Ад SOS-цёці да мамы: ці магчыма вылечыць сям’ю ад крызісу?

- 9:01Сацыяльны ракурс

Формула шчасця для дзяцей заўсёды была простай. І самым галоўным і незаменным элементам у ёй былі і будуць бацькі. Але здараецца так, што баланс у гэтай формуле можа парушыцца, і для таго, каб пакінуць дзецям шанс на шчасце, іх неабходна абараніць ад уласных бацькоў і “падарыць” новую маму. Хто і як можа гэта зрабіць? Якія дзеці могуць разлічваць на такую дапамогу? Ці ёсць магчымасць склеіць той фундамент, на якім будавалася сям’я, якая ўжо сёння знаходзіцца на мяжы распаду?

Пра ўсё гэта нам расказалі ў Міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS-дзіцячыя вёскі”, якая напрыканцы года адзначыла 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі.

Талент быць мамай

У Беларусі Міжнародная грамадская арганізацыя “SOS-дзіцячыя вёскі” з’яўляецца асацыіраваным членам міжнароднай дабрачыннай арганізацыі SOS Children’s villages International, якая была заснавана ў 1949 годзе. Сёння дзейнасць дабрачыннай арганізацыі зарэгістравана ў 134 краінах свету.

Асноўная мэта арганізацыі — зрабіць так, каб і ў кожнага дзіцяці, якое па той ці іншай прычыне не можа выхоўвацца ў біялагічнай сям’і, і ў тых дзяцей, якім пашанцавала мець поўныя сем’і, была магчымасць расці і развівацца ў добразычлівым і гарманічным сямейным асяроддзі.

— Ужо 25 гадоў арганізацыя займаецца аказаннем комплекснай дапамогі і падтрымкі тым дзецям, якія па розных прычынах рызыкуюць згубіць ці ўжо згубілі бацькоўскую апеку, — расказвае вядучы спецыяліст па рабоце з карпаратыўнымі партнёрамі арганізацыі “SOS-дзіцячыя вёскі” Вольга Віхарава. — Сёння дзейнасць арганізацыі ажыццяўляецца ў трох рэгіёнах — Мінску, Бараўлянах, Магілёве, а таксама ў Мар’інай Горцы і Пухавіцкім раёне. Што тычыцца непасрэдна нашай работы, то праграма “SOS-дзіцячая вёска” складаецца з трох кампанентаў: доўгатэрміновая апека сямейнага тыпу дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, праз выхаванне іх у SOS-сем’ях; умацаванне сям’і і прадухіленне сацыяльнага сіроцтва праз аказанне комплекснай дапамогі дзецям і сем’ям у крызіснай сітуацыі; супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі з мэтай аказання дадатковай дапамогі і падтрымкі дзецям нашай мэтавай групы ў атрыманні якаснай адукацыі. На цяперашні момант у трох SOS-дзіцячых вёсках выхоўваюцца 186 дзяцей, якія жывуць у 32 SOS-сем’ях. Акрамя гэтага, яшчэ 5 дзяцей выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, які размешаны на тэрыторыі SOS-дзіцячай вёскі ў Магілёве.

Безумоўна, адказнасць за выхаванне дзяцей ускладваецца на SOS-маму, стаць якой няпроста. Усе мамы — гэта супрацоўніцы SOS-дзіцячай вёскі, якіх афіцыйна называюць бацькамі-выхавальнікамі. Усе мамы атрымліваюць зарплату і маюць права браць афіцыйны адпачынак працягласцю ў 50 дзён. Дзеці летам і зімой ездзяць у санаторыі ці аздараўленчыя лагеры, а гэта значыць, што ў мам ёсць магчымасць адпачыць ад штодзённага клопату. Што тычыцца дапамогі ў выхаванні дзяцей, то ў кожнай сям’і ёсць SOS-цёця — маміна памочніца, якая працуе 40 гадзін у тыдзень згодна з графікам, зацверджаным SOS-мамай. SOS-цёця дапамагае маме з дзецьмі, а таксама па доме, замяняе маму тады, калі ёй неабходна на некаторы час адлучыцца з дому, напрыклад, у паліклініку ці магазін. Выключна на SOS-цёцю ўскладваюцца бацькоўскія абавязкі ў мамін выхадны дзень, які бывае адзін раз у тыдзень.

Дарэчы, SOS-цёця ў далейшым таксама можа стаць мамай. Але дазволіць ёй ускласці на сябе бацькоўскія абавязкі змогуць толькі тады, калі будзе зразумела, што і памочніцы мам могуць паўнацэнна выхоўваць дзяцей, калі будзе бачна, што самі дзеці любяць сваіх “выхадных” мам.

Але нават пры вялікай любові да дзяцей вытрымаць той рытм, у якім жывуць SOS-мамы, змогуць не ўсе. Для таго каб штодня знаходзіцца пад адным дахам з 6—7 дзецьмі, трэба мець не толькі жалезную вытрымку, але і вялікае цярпенне.

— Працуюць SOS-мамамі толькі моцныя і адданыя сваёй рабоце жанчыны, — працягвае расказваць Вольга Віхарава. — SOS-сям’я для такіх жанчын з’яўляецца другім домам. І для іх часам вельмі складана зразумець, які дом — на першым месцы, а які — на другім, працуюць яны дома ці, наадварот, жывуць на рабоце. Неаспрэчным з’яўляецца толькі тое, што да SOS-дзяцей мамы ставяцца як да сваіх уласных, ніякіх размежаванняў тут няма і быць не можа.

Што тычыцца біялагічных бацькоў, то іх сустрэчам з дзецьмі супрацоўнікі SOS-дзіцячай вёскі не перашкаджаюць, таму што менавіта такія кароткачасовыя спатканні часам становяцца ключавымі ў працэсе аднаўлення сям’і. Напрыклад, бацькі, якія пазбаўлены правоў на выхаванне дзіцяці з-за таго, што злоўжывалі алкаголем, пераглядаюць сваё жыццё і пачынаюць усё з чыстага ліста. Гледзячы, наколькі паўнацэнна жыве ўласнае дзіця ў SOS-вёсцы, бацькі хочуць выправіць свае памылкі і загладзіць віну, даць магчымасць дзецям адчуць сябе шчаслівымі і ва ўласным доме.

Урокі выхавання

Дарэчы, каб захаваць сям’ю, якая знаходзіцца на мяжы распаду, педагогі і псіхолагі з SOS-дзіцячай вёскі праводзяць з праблемнымі мамамі і татамі трэнінгі, асноўная мэта якіх — перавыхаваць бацькоў і захаваць сям’ю. Яшчэ адным дзейсным метадам уздзеяння на крызісных дарослых з’яўляюцца праграмы па ўмацаванні сям’і, якія складаюцца індывідуальна, у залежнасці ад таго, якія праблемы неабходна дапамагчы вырашыць канкрэтным бацькам. А непасрэдна для жанчын, якія пакутуюць ад дамашняга насілля, а таксама для адзінокіх мам з дзеткамі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, адкрыты і працуюць некалькі крызісных цэнтраў. Акрамя даху над галавой, жанчыны, знаходзячыся ў цэнтры, могуць разлічваць на псіхалагічную падтрымку ад спецыялістаў, а таксама атрымаць дапамогу юрыстаў і сацыяльных педагогаў.

На тэрыторыі SOS-дзіцячай вёскі, акрамя крызіснага цэнтра, пабудаваны маладзёжны дом. Жыць у ім могуць SOS-выхаванцы ва ўзросце да 23 гадоў. Справа ў тым, што з 15-гадовага ўзросту дзеці SOS-вёскі ўжо лічацца дарослымі. Пасля заканчэння 9 класа яны паступаюць у прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і пакідаюць бацькоўскі дом.

— У маладзёжных дамах пражываюць 32 выпускнікі SOS-вёскі. Акрамя гэтага, сёння 85 маладых людзей — выпускнікоў SOS-сем’яў, прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама інтэрнатных устаноў атрымліваюць дапамогу і падтрымку ў рамках дзейнасці маладзёжных дамоў, — тлумачыць Вольга Віхарава. — За 25 гадоў свайго існавання арганізацыя выпусціла ў самастойнае жыццё 127 маладых людзей з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Што тычыцца адукацыі, кожны выпускнік мае прафесійную адукацыю, прычым 22 атрымалі дыпломы аб вышэйшай адукацыі. 4797 дзяцей (а гэта больш чым 3000 сем’яў) атрымалі дапамогу і падтрымку ў рамках умацавання сям’і і прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва. Увогуле, сёння комплексная дапамога і падтрымка прадастаўляецца 989 дзецям з 365 сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у рамках праграмы па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. 546 дзяцей з дзяржаўных прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — а гэта 207 бацькоў — атрымліваюць комплексную доўгатэрміновую падтрымку ў рамках дзейнасці школы бацькоў. Больш чым 700 дзяцей атрымліваюць індывідуальную падтрымку ў рамках супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі. Калі гаварыць пра кароткатэрміновую падтрымку і дапамогу, то на працягу мінулага года яна была аказана 494 дзецям і 268 дарослым.

Міжнародная грамадская арганізацыя “SOS-дзіцячыя вёскі” з’яўляецца моцным рухавіком, які здольны змяніць жыццё дзяцей, падарыць ім шчаслівае дзяцінства, галоўнай умовай і важным незаменным элементам якога з’яўляецца менавіта мама.

***

Каб не абмяжоўвацца сухімі фактамі, а паказаць, як насамрэч арганізавана жыццё ў SOS-вёсцы, я вырашыла пагаварыць з тымі, хто штодня на працягу многіх гадоў працаваў і рос у SOS-вёсцы. Маімі субяседнікамі сталі SOS-мама, якая выгадавала не адно пакаленне дзяцей, і 17-гадовая спартсменка Насця, дзяцінства якой прайшло ў SOS-вёсцы.

Гісторыя Марыі (імёны зменены)

— Мне 43 гады. SOS–мамай я працую амаль 12 гадоў. Дагэтуль памятаю той дзень, з якога ўсё пачалося. Мне быў 31 год, я працавала ў банку. Неяк пачула па радыё аб’яву наконт таго, што ў Мар’інай Горцы пачынае працаваць SOS-дзіцячая вёска і туды на работу запрашаюць SOS-мам. Пачала задумвацца аб сваім жыцці. Сваёй сям’і ў мяне не было. Увогуле, усё неяк не складвалася. А ўзрост ужо быў такі, што хацелася і сям’ю, і дзяцей. Я вырашыла пакінуць у мінулым усё, чым жыла да гэтага, і пайшла ўладкоўвацца на работу ў SOS-дом. Безумоўна, спачатку мне выпала магчымасць пабыць у ролі SOS-цёці. І гэта вельмі правільная практыка — пажыць з дзецьмі, знаходзячыся з імі на пэўнай адлегласці, прывыкнуць да іх, убачыць, якія яны па характары, у псіхалагічным плане. На працягу 8 месяцаў я была памочніцай SOS-мамы. І так атрымалася, што з-за пэўных жыццёвых прычын мама, якой я дапамагала, была вымушана пакінуць сваіх дзяцей, сваю работу. Я засталася з дзецьмі. Як правіла, SOS-мама сама выбірае дзяцей у сваю сям’ю. У нас усё атрымалася наадварот — дзеці самі выбралі мяне.

У нас гарадок невялікі. Многія знаёмыя, сустракаючы мяне на вуліцы, заўсёды пытаюцца, як гэта — жыць з чужымі дзецьмі. Ведаеце, што хочацца пачуць людзям? Яны хочуць пачуць, што з нашымі дзецьмі цяжка. Але нашы дзеці звычайныя і нічым не адрозніваюцца ад тых, хто расце ў поўнай сям’і. Яны ходзяць у звычайную школу, маюць такія ж захапленні, як і астатнія дзеці, і таксама жывуць у сям’і! У сапраўднай і дружнай сям’і!

Ці цяжка мне з 7 дзецьмі? Не, прывыкла ўжо. Дзень вялікі, мы ўсё паспяваем. Я прачынаюся ў 6.30, гатую снеданне. Дарэчы, мы гатуем ежу згодна з меню. Можна замяняць некаторыя прадукты, але адступаць ад асноўных страў не рэкамендуецца.

Зараз у мяне жывуць 7 дзяцей: 3 дзяўчынкі, у кожнай з якіх ёсць родны брат, і яшчэ адзін хлопчык. Калі старэйшыя дзеці вырастаюць і ідуць вучыцца, на іх месца, зразумела, прыходзяць новыя дзеткі, прычым такія дзеткі павінны мець статус сіраты. Новым дзецям цяжка прывыкаць да сям’і толькі ў тым выпадку, калі яны трапляюць да нас ужо дарослымі і памятаюць сваіх біялагічных бацькоў. З маленькімі ўсё намнога прасцей. Былі ў мяне дзве дзяўчынкі 12 і 10 гадоў. Першы тыдзень у сям’і для іх у псіхалагічным плане быў цяжкім. Яны не ведалі, як сябе паводзіць са мной, як называць — цёцяй ці мамай. У нас, дарэчы, існуе такое правіла, што мы не прымушаем дзяцей зваць нас мамамі. Праз тыдзень жыцця ў вёсцы сястрычкі назвалі мяне мамай. Безумоўна, калі я чую слова “мама” з дзіцячых вуснаў, я адчуваю нешта неперадавальнае. Цяжка растлумачыць тыя эмоцыі і пачуцці, якія адчувае SOS-мама ў такі трапяткі момант.

Што тычыцца ўзаемаадносін маіх дзяцей з біялагічнымі бацькамі, то такіх сустрэч мы не пазбягаем. Безумоўна, у глыбіні душы кожнаму дзіцяці хочацца, каб яго пабачыла біялагічная мама. Нашы дзеткі дагледжаныя, прыгожа апранутыя. І ім хочацца, каб сапраўдная мама, убачыўшы іх, пашкадавала, што не захавала сям’ю. Калі я прыйшла працаваць, у доме ўжо жылі Аня, якой было тры гады, і яе брат, 10-гадовы Дзіма. У SOS-вёсцы на той момант яны жылі ўжо амаль два гады. Зразумела, што Дзіма памятаў сваю маці. Зараз Ані амаль 15 гадоў, яна яшчэ жыве са мной. А брату больш за 20. І ён наладзіў сувязь са сваёй біялагічнай мамай. Прапаноўваў і Ані сустрэцца з ёй, але дзяўчынка баіцца. Яна стварыла ў сваёй галаве вобраз мамы, і самы вялікі страх — расчаравацца ў ёй. Мы размаўлялі з дачкой (Аня для мяне менавіта дачка) на гэтую тэму, і я бачу, што Аня пакуль што не гатова да такой сустрэчы. Магчыма, пройдзе час — і нешта зменіцца. Але мае адносіны ні да аднаго з маіх дзяцей не памяняюцца. Для кожнага з іх у маім сэрцы ёсць месца.

Гісторыя 17-гадовай Настассі Рунец

— Я трапіла ў SOS-дзіцячую вёску ў Мар’інай Горцы, калі мне было чатыры гады. Мама расказвала, што яны прыехалі ў прытулак выбіраць дзяцей. Калі выйшла я, мама на мяне адразу звярнула ўвагу. Я была такой тэатралкай! Стаўшы перад дарослымі цёцямі, пачала быццам бы фарбаваць вусны, вейкі. Маме спадабалася, што я такая смелая. І яна забрала мяне з братам у сям’ю. На той момант SOS-вёска яшчэ будавалася, мы першы час жылі на кватэры. Увогуле, няважна, дзе жыць — у вялікім доме ці ў кватэры. Галоўнае, каб побач была мама.

Зараз мы з братам жывём у маладзёжным цэнтры. Сёлета я заканчваю вучобу ў каледжы і планую паступаць у Акадэмію МУС. Маім галоўным захапленнем з’яўляецца тайскі бокс. Усё пачалося год назад, калі я сустракалася з хлопцам, які займаўся гэтым відам спорту. З хлопцам адносіны не склаліся, а вось бокс я вельмі палюбіла. За шэсць месяцаў трэніровак я паказала добрыя вынікі і паехала на чэмпіянат рэспублікі. І перамагла, стала чэмпіёнкай Беларусі сярод юніёраў. Пасля быў чэмпіянат свету, які праходзіў у Швецыі. На ім я заваявала бронзавы медаль. Для чалавека, які ў спорце ўсяго год, гэта вельмі высокі паказчык. Я стала кандыдатам у майстры спорту. Зараз актыўна трэніруюся і планую выйграць наступны чэмпіянат свету.

Мне вельмі прыемна, што маімі дасягненнямі ганарыцца мама. Што адчувае біялагічная маці — не ведаю. Усё-такі мама — яна адна. І мая мама жыве ў SOS-вёсцы, дзе і ёсць мой дом.

Гутарыла Наталля ДУБІК.