Аб прыгажосці і любімым горадзе

- 12:39Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 8 Слоніма адбыўся конкурс “Міс Беларусачка — 2018”, прымеркаваны да Года малой радзімы.

У першым туры ўдзельніцы прадставілі відэаролікі “Я і мой любімы горад”, у якіх расказалі пра сябе, свае захапленні, паказалі свае любімыя месцы Слоніма. У другім туры конкурснай праграмы “Народныя матывы ў сучасным стылі” дзяўчаты прадэманстравалі ўборы сучасных беларусак з элементамі нацыянальнага арнаменту. На трэцім этапе ўдзельніцам было прапанавана расказаць на беларускай мове, якім яны бачаць родны горад у будучыні. Журы пачула шмат цікавых ідэй па добраўпарадкаванні нашага роднага Слоніма. У інтэлектуальным конкурсе юныя лэдзі даказалі, што ведаюць свой родны горад, яго гісторыю і традыцыі.

У фінале дзяўчаты выйшлі на сцэну ў касцюмах, якія падкрэслівалі іх індывідуальнасць і прыгажосць. У завяршальным дэфіле канкурсантак суправаджалі самыя прыгожыя хлопцы школы. Пасля доўгіх абмеркаванняў члены журы, у складзе якога былі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Наталля Грасевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Ірына Сіняк, саліст беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Ігар Дударчык, мастак-мадэльер Вольга Крук, аўтар і вядучая школы макіяжу Святлана Зангіёнава, большасцю галасоў вызначылі “Міс Беларусачку — 2018”.

Уладальніцай гэтага тытула стала вучаніца 11 “Б” класа Дар’я Ляўкевіч, якая была ўзнагароджана прызамі: каронай ручной работы ад дызайнера Ілоны Хрэшчык, наборам прафесійнай касметыкі ад Вольгі Крук, памятным постарам і дыскам з аўтографамі салістаў ансамбля “Песняры” ад Ігара Дударчыка. Увесь вечар бурныя авацыі і падтрымку залы атрымлівала Юлія Муха, якая ўдастоілася звання “Міс сімпатый гледачоў”. “Міс чароўнасць” стала Карына Дружбальская, “Міс артыстызм” — Ганна Шышко, “Міс творчасць” — Хрысціна Кадоўб, “Міс грацыя” — Настасся Жукель, “Міс элегантнасць” — Аляксандра Бандарэйка.

З яркімі музычнымі нумарамі на мерапрыемстве выступілі выпускнік школы Раман Сокал, зорачкі сярэдняй школы № 8 Караліна Багдан, Раман Ярашчук, Уладзіслаў Карабінскі. А самым запамінальным было выступленне саліста беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Ігара Дударчыка.

Яркае свята адбылося дзякуючы творчаму падыходу да працы педагога-арганізатара школы Вольгі Куліны.

Ірына СІНЯК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Слоніма.