Аб навуцы і бізнес-інкубатары

- 9:54Якасць адукацыі

Размова аб навуцы і шляхах яе развіцця адбылася на сустрэчы навуковых работнікаў рэгіёна з кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці. Больш за сто знакамітых вучоных і маладых даследчыкаў былі запрошаны на прыём ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкама, прысвечаны Году навукі ў Беларусі.

Пачалася сустрэча з азнаямлення з выставай, на якой былі паказаны распрацоўкі навукоўцаў трох універсітэтаў — ГрДУ імя Янкі Ку­палы, медыцынскага і аграр­нага, навукова-даследчых ін­стытутаў. Распрацоўкі ў галіне навукова-метадычнага суправаджэння адукацыі прадставіў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Усяго ў Гро­дзенскай вобласці працуюць чатыры УВА, тры акадэмічныя навукова-даследчыя інстытуты, ядро навуковага патэнцыялу складаюць 108 дактароў навук і больш за 700 кандыдатаў навук, адзін акадэмік і тры члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Старшыня Гродзенскага абл­выканкама Уладзімір Краўцоў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, адзначыў вялікае значэнне навукі ў развіцці краіны, якое павінна асноўвацца на разумнай эканоміцы. Невыпадкова 2017 год аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. Вучоныя Гродзеншчыны атрымліваюць падтрымку на праекты і з абласнога інавацыйнага фонду. Так, у мінулым годзе былі прафінансаваны тры значныя праекты. Раней на сродкі фонду ў аграрным універсітэце была створана ўнікальная ДНК-лабараторыя — пакуль адзіная ў Беларусі, якая мае акрэдытацыю ў краінах Еўрапейскага саюза.

Прыярытэтнымі напрамкамі даследаванняў у Гродзен­скім дзяржаўным універсітэце з’яўляюцца нана- і біятэхна­логіі, экалогія, оптыка, лазер­ная фізіка, рэсурсазберажэнне. У Гро­дзенскім медыцынскім універсітэце паспяхова дзейнічае 14 навукова-педагагічных школ. У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце створана цэнтральная навукова-даследчая лабараторыя з філіяламі на факультэтах, біятэхналагічны цэнтр па рэпрадукцыі жывёл.

Развіваецца ў вобласці і студэнцкая навука. Больш за тысячу студэнтаў за апошнія 20 гадоў станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзі­дэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяль­най падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. 135 студэнтаў за апошнія гады былі ­адзначаны прэміяй абласнога выканаўчага камітэта. Важным крокам у развіцці навуковага патэнцыялу маладых даследчыкаў і студэнтаў стане стварэнне ў гэтым годзе на базе ГрДУ імя Янкі Купалы з ­удзелам аграрнага і медыцынскага ўніверсітэтаў навукова-тэхналагічнага ­парка. Тут будуць праца­ваць разнастайныя лабараторыі, бізнес-інкубатар. Трэба адзначыць, што ў 2016 годзе ў Гродзенскай вобласці 26 вучоных ва ўзросце да 35 гадоў сталі дацэнтамі і кандыдатамі навук.

На прыёме віншавалі вучоных, якія дасягнулі ў мінулым годзе значных вынікаў у даследчай дзейнасці. Ганаровымі граматамі Гродзен­скага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў адзначаны рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі за паспяховае кіраўніцтва школай “Клінічная арытмалогія”, высокую выніковасць у падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі; загадчык кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і алгебры ГрДУ Аляксандр Грынь — за развіццё матэматычных метадаў даследаванняў; дэкан біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ­Яўген Дабрук — за вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спецыя­лістаў і эфектыўную работу з таленавітымі маладымі навукоўцамі.

Ушанавалі і тых, каму ў мінулым годзе было прысвоена званне прафесара, хто атрымаў вучоную ступень доктара навук, абараніў дысертацыю.

На сустрэчы прысутнічалі намеснік старшыні Гродзен­скага аблвыканкама Віктар ­Лісковіч, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.