Ад інавацыі да прафарыентацыі

- 12:40Навіны рэгіёнаў, Рознае

— Дзяржаўная палітыка накіравана на дапамогу моладзі ў прафесійным самавызначэнні з улікам патрэб галін эканомікі ў кадрах, інтарэсаў, схільнасцей і магчымасцей асобы, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Т.А.Доруш. — Але даволі часта прафесійныя інтарэсы выпускнікоў не супадаюць з патрэбамі сучаснага рынку працы. Нягледзячы на тое, што моладзі прапаноўваюцца шырокія магчымасці прафесійнага выбару і добрыя ўмовы для яго рэалізацыі, некаторыя выбіраюць будучую прафесію выпадкова і непрадумана, у адпаведнасці з суб’ектыўнымі прафесійнымі памкненнямі. Гэта прыводзіць да лішку спецыялістаў у адных галінах і дэфіцыту ў іншых, што ўплывае на эфектыўнасць эканамічнага развіцця краіны.

Праблема прафесійнага самавызначэння — адна з самых актуальных для сённяшніх школьнікаў. Асабліва востра ў апошнія гады адчуваецца зніжэнне інтарэсу абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей. Іх запатрабаванасць сярод выпускнікоў сярэдняй школы № 2 Ляхавіч таксама невысокая. Так, за апошнія 5 гадоў толькі 11 учарашніх вучняў выбралі педагагічную прафесію. Улічваючы гэта, з 2014 года ў школе рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”. Мэта праекта — павышэнне ўзроўню ўсвядомленага выбару педагагічных спецыяльнасцей вучнямі, вырашэнне супярэчнасцей паміж патрэбамі соцыуму ў высокакваліфікаваных педагагічных кадрах і нізкай матывацыяй выпускнікоў на выбар педагагічных прафесій, патрэбамі рэгіёна ў пэўных кадрах і фактычным размеркаваннем выпускнікоў УВА, адсутнасцю конкурсу на асобныя педагагічныя спецыяльнасці ва УВА і выбарам учарашніх школьнікаў больш папулярных сучасных прафесій без уліку індывідуальных схільнасцей, асаблівасцей і здольнасцей. Мэта праекта дасягаецца праз арганізацыю мэтанакіраванага ўзаемадзеяння школы з ССНУ і УВА, бацькамі і соцыумам.

Т.А.Доруш лічыць, што вырашэнне названых супярэчнасцей залежыць ад выкарыстання новых падыходаў, навуковага забеспячэння, адзінства, сістэмнасці і ўзгодненасці ў планаванні і ажыццяўленні сумеснай прафарыентацыйнай дзейнасці школы, УВА і раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Так, з мэтай паспяховай рэалізацыі праекта ў школе была створана кіраўніцкая каманда, якая забяспечвае распрацоўку сістэмы і механізмаў па ўкараненні мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння ў адукацыйны працэс на аснове сістэмна-дзейнаснага падыходу. Да праекта былі далучаны найбольш вопытныя педагогі: кіраўнік творчай групы “Педагог” Г.А.Шылькова, кіраўнік клуба “Прафактыў” і педагагічнага атрада “Мара” Н.Я.Ланкуць, каардынатар работы па тэхналогіі “Роўны вучыць роўнага” Н.М.Сапега-Панько і каардынатар работы валанцёрскага атрада “Данка” Н.К.Пастушак.

З 2015/2016 навучальнага года на базе 10-га профільнага класа арганізавана работа педагагічнай групы, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца англійская і руская мова, хімія, біялогія, фізіка і матэматыка, а таксама праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” па псіхолага-педагагічных дысцыплінах. Заняткі накіраваны на развіццё ў вучняў матывацыі да педагагічнай дзейнасці, педагагічных здольнасцей, сацыяльнай кампетэнтнасці і псіхалагічнай культуры, арыентуюць школьнікаў на саманавучанне, самавыхаванне і самаўдасканаленне. Акрамя таго, факультатыўныя заняткі дазваляюць дзецям ажыццявіць першасную самадыягностыку педагагічных здольнасцей, а настаўнікам — аб’ектыўна ацаніць прафесійную прыдатнасць вучняў да педагагічнай дзейнасці.

— Удзельнікі праекта актыўна ўзаемадзейнічаюць праз цэнтр сеткавага ўзаемадзеяння, удзел у семінары “Шляхі і сродкі падрыхтоўкі вучняў да прафесійнага самавызначэння на педагагічныя прафесіі”, інструктыўна-метадычных нарадах, індывідуальных і групавых кансультацыях, — расказвае Т.А.Доруш. — Інавацыйнай дзейнасцю займаюцца 13 педагогаў, з якіх 93% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўнікі ўдасканальваюць прафесійныя кампетэнцыі на базе Брэсцкага абласнога ІРА і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.


Сістэма работы па ўкараненні мадэлі з’яўляецца адкрытай, дзякуючы чаму да рэалізацыі праекта далучаюцца іншыя педагогі. Назіраецца станоўчая дынаміка па ўсіх паказчыках інавацыйнай дзейнасці. Усе ўдзельнікі праекта займаюцца практыка-даследчай работай. Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў і іх бацькоў ажыццяўляецца ў форме псіхолага-педагагічнага кансультавання, лекторыяў, трэнінгавых заняткаў і г.д.

— Падчас псіхадыягнастычнай работы былі выяўлены 18 вучняў 8—11 класаў, якія маюць схільнасці да педагагічнай прафесіі і хочуць атрымаць адпаведную спецыяльнасць, — адзначае Т.А.Доруш. — З гэтымі вучнямі праводзілася работа па паглыбленай дыягностыцы індывідуальна-асобасных якасцей, неабходных для будучай прафесіі: трэнінгавыя заняткі “Прафесійныя і жыццёвыя планы”, прафарыентацыйныя заняткі “Прэзентацыя педагагічных спецыяльнасцей”, сустрэчы з прадстаўнікамі педагагічных прафесій горада, заняткі-гутаркі “Азнаямленне вучняў з асобнымі функцыямі педагагічнай працы і ўмовамі прафесійнай дзейнасці”, прафарыентацыйная гульня “Кантакт”, індывідуальныя і групавыя кансультаванні. Была створана база даных вучняў, якія хочуць атрымаць педагагічную спецыяльнасць. Адзінаццацікласнікі спрабуюць паступіць ва УВА педагагічнага профілю, а вучні 8—10 класаў працягваюць работу ў рамках інавацыйнага праекта.

Праект прадугледжвае шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія рэалізоўваюцца на вучэбных і факультатыўных занятках (“Мая прафесійная будучыня” і “Уводзіны ў педагагічную прафесію”), а таксама ў дзейнасці педагагічнага атрада “Мара”, клуба “Прафактыў”, валанцёрскага атрада “Данка” і школьнага самакіравання “Школьнае таварыства добрых спраў”. На працягу навучальнага года выкладчыкі БарДУ вядуць сістэмную работу з высокаматываванымі вучнямі па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. Студэнты БарДУ праводзяць прафесійныя семінары-прэзентацыі для школьнікаў, накірававаныя на павышэнне ведаў пра ўніверсітэт і яго месца ў адукацыйнай прасторы краіны. Заключана дамова аб супрацоўніцтве і з БДПУ імя Максіма Танка. На асенніх і зімовых канікулах вучні і іх бацькі наведваюць дні адкрытых дзвярэй БарДУ, БрДУ імя А.С.Пушкіна, ГрДУ імя Янкі Купалы і БДПУ імя Максіма Танка.

— На канікулах у школе дзейнічае педагагічны атрад “Мара”, — працягвае Т.А.Доруш. — Дэвіз атрада: “Любіць дзяцей, забыць пра сум”. Дзейнасць атрада накіравана на правядзенне мерапрыемстваў мастацка-творчай, спартыўнай, працоўнай і гульнявой накіраванасці, набыццё першага педагагічнага вопыту. Так, вучні рыхтуюць канцэрты, агляды, конкурсы, акцыі, дні творчасці, музычныя і фальклорныя фестывалі, дыскатэкі і заняткі па інтарэсах. Акрамя таго, атрадаўцы цесна супрацоўнічаюць з прышкольным аздараўленчым лагерам “Вясёлка”, БРПА, установамі дадатковай адукацыі, цэнтральнай раённай бальніцай і ЦКРНіР.

Для ўдзельнікаў педагагічнага атрада педагогі праводзяць экскурсію па свеце прафесій, гутарку “Знаёмства з прафесіяй выхавальнік”, сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы “Педагог — гэта гучыць горда” і студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка “Знайсці сябе” і “Партрэт будучага педагога”, круглы стол “Мая прафесія — мая будучыня”, майстар-клас і семінар-практыкум “Вобраз сучаснага настаўніка”.

Члены школьнага самакіравання і валанцёрскага атрада “Данка” ладзяць дні самакіравання, дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”, навагоднія святы для выхаванцаў ЦКРНіР, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы “Я памятаю, я ганаруся!”, а таксама вясёлыя перапынкі з малодшымі школьнікамі.

Штогод у школе праходзіць месячнік прафарыентацыйнай работы “Сто дарог — адна твая”. У мінулым навучальным годзе мерапрыемствы месячніка мелі педагагічны ўхіл.

Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з бацькамі вучняў. У рамках праекта праводзіліся бацькоўскія сходы “Асаблівасці адукацыйнага працэсу ў інавацыйным рэжыме” і “Будучыня майго дзіцяці”, тэматычныя лекторыі, сустрэчы, гутаркі і псіхолага-педагагічныя кансультацыі.

— Інавацыйны вопыт школы прэзентуецца на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і семінарах, пасяджэннях вучэбна-метадычных аб’яднанняў, метадычнага савета і педагагічных саветах, а таксама на старонках навукова-метадычнага друку, — расказвае Т.А.Доруш. — Педагогі дзеляцца вопытам па павышэнні матывацыі вучняў да педагагічных прафесій і ўдзеле дзяцей у школьных справах у розных педагагічных ролях (арганізатар гульняў на перапынках, памочнік педагога пры правядзенні выхаваўчых спраў і рабоце з дзецьмі ў школьным лагеры, стажор пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў, валанцёр).

Па словах Т.А.Доруш, рэалізацыя праекта дала станоўчыя вынікі. Так, назіраецца прафесійна-асобасны рост педагогаў, удасканальваюцца іх інфармацыйная культура і інавацыйная кампетэнтнасць, павышаецца матывацыя настаўнікаў да самарэалізацыі, развіваецца інфармацыйна-метадычная база ўстановы адукацыі. Акрамя таго, сфарміраваны банк метадычных распрацовак па тэме праекта, выпушчаны інфармацыйныя бюлетэні і буклеты, аформлены інфармацыйны стэнд “Мая прафесійная будучыня”. Павысіўся ўзровень навучанасці школьнікаў, павялічылася колькасць удзельнікаў розных конкурсаў, факультатыўных і дадатковых заняткаў. А галоўнае — вучні пачалі ўсведамляць каштоўнасць педагагічнай прафесіі і прафесійнай падрыхтоўкі, неабходнасць вызначэння блізкіх прафесійных мэт для дасягнення далёкіх, важнасць практычнай рэалізацыі асабістай прафесійнай перспектывы. 11 сёлетніх выпускнікоў паступілі ва УВА на педагагічныя спецыяльнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.