Зімой на ўтульных вуліцах Кармы рэшткі помнікаў архітэктуры выглядаюць задуменна, па-свойму прыцягальна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Не горш за Акропаль
Ці могуць руіны быць прывабнымі? Канечне. Узяць для прыкладу Акропаль у Афінах. Кожны год любавацца рэшткамі яго старажытных храмаў прыязджаюць мільёны турыстаў з розных куточкаў свету. Не меншай папулярнасцю карыстаюцца руіны рымскага Калізея або горада Пампеі. Падобны спіс сусветна вядомых аб’ектаў можна працягваць бясконца. А што наконт Беларусі?
Рэшткі Свята-Мікалаеўскай царквы ў Карме
Велічных руін у нас таксама дастаткова. Храмы, палацы, замкі (дакладней тое, што засталося ад іх пасля шматлікіх войнаў і ліхалеццяў) сваёй унікальнасцю могуць паспрачацца з тым жа Акропалем або Калізеем. Адзінае, у чым яны пакуль саступаюць, — шырокая вядомасць, турыстычная папулярнасць. Гэтую акалічнасць якраз і намагаюцца выправіць настаўнікі.
Калі знікае смецце?
У райцэнтры Карма таксама ёсць свой Акропаль і свой Парфенон. Руіны Свята-Мікалаеўскай царквы некалькі дзесяцігоддзяў стаяць на высокім узгорку і відаць практычна з любога месца гарадскога пасёлка. Асабліва маляўнічы від на іх адкрываецца пры ўездзе ў Карму з боку Гомеля.
Доўгі час руіны выглядалі пакінутымі, непрывабнымі. Аднак некалькі гадоў назад мясцовыя жыхары вырашылі навесці тут парадак. І гэтымі неабыякавымі людзьмі, як нескладана здагадацца, сталі настаўнікі.
— Добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол былой царквы рэгулярна прыходзяць педагогі і нашай установы, і 1-й школы. Асабліва шматлюдна тут падчас рэспубліканскіх суботнікаў, — адзначыла дырэктар гімназіі Кармы імя М.А.Міхайлашава Эла Фамічова.
Сёння пра тыя часы, калі руіны царквы зарасталі пустазеллем, Эла Рыгораўна ўзгадвае, як пра нешта вельмі далёкае, тое, што больш ніколі не паўторыцца. На кармянскім Акропалі — выкладзеныя пліткай сцежкі, уздоўж іх пасаджаны туі, пастаўлены лаўкі і сметніцы. Створана гэтая прыгажосць па ініцыятыве раённага камітэта БРСМ і пры актыўнай дапамозе кармянскіх старшакласнікаў. Цяпер гэта адно з любімых месцаў адпачынку кармянскай моладзі.
— Пасля таго як паставілі сметніцы, добраўпарадкавалі тэрыторыю, тут заўсёды практычна ідэальная чысціня. Думаю, тым, у каго ёсць звычка кідаць смецце на зямлю, рабіць гэта сярод такой прыгажосці ўжо няёмка, сорамна. Вось так канкрэтнымі справамі і выхоўваем не толькі моладзь, — адзначыла Эла Рыгораўна.
Пакручастая гісторыя
Да рэшткаў Свята-Мікалаеўскай царквы жыхары Кармы прыходзяць не толькі, каб адпачыць, палюбавацца з узгорка панарамай райцэнтра. Тут часта праводзяцца інтэрактыўныя мерапрыемствы, у першую чаргу экскурсіі для школьнікаў. Сярод тых, хто рэгулярна наведваецца на гэтае месца з вучнямі, настаўніца гісторыі гімназіі Ірына Уладзіміраўна Міроненка.
— Лёс святыні незайздросны, пра што сведчыць яе сённяшні стан. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся склад, потым пякарня, на якой у 1960-я гады адбыўся пажар, захаваліся нават яго сляды. Будынак быў значна пашкоджаны і пасля ўжо не аднаўляўся. У 1990-я гады праваслаўныя вернікі звярталіся з просьбай аднавіць храм, аднак, аказалася, прасцей пабудаваць новы. Першапачаткова ж царква ўзводзілася ў стылі класіцызму як уніяцкая на сродкі памешчыка Быкоўскага, але пасля Полацкага царкоўнага сабора была асвечана ўжо як праваслаўная.
Цікавая перадгісторыя будаўніцтва храма. Сядзібны дом памешчыкаў Быкоўскіх (яны валодалі Кармой, згодна з гістарычнымі дакументамі, з 1565 года і менавіта на аснове іх родавага герба быў створаны герб сённяшняга райцэнтра) знаходзіўся на ўзвышшы на месцы сённяшняй паліклінікі. Каб новы храм таксама ўзвышаўся над мястэчкам, яны загадалі насыпаць штучны ўзгорак. У 1831 годзе дачка Быкоўскіх выходзіць замуж за сына Дорыя-Дзерналовіча, так Карма становіцца ўласнасцю ўжо гэтага роду, — паведаміла настаўніца.
Адрадзіць былую веліч
Пра Дорыя-Дзерналовічаў варта сказаць асобна. Менавіта з гэтым родам звязана ўзвядзенне яшчэ адной архітэктурнай адметнасці Кармы — былога сядзібнага дома. Каля белага двухпавярховага будынка таксама можна часта ўбачыць настаўнікаў і вучняў. Сюды з працоўнымі акцыямі, а таксама экскурсіямі часта наведваюцца педагогі гімназіі.
— У Дорыя-Дзерналовічаў было некалькі маёнткаў, аднак толькі ў Карме будынкі захаваліся ў добрым стане. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў былым палацы размяшчаліся прытулак, школа-інтэрнат, гаспадарчая група аддзела адукацыі. Сёння тут цішыня, аднак будынак па-ранейшаму замацаваны за аддзелам адукацыі, таму мы з вучнямі падтрымліваем вакол яго чысціню, — адзначыла дырэктар гімназіі.
Двухпавярховы палац — толькі частка сядзібна-паркавага комплексу. Колішнія гаспадары ўзвялі і крухмальны завод, млын, крупадзёрку, гаспадарчыя пабудовы.
— Палац стаіць на прыгожым месцы побач з возерам. На жаль, дакладная дата яго будаўніцтва нам невядома, не змаглі мы пакуль што знайсці ў архівах і праект будаўніцтва палаца. Што тычыцца возера, то мясцовыя жыхары называюць яго спіртзаводскім. Справа ў тым, што з часам крухмальны завод быў пераабсталяваны ў спіртзавод, а возера выкарыстоўвалася для ахалоджання абсталявання, якое гаспадары заказалі ў Германіі. Працавала яно аж да 1994 года. Калі рухавік зламаўся, то і завод перастаў функцыянаваць. На чатырохпавярховым будынку можна ўбачыць дату яго ўзвядзення — 1910, — паведаміла Ірына Міроненка.
Хоць будынкі былога спіртзавода і палаца зараз не функцыянуюць, іх захаванасць даволі добрая, таму, на думку настаўніцы, варта надаць ім другое жыццё. Важны крок ужо зроблены — яны атрымалі статус помнікаў архітэктуры і ахоўваюцца дзяржавай.
Гісторыю Свята-Мікалаеўскай царквы вывучае і загадчыца бібліятэкі гімназіі Кармы імя М.А.Міхайлашава Ларыса Церахава
— Хацелася б, каб нашы архітэктурныя жамчужыны сталі паўнавартаснымі аб’ектамі турызму. Таксама на тэрыторыі былой сядзібы можна аднавіць сасновыя, ядлоўцавыя алеі. Быў там калісьці і вялікі сад, парк. Пра раслінную разнастайнасць апошняга нагадвае і назва сённяшняй вуліцы, якая праходзіць недалёка ад палаца, — Кляновая. Такія дрэвы былі пасаджаны Дорыя-Дзерналовічамі, прычым не нашых, мясцовых відаў, а прывезеныя з іншых краін. На жаль, клёны старэюць, трухнеюць, таму іх паступова зразаюць. Чаму б не адрадзіць гэтую алею? — падзялілася думкамі і дырэктар гімназіі.
На мясцовым матэрыяле
Што тычыцца экскурсій на тэрыторыі сядзібы, то яны праводзяцца не толькі дзеля адпачынку дзяцей, а ў першую чаргу з адукацыйнымі мэтамі.
Па словах Ірыны Міроненка, наведванне будынка былога спіртзавода наглядна дапаўняе інфармацыю ў падручніку 8 класа па гісторыі, калі разглядаецца тэма развіцця прамысловасці ў ХІХ стагоддзі. Калі ж вывучаецца Полацкі царкоўны сабор 1839 года, то ў якасці прыкладу педагог прыводзіць тагачасную кармянскую Свята-Мікалаеўскую царкву.
— На мясцовым матэрыяле дзеці лепш засвойваюць тэмы ўрокаў, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.
Такога ж прынцыпу прытрымліваецца і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кароцькаўскай сярэдняй школы імя П.П.Качуеўскага Таццяна Віктараўна Дзямідава. Педагог склала рэгіянальны даведнік па адукацыйным турызме “Мая Кармяншчына”, куды ўключыла і архітэктурныя жамчужыны райцэнтра — будынак былога палаца і рэшткі Свята-Мікалаеўскай царквы.
— Ідэя стварыць рэгіянальны даведнік узнікла ў 2021 годзе, калі я была класным кіраўніком. Мы з вучнямі вырашылі арганізаваць экскурсіі па адметных мясцінах Кармяншчыны. Я падумала, а чаму б гэтыя экскурсіі не ўключыць у адукацыйны працэс? Іх мы падзялілі на тры катэгорыі (“Археалагічныя адкрыцці”, “Гісторыка-архітэктурныя мясціны”, “Зноў да мінулага поглядам наблізімся”), прывялі пералік аб’ектаў, дапоўнілі яго фотаматэрыяламі. Пазначылі, па якім вучэбным прадмеце можна вывучаць той ці іншы аб’ект. З гэтым зборнікам перамаглі на раённым этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, выйшлі на абласны. Журы станоўча ацаніла нашу работу і адзначыла, што падобны даведнік варта стварыць у кожным раёне Беларусі. З чым я цалкам згодна. Цяпер будзем складаць віртуальныя экскурсіі. Адным з важных вынікаў працы над рэгіянальным даведнікам стала жаданне дзяцей узяць на сябе адказнасць за стан тых ці іншых аб’ектаў, — паведаміла Таццяна Дзямідава.
Краязнаўчыя даследаванні для маёй суразмоўніцы пачаліся задоўга да стварэння рэгіянальнага даведніка. Яшчэ ў школьныя гады яна даследавала ваколіцы роднай вёскі Кароцькі — рэчкі, урочышчы. Легенды і паданні, звязаныя з гэтымі аб’ектамі, Таццяна Віктараўна чула ад сваіх педагогаў. Сёння пра ўнікальнасць малой радзімы яна ўжо сама расказвае ў якасці настаўніцы вучням роднай Кароцькаўскай школы.
— Менавіта з вывучэння аб’ектаў малой радзімы трэба далучаць дзяцей да краязнаўчай работы. Пра гэтыя аб’екты мы пішам сачыненні, пераказы. Мая работа як настаўніцы беларускай мовы і літаратуры грунтуецца на мясцовым матэрыяле, — адзначыла Таццяна Дзямідава.
А прыкладам для яе ў школьным краязнаўстве стаў педагог Уладзімір Канстанцінавіч Клімаў. Нягледзячы на паважаны ўзрост, мужчына часта сустракаецца з вучнямі, расказвае пра адметнасці роднага краю, зачытвае ці-
кавыя факты са сваіх краязнаўчых кніг. Менавіта ён стаяў ля вытокаў распрацоўкі экскурсій па Кармяншчыне і менавіта ён натхніў Таццяну Віктараўну на папулярызацыю спадчыны роднага краю.
Падарожжа ў часе
Шмат цікавага пра старыя будынкі Кармы ведае настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Іна Міхайлаўна Галаўнёва. На яе ўроках, дзякуючы нагляднаму матэрыялу, вучні здзяйсняюць захапляльнае падарожжа ў часе.
Наглядны матэрыял актыўна дапаўняецца экскурсіямі. Як і калегі з іншых устаноў адукацыі, яна наведвае руіны Свята-Мікалаеўскай царквы, расказвае дзецям пра пакручасты лёс святыні. Абавязковым пунктам краязнаўчых прагулак па райцэнтры з’яўляецца былая сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў. Маршрут ад школы да белага двухпавярховага палаца пралягае каля будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Найбольш вядомы з іх — з так званай сцяной плача, каля якой у гады Вялікай Айчыннай вайны нацысты расстрэльвалі мірных жыхароў. Сёння на гэтым месцы памятны знак.
І ўсё ж падчас экскурсіі ў аповедзе Іны Міхайлаўны гучыць куды больш радасных нот. Добразычліва, з усмешкай, з яркімі прыкладамі і абавязкова з улікам узросту дзяцей яна расказвае ім пра архітэктурную спадчыну роднай Кармы, паказвае, наколькі яна ўнікальная і што ёй варта ганарыцца.
Справа гонару
Не застаюцца ў баку ад пошукава-даследчай дзейнасці і педагогі Літвінавіцкай сярэдняй школы. Разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргеем Валянцінавічам Малевічам яны вывучаюць лёс чырвонаармейцаў, пахаваных у брацкай магіле на тэрыторыі школы, шэфствуюць над помнікамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
— Гэтай традыцыі ўжо не адно дзесяцігоддзе. Яшчэ нашы папярэднікі, у прыватнасці, былы дырэктар Васіль Рыгоравіч Ганжураў разам з калегамі, рэгулярна праводзілі каля помнікаў мітынгі з нагоды Дня абаронцаў Айчыны, свята Вялікай Перамогі і вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Працягваем мы і традыцыі правядзення паходаў у вёску Паштовая Глінка, каля якой у лістападзе 1943 года чырвонаармейцы з баямі фарсіравалі Сож. Кожны з салдат тады здзейсніў гераічны ўчынак.
Там жа абрыў вышынёй некалькі метраў, на якім немцы абсталявалі дзоты, акопы, калючы дрот. Калі дзеці падыходзяць да абрыву, я гавару ім: “Уявіце, як складана было ўзабрацца на такі абрыў са зброяй у лістападаўскае надвор’е, а яшчэ ж трэба было весці агонь па праціўніку”. Калі дзеці чуюць такія словы, стоячы над абрывам, яны пранікаюцца мужнасцю салдат. Асабліва іх уражвае подзвіг Міхаіла Калінкіна, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, — паведаміў Сяргей Валянцінавіч.
На яго думку, падобныя наглядныя экскурсіі абавязкова павінны прысутнічаць у выхаванні. У такія моманты дзеці па-іншаму ўспрымаюць інфармацыю. На ўроках яны чуюць сухія факты, а тут мінулае для іх нібыта ажывае, складаецца з лёсаў асобных людзей. Таму догляд помнікаў на месцы брацкіх магіл, здзяйснення чырвонаармейцамі подзвігаў для іх справа гонару.
Нават шэрымі зімовымі днямі вуліцы Кармы выглядаюць утульна, прыцягальна — на кожным кроку яркія фасады дамоў, створаныя з густам патрыятычныя інсталяцыі, паўсюль чысціня, парадак. Па-свойму прывабна глядзяцца і задуменныя помнікі архітэктуры…
***
Іван Уладзіміравіч Ігнаценка, начальнік аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама:
— Нашы настаўнікі не толькі вывучаюць помнікі архітэктуры раёна, уключаюць іх у экскурсійныя маршруты. Традыцыйнымі для ўстаноў адукацыі сталі працоўныя акцыі па навядзенні чысціні вакол гэтых аб’ектаў.
Напрыклад, педагогі і навучэнцы гімназіі Кармы імя М.А.Міхайлашава традыцыйна ўдзельнічаюць у суботніках на тэрыторыі былой сядзібы Дорыя-Дзерналовічаў. Сярэдняя школа № 1 райцэнтра таксама не застаецца ў баку ад карысных спраў. Разам з калегамі з гімназіі калектыў настаўнікаў і вучняў рэгулярна добраўпарадкоўвае тэрыторыю каля рэшткаў Свята-Мікалаеўскай царквы.
Паралельна з удзелам у працоўных акцыях педагогі распрацоўваюць сямейныя маршруты, маршруты выхаднога дня. Цудоўны рэгіянальны даведнік па адукацыйным турызме створаны ў Кароцькаўскай сярэдняй школе імя П.П.Качуеўскага.
Асобна хочацца сказаць пра Літвінавіцкую сярэднюю школу, і не толькі таму, што ў свой час я быў яе выпускніком і дырэктарам. На працягу дзесяцігоддзяў тут склаліся багатыя традыцыі ўшанавання подзвігу чырвонаармейцаў, якія ў лістападзе 1943 года вызвалялі наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэтыя традыцыі праяўляюцца на канкрэтных справах — доглядзе брацкіх магіл і месцаў здзяйснення подзвігаў.
Кожная ўстанова адукацыі раёна заняла сваю нішу ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гэтая работа будзе працягнута і ў Год добраўпарадкавання. Акцэнт зробім у навядзенні чысціні на тэрыторыі школ, населеных пунктаў. У мінулым годзе Карма стала сталіцай абласнога свята хлебаробаў. Напярэдадні “Дажынак” нашаму гарадскому пасёлку дзяржава зрабіла цудоўны падарунак — яго вуліцы, дамы, будынкі ўстаноў адукацыі сталі больш сучаснымі, утульнымі. Наша задача — захаваць і прымножыць гэтую прыгажосць.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара