Ад Расіі да Кот-д’Івуара

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Каля 200 маладых даследчыкаў прынялі ўдзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Замежныя студэнты — беларускай навуцы”, якая адбылася ў Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак Пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

На традыцыйны форум акадэмія штогод запрашае замежных студэнтаў і магістрантаў з устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі. Як патлумачыў старшыня аркамітэта, рэктар ВДАВМ, доктар сельскагаспадарчых навук Мікалай Гаўрычэнка, асноўнымі напрамкамі ў рабоце канферэнцыі з’яўляюцца ветэрынарная медыцына, ветэрынарна-санітарная экспертыза і жывёлагадоўля, біялагічныя навукі, а таксама сацыяльна-гуманітарныя навукі — філасофія, сацыялогія, гісторыя, замежныя мовы, эканоміка; рабочыя мовы — руская і англійская. Найбольш актыўна ўдзельнічаюць юнакі і дзяўчаты з Туркменістана, Азербайджана, Таджыкістана, Лівана, Кітая і Расіі. Разам з тым геаграфія канферэнцый, калі зыходзіць са зборнікаў апублікаваных па іх выніках матэрыялаў, ахоплівае больш за два дзясяткі краін свету — ад Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы, Германіі да Эквадора і Кот-д’Івуара.

— Акрамя вучобы і ўдзелу ў грамадска-культурным жыцці, замежныя студэнты ў нашай краіне паспяхова займаюцца навуковымі даследаваннямі, — расказаў Мікалай Гаўрычэнка. — Для іх гэта вельмі важна і перспектыўна, у першую чаргу таму, што на радзіме маладыя спецыялісты, якія займаюцца навукай, маюць значна больш шансаў паспяхова працаўладкавацца. Для айчыннай навукі гэта яшчэ адзін крок у напрамку пашырэння навуковых кантактаў. Многіх замежных студэнтаў прываблівае магчымасць працягнуць адукацыю ў Беларусі — у магістратуры і аспірантуры. Мы як арганізатары канферэнцыі імкнёмся падтрымаць азначаныя намеры, і ўсё ж галоўная мэта — адаптацыя замежных студэнтаў. Упэўнены, што канферэнцыя дапаможа ім бліжэй пазнаёміцца з Віцебскам, знайсці новых сяброў і дзякуючы ім лепш вывучыць нашу краіну.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.