Ад інтэграцыі да глабальнай палітыкі

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю расійскаму федэральнаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму тэлеканалу “Россия 24”. У якасці інтэрв’юера выступіў намеснік дырэктара тэлеканала “Россия 1” Сяргей Брылёў.

У інтэрв’ю ўзнімаліся пытанні эканамічнага развіцця Беларусі і асноўных драйвераў росту, тэматыка развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, глабальнага парадку дня і міжнароднай палітыкі, лічбавізацыі на еўразійскай прасторы.

“Усё ў галовах. Ведаем, куды ісці, як ісці. Вопыт ужо ёсць. Усё ж такі няхай не дзесяцігоддзе, але хутка пяць гадоў Еўразійскаму саюзу. Прыклад ёсць — розныя саюзы, у тым ліку Еўрапейскі саюз. Мы разумеем, што трэба рабіць, а што нельга, каб да Брэксіту не прыйсці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Усё ўмеем, але не ўсё робім. Вы ведаеце, мы самі ствараем праблемы: ствараюцца бар’еры ў гандлі, але ж мы дамаўляліся аб свабодным руху капіталу, рабочай сілы, тавараў, паслуг і гэтак далей. І ўсюды — я Дзмітрыю Анатольевічу (Мядзведзеву. — Заўв. БелТА.) з такім намёкам гаварыў — заўважаецца нацыянальны эгаізм у гандлі. Але мы ведаем, што гэтага быць не павінна”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць выканання ўсіх дасягнутых дамоўленасцей: “Жалезна трэба выконваць. У нас пакуль гэтага яшчэ не хапае”.

Як расказаў прадстаўнікам беларускіх СМІ Сяргей Брылёў, асноўнай падставай для інтэрв’ю паслужылі мерапрыемствы ў фармаце ЕАЭС на высокім і вышэйшым узроўнях. Гэта як праведзеная нядаўна ў Мінску сустрэча на ўзроўні прэм’ер-міністраў, так і маючы адбыцца на наступным тыдні саміт саюза з удзелам кіраўнікоў дзяржаў. Акрамя таго, паводле слоў расійскага журналіста, тэма Еўразійскага эканамічнага саюза ва ўзаемасувязі з асобай і пазіцыяй Прэзідэнта Беларусі з’яўляецца часткай і яго прафесійнай біяграфіі. Сяргей Брылёў, у прыватнасці, нагадаў аб праведзеным некалькі гадоў назад інтэрв’ю з кіраўніком беларускай дзяржавы па еўразійскай тэматыцы.

Ён таксама расказаў, што рыхтуецца да эфіру серыя інтэрв’ю з лідарамі краін ЕАЭС, якія выйдуць на наступным тыдні на каналах Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі (УДТРК). Інтэрв’ю з Прэзідэнтам Беларусі плануецца паказаць у двух фарматах. У поўным варыянце яно выйдзе на тэлеканале “Россия 24” напярэдадні саміту ў Санкт-Пецярбургу. А 1 снежня ў праграме “Вести в субботу” можна будзе ўбачыць фрагменты праведзенай размовы.

У Беларусі расійскія журналісты не толькі запісалі інтэрв’ю з кіраўніком дзяржавы, але і рыхтуюць больш шырокі рэпартаж. “Даручаная мне праграма “Вести в субботу” будзе ўключаць урыўкі з інтэрв’ю і тое, што мы здымалі ў Беларусі ўчора і сёння. Гэта і знакавыя беларускія прадпрыемствы, якія ва ўсіх на слыху (МАЗ). І, напрыклад, мы былі ўчора ў інстытуце мікрабіялогіі НАН, дзе сумесна з расійскімі калегамі праведзены ўнікальныя работы. Пабывалі і на мэблевай фабрыцы”, — расказаў Сяргей Брылёў.

Ён падзяліўся ўражаннямі ад інтэрв’ю, адзначыўшы, што часам інфармацыйным напружаннем гэта нагадвае праходжанне праз ураган. “З ім заўсёды вельмі цікава раз-маўляць. Для вас (беларускіх СМІ. — Заўв. БелТА.) справа прывычная, а калі размова або аб пераломных момантах, як бяссонная ноч тут (інтэрв’ю запісвалася ў Палацы Незалежнасці, дзе ў лютым 2015 года адбыліся шматгадзінныя перагаворы лідараў краін “нармандскай чацвёркі”. — Заўв. БелТА.), або аб важных этапах, як цяпер у Еўразійскім саюзе, ён сапраўды ідэальны суразмоўнік”, — падкрэсліў расійскі журналіст.

Тэлеканал “Россия 24” уваходзіць у склад Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі. Трансліруецца не толькі ў Расіі, але і на тэрыторыі шэрага іншых краін як блізкага, так і далёкага замежжа. “Россия 24” займае лідзіруючыя пазіцыі сярод расійскіх тэлеканалаў па цытуемасці.