Аб спаборніцтвах нагадаюць школьныя дзённікі

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Школьныя дзённікі ў новым навучальным годзе ў Беларусі будуць упрыгожаны лагатыпам II Еўрапейскіх гульняў.

Узоры вокладак дзённікаў, узгодненых і рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі да 2018/2019 навучальнага года, размешчаны на сайце ведамства. Лагатып, а таксама афіцыйны дэвіз Bright Year, Bright You (“Яркі год, яркі ты”) ёсць на дзённіках Брэсцкай і Гродзенскай друкарняў, Барысаўскай узбуйненай друкарні імя 1 Мая.

Традыцыйна на вокладках можна ўбачыць выявы знакавых архітэктурных помнікаў, сімвалаў Беларусі — бусла, васількоў. На некаторых узорах дзённікаў размешчаны нацыянальны арнамент, выцінанка.

Як раней паведамлялася, ідэяй для стварэння лагатыпа II Еўрапейскіх гульняў стаў лозунг “Ідзі за марай”. Пра мару расказвае нацыянальная легенда — пра цудоўную папараць-кветку, якая цвіце ў летнюю ноч на Івана Купалу. І ў таго, хто яе знойдзе, здзейсняцца ўсе жаданні і мары. Так і атлеты з усёй Еўропы збяруцца ў Мінску ў чэрвені 2019 года, ідучы за сваёй марай, каб атрымаць каштоўную ўзнагароду.

Беларусь атрымала права правесці II Еўрапейскія гульні на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. I Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку, дзе беларускія атлеты заваявалі 43 узнагароды.