Ад мультфільмаў і коміксаў да інтэлект-карт

- 13:10Адукацыйная прастора

Нягледзячы на тое, што ўсе вучні абсалютна розныя, іх аб’ядноўвае імкненне да творчай дзейнасці. А творчасць, як сцвярджаюць псіхолагі, з’яўляецца прасторай для развіцця адоранасці. Задача настаўніка — зрабіць звычайны ўрок яркім, запамінальным, глыбокім па сэнсе і змесце, а галоўнае — цікавым, інфарматыўным, на якім вучань адчуваў бы сябе актыўным удзельнікам і разумеў, што ён частка каманды, без якой не можа быць руху наперад. Сваімі напрацоўкамі па актывізацыі пазнавальнай актыўнасці школьнікаў педагогі падзяліліся на рэспубліканскай канферэнцыі “Інавацыйная адукацыйная практыка як стратэгія развіцця”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Марына Васільеўна ЯЛЕЦ, настаўніца англійскай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна:

— У інфармацыйным грамадстве ўзрас­тае важнасць хуткай арыенціроўкі ў інфармацыі, якая паступае, яе аналізу і разумення. Сёння неабходна не засвойваць гатовую інфармацыю, а ўмець самастойна знаходзіць спосабы яе адбору, пераўтварэння, узнаўлення, г.зн. пераходзіць ад інфармацыйных рэпрадукцыйных ведаў да ведаў дзеяння. У рэалізацыі гэтай задачы дапамагаюць метады і тэхналогіі кагнітыўнай візуалізацыі. Яны арыентаваны на прыёмы структуравання вялікага аб’ёму інфармацыі, засваення ведаў, на спосабы мыслення.

У адукацыйным працэсе прымяняю шэраг метадаў кагнітыўнай візуалізацыі, якія садзейнічаюць больш эфектыўнаму разуменню, засваенню і прымяненню замежнай мовы навучэнцамі. Па-першае, гэта дэнататны граф, прадстаўлены ў форме лагічна структураванай дрэвападобнай схемы, якая раскрывае змест ключавога паняцця і яго асноўныя аспекты. Асноўная тэма, прадстаўленая звычайна назоўнікам або словазлучэннем, размя­шчаецца ў верхнім графе ў выглядзе прамавугольніка. Ніжэй размяшчаюцца графы з дзеясловамі, якія адносяцца да асноўнай думкі, што садзейнічае прасоўванню думкі ад асноўнай тэмы да яе істотных прымет. На трэцім узроўні размяшчаюцца назоўнікі (ці група назоўнікаў у спалучэнні з іншымі іменнымі часцінамі мовы), якія раскрываюць значэнне дзеясловаў на другім узроўні і канкрэтызуюць змест асноўнай тэмы. На чацвёртым узроўні зноў прадстаўлены дзеясловы, якія характарызуюць сувязь з назоўнікамі з папярэдняга ўзроўню. Дадзены прыём эфектыўна выкарыстоўваецца пры ўвядзенні новай тэмы (у гэтым выпадку гаворка ідзе пра асацыя­цыі і ўяўленні, а таксама пры паўтарэнні раней вывучанага матэрыялу), пры замацаванні і абагульненні лексічнага, граматычнага і краіназнаўчага матэрыялу. Таксама высокая эфектыўнасць прыёму адзначаецца падчас аналізу тэксту на замежнай мове з мэтай выяўлення істотных прымет паняцця, што вывучаецца, пры гэтым у навучэнцаў развіваецца крытычнае мысленне. Пабудова графа можа ажыццяўляцца індывідуальна, у парах ці групах, а таксама сумесна з настаўнікам.

Дадзены прыём прымяняецца ў 8—10 класах на розных этапах вучэбных заняткаў. Так, у 9 класе навучэнцы скла­даюць дэнататны граф на этапе праверкі разумення прачытанага тэксту Fastfood can be delicious silent killer, у 10 класе — на этапе ўвядзення новай тэмы Self-education, у якасці паўтарэння вывучаных у 8 і 9 класах лексічных адзінак па тэмах School is not only learning і School matters адпаведна. Васьмікласнікі складаюць дэнататны граф пры пад­рыхтоўцы і прадстаўленні маналагічнага выказвання па тэме “Кішэнныя грошы”.

Яшчэ адзін метадычны прыём, які да­зваляе аб’ядноўваць ключавыя словы і словазлучэнні ў адзіны малюнак, з апорай на які навучэнцы могуць не толькі апрацоўваць лексічныя адзінкі на ўзроўні слова, словазлучэння, але і будаваць сказы розных камунікатыўных тыпаў і звязныя выказванні, — воблака слоў. На ўроках выкарыстоўваю названы прыём для правя­дзення фанетычнай зарадкі (знайсці словы з аднолькавымі гукамі, вызначыць, які гук будзе вывучаны на ўроку, і інш.), у якасці граматычных практыкаванняў (вы­значыць групы правільных і няправільных дзеясловаў у Past Simple Tense, знайсці ўсе формы фразавага дзеяслова і скласці сказы, суаднесці слова з часцінай мовы), практыкаванні лексічнага зместу (згрупаваць словы ў адпаведнасці з прапанаванымі тэмамі), практыкаванні на навучанне механізмам чытання або аўдзіравання (па ключавых словах вызначыць тэму ўрока ці змест незнаёмага тэксту, па прадстаўленых словах прыгадаць вывучаны матэрыял), практыкаванні для развіцця спантаннай гаворкі, а таксама для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў.

Акрамя таго, выкарыстоўваю інтэлект-карты — інструмент, які дазваляе эфектыўна структураваць інфармацыю, мысліць, выкарыстоўваючы асабісты творчы патэнцыял, — пры тлумачэнні граматычнага матэрыялу (з іх дапамогай можна прадставіць любое граматычнае правіла ці канструкцыю), фарміраванні маўленчых навыкаў і праверцы ведаў навучэнцаў. Пры навучанні розным відам чытання на датэкставым, тэкставым і паслятэкставым этапах прымяненне інтэлект-карт дазваляе актывізаваць у вучняў працэсы асэнсавання, запамінання і засваення інфармацыі. Часта прымяняю інтэлект-карты пры рабоце з лексікай. Гэта вельмі зручны інструмент пры паўтарэнні, актуалізацыі і сістэматызацыі лексікі па вывучаемай тэме, а таксама па прачытаным або праслуханым тэксце. Інтэлект-карты дапамагаюць рабіць працэс пашырэння слоўнікавага запасу больш цікавым і захапляючым.

Алена Анатольеўна КІРМЕЛЬ, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 7 Гродна:

— Тэхналогія Jigsaw reading адносіцца да аднаго са спосабаў рэалізацыі інтэрактыўнага падыходу ў навучанні. Яна дапамагае наладжваць кантакт у калектыве, развіваць у навучэнцаў навыкі каманднай работы. На ўроку вучням прапануецца прачытаць тры невялікія тэксты, аб’яднаныя агульнай тэмай, запоўніць табліцу з неабходнай інфармацыяй па кожным урыўку, выканаць паслятэкставыя заданні на ра­зуменне ўсёй інфармацыі. Спярша клас дзеліцца на невялікія групы (можна па колерах, лічбах, значках, эмб­лемах і г.д.). Удзель­нікі каманды кожнага значка чытаюць толькі свой тэкст, не чытаючы тэксты іншых каманд, і разам выконваюць заданні, якія тычацца іх урыўка. Далей навучэнцы мяняюцца такім чынам, што ў кожнай групе аказваюцца па тры чалавекі, якія чыталі розныя тэксты. Кожны ўдзельнік групы павінен расказаць змест свайго ўрыўка ў межах сваёй групы так, каб астатнія яе ўдзель­нікі змаглі запоўніць адпаведныя графы табліцы. Настаўніку неабходна толькі сачыць, каб вучні кожнай групы атрымлівалі адказы ад членаў сваёй групы, а не проста чыталі новы тэкст ці спісвалі запоўненую частку табліцы іншых удзельнікаў. У працэсе выканання вучнямі задання педагог перамяшчаецца па класе ад групы да групы і каардынуе дзейнасць вучняў, дапамагаючы ім у выкананні заданняў. У выніку ў кожнай групы атрымліваецца запоўненая табліца па ўсіх трох тэкстах. Далей такім жа чынам выконваюцца паслятэкставыя заданні. На заключным этапе работы ў групах вучням прапаноўваюцца Evaluating tasks, у працэсе якіх навучэнцы павінны дагаварыцца, які з урыўкаў найбольш важны і адыгрывае асаб­лівую ролю ў тэксце, і абгрунта­ваць сваю думку. Падобныя заданні садзейнічаюць развіццю крытычнага мыслення, падчас іх выканання адбываецца пошук кампрамісных рашэнняў у групе, бо ў групавой рабоце важна адстаяць сваю думку ці ўмець адмовіцца ад яе, улічваючы адказы іншых удзельнікаў гутаркі. А ў канцы заняткаў праводзіцца сумесны аналіз памылак, адзначаных настаўнікам, і ацэньванне работы асобных груп бонусамі.

Пры выкарыстанні тэхналогіі Jigsaw reading могуць узнікнуць некаторыя цяжкасці. Адна з праблем заключаецца ў тым, што навучэнцы прывыклі да традыцыйнага падыходу, калі настаўнік стаіць на чале працэсу навучання. Навучэнцам здаецца, што яны прадастаўлены самі сабе, а яшчэ яны не прывыклі да таго, што кожная група вядзе дыялог у адзін і той жа час, а не па чарзе, а выкладчык адразу ж выпраўляе іх памылкі. Адпаведна, такі падыход дапамагае пераадолець псіхалагічныя праблемы на ўроках замежнай мовы, дапамагае зняць моўны бар’ер, калі вучань адчувае цяжкасці, не можа нічога сказаць, баючыся, што можа памыліцца.

Інеса Сяргееўна МІХАЛЁВА, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 9 Пінска:

— У практыцы маёй работы склалася сістэма прымянення займальных заданняў для фарміравання дыялагічнага і маналагічнага маўлення вучняў. Трэцякласнікі толькі пачынаюць вывучаць англійскую мову, і іх навучанне будуецца на імітацыйным паўтарэнні слоў, выразаў, фраз, таму і задача настаўніка — падабраць адпаведныя займальныя заданні.

Навучаючы дзяцей пабудове вуснага выказвання, выкарыстоўваю займальныя па змесце вершы і рыфмоўкі. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “У заапарку” (4 клас) дзецям прапаноўваецца расставіць пераблытаныя радкі верша ў правільным парадку. Такі від заданняў выкарыстоўваецца як пры індывідуальнай, так і ў парнай рабоце. Яркія эмацыянальныя рыфмоўкі, правільна пастаўленыя камунікатыўныя задачы дапамагаюць вучням развіваць памяць і мысленне.

Фарміраванне вуснага маўлення малодшых школьнікаў рэалізоўваецца праз займальныя заданні практычнай накіраванасці, такія як інсцэніроўка прачытаных казак ці гісторый (тэатр-экспромт). Навучэнцы ахвотна прымаюць удзел у драматызацыях і інсцэніроўках. На кожных занятках з дзецьмі працуюць казачныя персанажы. Менавіта яны ў рэчышчы сюжэта ствараюць спрыяльную атмасферу, якая захоўваецца на працягу ўсяго ўрока. Творчая атмасфера дазваляе неназойліва, непрыметна выхоўваць навучэнцаў, карэкціраваць іх паводзіны.

Дзеці з задавальненнем пры­маюць уд зел у захапляючых лялечных інсцэніроўках, напрыклад, казкі “Церамок”. Каб вучні самастойна змаглі разыграць дыялог у казцы, вядзецца папярэдняя работа: дзеці выцягваюць паперкі з ролямі (расказчык пачынае сваю казку, а дзеці разыгрываюць сцэнку і імправізуюць), навучэнцам прапаноўваюцца карцінкі з жывёламі, і неабходна падабраць да іх адпаведныя прыметнікі, а затым фразы з дыялогу.

Пры навучанні вуснаму маўленню падбіраюцца займальныя і даступныя для малодшых школьнікаў мультфільмы працягласцю 3—5 хвілін і апрацоўваюцца заданні да іх. Напрыклад, пасля прагляду мультфільма Big Bug and Little Bug у 3 класе дзецям прапаноўваецца намаля­ваць героя і апісаць яго, выкарыстоўваючы апорныя словы. У 4 класе вучні глядзяць мультфільм The Grasshopper and the Ants і выконваюць заданне “Дапамажы Нязнайку і дапоўні дыялог герояў”.

Разам з мультфільмамі значнае месца ў практыцы работы займаюць англійскія песні з заданнямі: дадай прапушчанае слова, падбяры карцінку. Напрыклад, пры вывучэнні лічэбнікаў пасля праслухоўвання песні Five little monkeys дзецям прапаноўваецца падлічыць непаслухмяных малпачак, падабраць карцінку, якая адпавядае зместу песні, а затым інсцэніра­ваць яе.

Каб вучні навучыліся складаць дыялогі, ім даецца заданне “Лабірынт”. Дадзены від задання ўяўляе сабой нетрадыцыйны від дыялогу, разлічаны на паслядоўнае і ўважлівае праходжанне набору праўдзівых і ілжывых рэплік. Так, на ўроках звычайна выкарыстоўваю лабірынты на этапе матывацыі, а таксама пры замацаванні маўленчых фраз пры рабоце ў парах.

Часта навучэнцы саромеюцца гаварыць, бо баяцца зрабіць памылкі ў маўленні, магчыма, з-за недахопу моўных і маўленчых сродкаў для вырашэння камунікатыўнай задачы. Аднак ім лягчэй будаваць выказванне на замежнай мове, калі прапанаваць займальныя заданні ў выглядзе гульні “Складзі і адгадай”, “Збяры пазл”, а таксама схем-ілюстрацый. Заданні такога тыпу прапаноўваюцца для пабудовы маналагічнага выказвання або пры пераказе тэксту. Навучэнцам неабходна скласці апавяданне, выкарыстоўваючы карцінкі, напрыклад, стварыць маналагічнае выказванне па тэме “Поры года”, “Мой дом” (4 клас). Пры рабоце з тэкстам для развіцця вуснага маўлення выкарыстоўваюцца дыферэнцыраваныя займальныя заданні. Напрыклад , пры рабоце з тэкстам “Маўглі” ў 4 класе вучням з нізкім узроўнем матывацыі прапаную паставіць карцінкі ў адпаведным парадку і падаб­раць да іх сказы, для навучэнцаў з сярэднім узроўнем — скласці пазл-карцінку па сюжэце тэксту і 1—2 сказамі апісаць яе, а вучням з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі неабходна выбраць героя і паказаць свае адносіны да яго.

Развіццё вуснага маўлення і пазнавальных здольнасцей забяспечваецца і вялікай колькасцю творчых заданняў і праектаў, якія выкарыстоўваюцца на ўроках. Навучэнцы ахвотна малююць коміксы з кароткімі каментарыямі ці прыдумваюць подпісы на англійскай мове да ўжо гатовых малюнкаў, а таксама самастойна ствараюць калажы. Усё гэта дазваляе ўмацоўваць камандны дух і развіваць індывідуальнасць кожнага навучэнца. Часам створаныя навучэнцамі калажы можна выкарыстоўваць падчас вывучэння некалькіх тэм.

Такім чынам, апісаныя метады і прыёмы дапамагаюць фарміраваць і разві­ваць вуснае маўленне навучэнцаў, уцягваць іх у працэс зносін, а таксама садзейнічаюць развіццю ўстойлівага інтарэсу навучэнцаў да вывучэння прадмета, што служыць перадумовай для больш трывалага засваення ведаў.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.