўнукаў Саламона Захаравіча, якія ўжо ў ХХІ стагоддзі папоўнілі ўніверсітэцкі музей дакументамі і фотаздымкамі дзеда.

Зараз такі ж матэрыял сабраўся пра заолага Анатоля Уладзіміравіча Фядзюшына. Доктар біялагічных навук, заснавальнік беларускай заалагічнай школы, першы загадчык кафедры заалогіі біялагічнага факультэта, стваральнік заалагічных музеяў пры БДУ і Акадэміі навук БССР. Таксама знайшліся нашчадкі прафесара. Андрэй Максімчык ездзіў у Маскву, дзе працаваў з яго асабістым архівам, рабіў запыты ў Омскі ўніверсітэт, дзе заолаг загадваў кафедрай. Каб здабытыя матэрыялы не прапалі, пра А.У.Фядзюшына выйдзе асобная кніга.

Пяцітомнік стаў знакам бясконцай павагі сучаснага БДУ да тых, хто сваім высокім інтэлектам і прафесіяналізмам стварыў сапраўдны класічны ўніверсітэт.

Гэтак жа назапашаны багатыя звесткі пра вядомага беларускага мовазнаўца Іосіфа Васільевіча Воўк-Левановіча, які ў 20-х гадах працаваў у БДУ, а таксама пра іншых бацькоў-заснавальнікаў універсітэта. Гэта значыць будуць новыя кнігі. І памяць.

Дарэчы, яшчэ адной важнай ініцыятывай, якая рэалізуецца на гістарычным факультэце, з’яўляецца пошук і добраўпарадкаванне пахаванняў выкладчыкаў і навукоўцаў БДУ. Валанцёры працуюць на Вайсковых, Маскоўскіх і Кальварыйскіх могілках Мінска, даследуюць архіўныя дакументы, знаходзяць біяграфічныя звесткі пра вядомых дзеячаў універсітэта. Гэта дазволіць у будучыні стварыць агульнаўніверсітэцкую базу былых супрацоўнікаў, чые надмагіллі маюць патрэбу ў доглядзе і захаванні.

100 гарадоў да 100-годдзя БДУ

Адметна, што напярэдадні юбілею сцяг БДУ пабываў не толькі на Эльбрусе. 25 мая стартаваў веламарафон “100 гарадоў да 100-годдзя ўніверсітэта”, у якім прынялі ўдзел звыш ста студэнтаў, супрацоўнікаў і выпускнікоў БДУ. Яны правезлі сімвал сваёй альма-матар па родных гарадах і вёсках.

За гэтыя месяцы сцяг пабываў у Пінску, Бабруйску, Фаніпалі, Дзяржынску, Вялікіх Радванічах, Слуцку, Вілейцы і іншых населеных пунктах. Дзякуючы такой ініцыятыве, пра векавы юбілей вядучага ўніверсітэта краіны даведаліся многія беларусы. 

Завершыцца веламарафон сёння ва ўнутраным дворыку БДУ. Сцяг будзе ўрачыста перададзены кіраўніцтву ўніверсітэта, а ўдзельнікі акцыі атрымаюць памятныя медалі веламарафону BSU 100. Таксама будуць прадстаўлены сувеніры з месцаў, у якіх пабываў сцяг БДУ.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва Андрэя Максімчыка.