Абмяркоўваюцца прапановы па далейшым паглыбленні інтэграцыі

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Расія дамовіліся да 21 чэрвеня падрыхтаваць праграму дзеянняў па інтэграцыйным узаемадзеянні ў Саюзнай дзяржаве. Аб гэтым паведаміў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках сустрэчы са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым.

“Мы дамовіліся і далі даручэнне кіраўнікам нашай сумеснай групы Арэшкіну і Крутому (міністру эканамічнага развіцця Расіі і міністру эканомікі Беларусі. — Заўв. БелТА.), што яны ўзнача­ляць работу ўсіх дзяржорганаў па збліжэнні пазіцый там, дзе мы не дамаўляемся, каб да 21 чэрвеня зводны дакумент, пажадана — з меншай колькасцю рознагалоссяў, быў унесены на разгляд кіраўнікам урадаў”, — адзначыў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, на перагаворах з Дзмітрыем Мядзведзевым абмяркоўваўся шырокі эканамічны парадак дня двухбаковых адносін. Асноўнай задачай было абмеркаваць прапановы па далейшым паглыбленні інтэграцыі. Расійскі бок раней накіраваў беларускаму свае прапановы. Прапановы Беларусі таксама накіраваны ў адрас расійскага боку. “Сёння асноўнай мэтай нашых перагавораў было прайсціся па тых палажэннях, якія разыходзяцца ў праектах дзвюх краін. Па большасці пазіцый падобныя меркаванні, як рухацца па шляху інтэграцыі, большасць з гэтых пытанняў мы развіваем ужо ў Еўразійскім эканамічным саюзе, але, улічваючы ўзаемную волю і пазіцыю дзвюх краін, мы маглі б рухацца па іх у Саюзнай дзяржаве хутчэй”, — сказаў Сяргей Румас.

Прыкладна па 30 працэнтах палажэнняў пазіцыі бакоў разыходзяцца. На перагаворах абмяркоўваліся складаныя пытанні, дзе пакуль пазіцыі бакоў розныя.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, прэм’ер-міністр растлумачыў, што ў праграме дзеянняў па інтэграцыі няма пытання, звязанага з няякаснай нафтай. Гэтае пытанне, хоць і абмяркоўвалася на перагаворах прэм’ер-міністраў, вынесена на асобны разгляд.

Пры гэтым Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас адзначыў, што Расія пацвердзіла гатоўнасць вырашаць пытанні кампенсацыі Беларусі з-за сітуацыі з пастаўкамі няякаснай расійскай нафты.

“Што тычыцца кампенсацыі, у падпісаным учора пратаколе таксама ёсць гэты пункт. Бакам неабходны час, каб ацаніць урон, які нанесла некандыцыйная нафта тэхналагічным устаноўкам на Мазырскім НПЗ”, — сказаў Сяргей Румас.

Калі работа па ацэнцы ўрону будзе скончана, інфармацыя бу­дзе перададзена Расійскай Федэрацыі. “Яшчэ раз сёння было пацверджана, што расійскі бок гатовы выра­шаць пытанні кампенсацыі”, — адзначыў кіраўнік урада.

Як паведамлялася, “Белнафта­хім” 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ “Гомельтранснафта Дружба”. Абодва беларускія нафтапера­працоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і ААТ “Нафтан” — вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты. “Нафтан” і цяпер працуе на загрузцы 65 працэнтаў.

23 мая была канчаткова ўзгоднена беларуска-расійская дарожная карта па выцясненні з тэрыторыі Беларусі няякаснай расійскай нафты.