Працягваем цыкл публікацый у рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”. І сённяшні наш выпуск прысвечаны Магілёўскаму дзяржаўнаму прафесійнаму ліцэю № 2, дакладней кажучы, кіраўнікам самадзейных творчых калектываў гэтай установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія летась — і ўжо не ўпершыню — сталі пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”, цудоўна выступілі на гала-канцэрце форуму ў Маладзечне і на свяце з нагоды 75-годдзя прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прызнацца, тады, пасля канцэртаў у Маладзечне і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, я быў вельмі ўражаны выступленнямі магілёўскіх хлопцаў — як танцораў, так і ўдзельнікаў хору. Тым больш што ведаў: усе яны вучацца ў выключна мужчынскай установе прафесійна-тэхнічнай адукацыі (у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 2 навучаюцца толькі хлопцы) і атрымліваюць выключна суровыя мужчынскія прафесіі: станочніка шырокага профілю, слесара-рамонтніка, электразваршчыка на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, электрагазазваршчыка, электразваршчыка ручной зваркі, слесара па рамонце аўтамабіляў, слесара-электрыка па рамонце электраабсталявання…
Але, прыехаўшы ў Магілёў, пазнаёміўшыся і пагутарыўшы асабіста з кіраўнікамі творчых калектываў Магілёўскага прафліцэя № 2, я быў здзіўлены і ўражаны яшчэ цэлым шэрагам момантаў, якія тычацца ўжо непасрэдна і асабіста іх, маіх суразмоўцаў.
Па-першае, іх маладосцю. Кіраўнік танцавальнага калектыву Дзмітрый Мураўёў нарадзіўся ў 1984 годзе, кіраўнік харавога калектыву Юлія Зубрыцкая — і наогул у 1990 годзе. Апошняя нават сама яшчэ вучыцца завочна на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова і мае намер атрымліваць другую — артыстычную — адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ці Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Па-другое, іх звышзапатрабаванасцю ў сённяшняй культурнай прасторы Магілёва і, скажам так, размахам іх творчай дзейнасці. Мяркуйце самі. Дзмітрый Мураўёў, акрамя таго, што кіруе танцавальным калектывам у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 2, танцуе ў заслужаным аматарскім ансамблі песні і танца “Медуніца” (гэты калектыў, дарэчы, пазалетась атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва; у складзе “Медуніцы” Дзмітрый Мураўёў прадстаўляў нашу краіну на сусветных выставах “Экспа” ў Шанхаі ў 2010 годзе і ў Мілане ў 2014 годзе), з’яўляецца мастацкім кіраўніком узорнага дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Усмешка” ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускай чыгункі, у якасці харэографа супрацоўнічае з Магілёўскім абласным драматычным тэатрам, дзе галоўным рэжысёрам цяпер працуе знаны літоўскі рэжысёр Саулюс Варнас, з якім Дзмітрый паспяхова знайшоў агульную мову. Юлія Зубрыцкая паралельна з працай на пасадзе кіраўніка ліцэйскіх хору і эстраднай вакальнай групы кіруе эстраднай студыяй “Эверэст” у Цэнтры творчасці “Эрыдан” Магілёва, спявае ў народным ансамблі эстраднай песні “Арыён” Магілёўскага абласнога палаца культуры, вядзе вакальную эстрадную групу ў сваёй роднай магілёўскай сярэдняй школе № 39. Трэба было чуць, як разрываліся мабільнікі маіх суразмоўцаў ад званкоў іх калег па розных творчых суполках. Невыпадкова дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2 Уладзімір Рыгоравіч Шэх, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сяргей Юр’евіч Клепча і культарганізатар Аксана Уладзіміраўна Ігнаценка ў гутарцы са мной не раз адзначалі, што ліцэістам, удзельнікам руху мастацкай самадзейнасці, вельмі пашанцавала з такімі таленавітымі і запатрабаванымі выкладчыкамі.
І, нарэшце, па-трэцяе, і Дзмітрый Мураўёў, і Юлія Зубрыцкая мяне надзвычай уразілі многімі ўласнабіяграфічнымі фактамі, тым, якімі няпростымі, часам нават парадаксальнымі шляхамі яны ішлі ў свае любімыя творчыя прафесіі, якія неверагодныя цяжкасці на гэтых шляхах пераадольвалі, тым не менш ніколі не губляючы веры ў прадвызначанасць лёсу і канчатковы поспех.
Такім чынам, знаёмімся…
Кіраўнік танцавальнага калектыву Дзмітрый Іванавіч МУРАЎЁЎ: “Так, танцуюць нагамі, так, танцуюць рукамі. Але ўсё роўна мы выказваем танцам тое, што ў нас у душы…”
* Калі коратка расказаць пра сваю біяграфію, то гэта будзе выглядаць прыблізна так. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў вёсцы Мядзвёдаўка Магілёўскага раёна, скончыў Хонаўскую сярэднюю школу ў вёсцы Завадская Слабада (Хонаўскай школа называецца па назве гістарычнай вёскі Хонава, якая сёння фактычна знікла і ўлілася ў аграгарадок Завадская Слабада). Вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы культуры на аддзяленні харэаграфіі па спецыялізацыі народнага танца з 2001 па 2005 год. Пасля заканчэння вучылішча паўгода адпрацаваў па размеркаванні ў Чэрыкаве. Затым праходзіў вайсковую службу ва ўнутраных войсках, у 1-й спецыяльнай брыгадзе міліцыі ў Мінску, дзе атрымаў, лічу, яшчэ адну творчую спецыяльнасць інструктара кіналагічнай службы. Вярнуўшыся пасля арміі ў Магілёў, уладкаваўся працаваць у заслужаным аматарскім ансамблі песні і танца “Медуніца”, дзе і сёння працую на паўстаўкі. На сённяшні момант маё асноўнае месца працы — культурна-спартыўны цэнтр Беларускай чыгункі, дзе я кірую ўзорным дзіцячым харэаграфічным калектывам “Усмешка”. А ў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 я трапіў у 2009 годзе — мяне папрасілі тады дапамагчы тагачаснаму кіраўніку ліцэйскага танцавальнага калектыву паставіць нумар для ўдзелу ў “АРТ-вакацыях”.
* Да танца мяне прывяла, напэўна, усё-такі воля лёсу, а можа, і проста выпадак. Першыя творчыя крокі я пачынаў не з харэаграфічнага мастацтва, а з тэатральнага. У Хонаўскай сярэдняй школе разам з нашай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ірынай Міхайлаўнай Сырамалотавай мы нярэдка ставілі невялікія тэатральныя замалёўкі паводле твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Дуніна-Марцінкевіча… Лепшыя з нас выходзілі выступаць на сцэну сельскага Дома культуры. І адным з відаў узнагароджання нас, самых актыўных школьных тэатралаў, была магчымасць бясплатнага наведвання сельскай дыскатэкі. А што такое сельская дыскатэка? На самай справе, вясковая моладзь цягнецца туды, як правіла, не для таго, каб патанцаваць, а каб патусіць, пакантактаваць адно з адным, прычым не ўнутры памяшкання Дома культуры, а недзе побач, пры гэтым трымаючы ў руках цыгарэты і піва. Нас, безумоўна, спрабавалі ўсяляк выцягваць з гэтай “маладзёжнай культуры”, гаварылі пра здаровы лад жыцця і ўсё ў гэтым духу, але ў падлеткавым узросце чалавека цяжка ў нечым пераканаць. І, дзякуй богу, асабіста мне ўсё тое, што адбывалася каля Дома культуры, было проста нецікава. Я хутка зразумеў, што іншага выйсця на вясковай дыскатэцы не дадзена — або ты танцуеш, або курыш за вуглом. І я выбраў першае.
* Як гэта было? Ну, вось іграла дыскатэчная музыка, я выходзіў адзін на танцпляцоўку і пачынаў танцаваць, гледзячы на сябе ў люстэрка. Безумоўна, гэта нагадвала вар’яцтва, тым больш што ў мяне зусім нічога не атрымлівалася, а аднавяскоўцы, якія раз-пораз заходзілі ўнутр, толькі круцілі пальцам ля скроні, здзекліва рагаталі ці па-сур’ёзнаму казалі, маўляў, Дзіма, ну, годзе ўжо народ смяшыць, давай лепш пойдзем пакурым, вып’ем, проста паслухаем музыку на вуліцы, а потым дзе-небудзь у крузе патопчамся. Дарэчы, вельмі трапнае слова для сённяшніх дыскатэк — “патаптацца”. Лепей, і сапраўды, не прыдумаеш.
* Але не той у мяне быў характар, каб так вось хутка здацца. Мне хацелася ўсім даказаць, што я здольны на большае. І я пачаў дома вучыцца танцаваць. Натуральна, інтэрнэту тады не было, адзінай крыніцай было тэлебачанне. І вось я ўключаў “Ранішнюю зорку”, “Усё нармальна, мама!” (дзякуй Ларысе Грыбалёвай!), глядзеў, як у гэтых і іншых тэлеперадачах танцуюць нашы і замежныя зоркі, вачыма спрабаваў злавіць іх рухі, калі ўдавалася злавіць, пераносіў іх на сябе… А потым па суботах, на дыскатэках у вясковым Доме культуры ўсё адпрацоўваў і адпрацоўваў, не зважаючы на кпіны аднакласнікаў, аж пакуль тыя… у адзін цудоўны момант перасталі з мяне смяяцца. “Ну, ты прыроджаны танцор!” — гаварылі цяпер яны мне і гаварыў я сам сабе. Хоць першыя гады вучобы ў Магілёўскім вучылішчы культуры, куды я паступіў пасля школы, апусцілі-такі мяне на зямлю: я ўбачыў, што ўсё роўна яшчэ амаль нічога не ўмеў у харэаграфіі, быў проста нейкім маленькім брыдкім качанём, асабліва ў параўнанні з тымі аднакурснікамі, якія займаліся ў танцавальных гуртках, школах мастацтваў. Зрэшты, і тут усё вырашыў мой характар — я хацеў даказаць усім, што ў мяне атрымаецца. І ўжо да 4 курса я навярстаў упушчанае, а ў нейкіх момантах, як прызнаваліся мне нават самі аднакурснікі, нават выйграваў у іх.
* Танец, той танец, якім мы займаемся з навучэнцамі ў Магілёўскім прафесійным ліцэі, дае нам магчымасць выхоўваць дзяцей не толькі ў плане харэаграфічнага мастацтва, але і ў плане чалавечым, маральным. Таму што… так, танцуюць нагамі, так, танцуюць рукамі. Але ўсё роўна мы выказваем тое, што ў нас у душы. І гэтае выказванне павінна абапірацца на нешта правільнае, ідэалагічна і маральна вытрыманае. Напрыклад, на апошніх “АРТ-вакацыях” мы ставілі кампазіцыю “Жураўлі” пад Марка Бернеса. Перад тым, як уласна развучваць нумар, мы з дзецьмі доўга гутарылі, аналізавалі ўрокі Другой сусветнай вайны, я прасіў хлопцаў прыгадаць, у каго з іх ваявалі дзядулі ці прадзядулі. Сам расказваў ім сваю гісторыю пра тое, як маю бабулю ва ўзросце 6 гадоў вывезлі разам з сёстрамі ў Аўстрыю. Гэта ёй так пашанцавала, што тыя аўстрыйцы, да якіх яны трапілі, паставіліся да іх як да дзяцей, кармілі, як маглі падтрымлівалі, хаця ўсё роўна трымалі больш як за прыслугу. А колькі нашых людзей загінула там у страшэнных муках! Колькі нашых салдат палегла на палях баёў! Можа, менавіта таму, што я спрабаваў разварушыць душы і розумы маіх танцораў, прымусіць іх пранікнуцца тэмай, а не проста паказаць рухі, пластыку, нашы “Жураўлі” так кранулі публіку, журы “АРТ-вакацый”… Хлопцам удалося паказаць душы тых салдат, тых мірных людзей, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
* Выхаваўчы момант заўсёды прысутнічае на нашых занятках, у нашых пастаноўках, а працуем мы, як правіла, у трох кірунках: народным, сучасным і эстрадным. Рабілі кампазіцыі пад “Песняроў”, “Троіцу”, песню I love Belarus, якая гучала ад Беларусі на “Еўрабачанні”… Летась ставілі танец пад народную песню ў выкананні “Медуніцы”. Гэта такая крыху жартоўная песня пра нашага простага мужыка і ўзаемаадносіны яго з жанчынамі. Дык вось нават і тут выразна прасочваўся выхаваўчы падтэкст, маўляў, беганіна ад спадніцы да спадніцы — гэта яшчэ зусім не паказчык жыццяздольнасці мужчыны. Павінны быць проста нармальныя адносіны паміж двума поламі. А сёння гэты аспект нашага жыцця набывае асаблівую актуальнасць, калі ўсё больш і больш агрэсіўнай становіцца заходнееўрапейская прапаганда пра маму і маму, тату і тату, а то і наогул пра безаблічных “родителя № 1” і “родителя № 2”.
* Безумоўна, у ліцэі мы не маем магчымасці прафесійна займацца харэаграфіяй, тут няма спецыяльных харэаграфічных класаў, станка і г.д. Праходзім трэнаж на мінімальным узроўні, займаемся так званай партэрнай гімнастыкай. Дый гэта не сакрэт, што зрабіць прафесійных танцораў з нашых навучэнцаў, якія выбралі для сябе па жыцці рэальную рабочую прафесію, зусім не ўваходзіць у нашы задачы. Гэта выдатна разумее і журы, ацэньваючы на конкурсах нашы выступленні і чакаючы ад нас менавіта непасрэднасці і душэўнасці на сцэне, а не тэхнікі выканання. Таму я і падбіраю навучэнцаў у першую чаргу пад канкрэтны характар. Напрыклад, мы ставілі нумар “Мы любім бугі-вугі” з кінамюзікла “Стылягі”. І вось быў у нас такі навучэнец Слава Чэрнік — пры сваім росце 150 см, пры сваіх формах ён быў падобны больш на балабушку, а не на танцора. Але калі ён станавіўся ў гэты нумар, у яго адразу пачыналі свяціцца вочы, бо гэта было яго. І з гэтым вобразам, з гэтым характарам мы трапілі ў самую “дзясятачку”! Дарэчы, у 2013 годзе з кампазіцыяй “Мы любім бугі-вугі” мы таксама заваявалі 1-е месца на “АРТ-вакацыях”. Слава Чэрнік ужо закончыў ліцэй. І вельмі прыемна, што, калі мы сустракаемся, не толькі са Славам, але і з іншымі нашымі выпускнікамі, потым у жыцці — дзесьці на вуліцы ці ў магазіне, ніхто з іх ніколі не адварочваецца, усе вітаюцца і ўсміхаюцца, і гэта — галоўнае. Значыць, мы засталіся ў іх памяці добрымі прыязнымі адзін да аднаго людзьмі.
* Я ведаю цэлы шэраг людзей у нашым горадзе, якія займаліся ў гады вучобы харэаграфіяй, сёння вельмі паспяховых у сваіх прафесіях. Хтосьці з іх — падпалкоўнік міліцыі, хтосьці — урач, хтосьці — галоўны інжынер… Карацей, у свой час яны адтанцавалі, а потым зрабілі сваё жыццё так, як ім захацелася. Але тут вельмі важны такі момант, як пераемнасць пакаленняў. Ужо сваіх уласных дзяцей, хутчэй за ўсё, яны таксама аддадуць у харэаграфію, памятаючы пра тое, што ў свой час ім самім было добра і цікава займацца танцамі.
* Тут, у ліцэі, мы працуем разам, адной педагагічнай сям’ёй. Калі з Мінска атрымліваем новую скразную тэму чарговых “АРТ-вакацый”, разам абмяркоўваем, разам прадумваем нумары, іх чарговасць, нейкія такія цікавыя пераходныя моманты-фішкі, каб канцэрт самадзейных мастацкіх калектываў ліцэя ўяўляў цэласную ёмістую карціну. Безумоўна, тут трэба сказаць словы вялікай удзячнасці нашаму дырэктару Уладзіміру Рыгоравічу Шэху, які вельмі нераўнадушна ставіцца да нашай творчасці. Вельмі часта ён як бы не стрымлівае нас у нечым, а, скажам так, давяраючы нам, праводзіць і нейкую сваю лінію, падказвае нам пэўныя моманты, ад якіх мы адштурхоўваемся. Хаця мы, кіраўнікі калектываў, у сваю чаргу можам і яго пераканаць у нечым. Тут у нас заўсёды агульны добразычлівы дыялог і пошук ісціны, які заўсёды прыводзіць да нейкага выніку. А вынік, ён заўсёды прыйдзе, калі сумленна і старанна працаваць. Не праз год, дык праз два, праз пяць, праз дзесяць… Вось мы ўжо тры разы выступалі на “АРТ-вакацыях” і кожны раз прыязджалі з дыпломам пераможцы. У 2011 годзе — з “Мы любім бугі-вугі”, у 2013 годзе — з “Ваярамі”, летась — з “Жураўлямі”… Я ўжо нават грэшным чынам думаю: а можа, гэта ўсё-такі нейкая фартуна, а не заканамернасць? Можа быць, гэта нейкае шостае ці сёмае пачуццё, якое выцягвае нас наперад? Але, як бы там ні было, усё роўна гэта — барацьба. А ў барацьбе немагчыма пастаянна быць першым. І я шчыра скажу, што быў бы рады, калі, напрыклад, на наступных “АРТ-вакацыях” у нашай намінацыі стаў бы пераможцам нейкі іншы калектыў. І тады яшчэ цікавейшай будзе гэтая барацьба. У педагогаў будзе стымул падцягнуцца, і дзеці не будуць расслабляцца.
Кіраўнік харавога калектыву навучэнцаў Юлія Леанідаўна ЗУБРЫЦКАЯ: “Гэтыя звычайныя хлопцы, палова з якіх стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, адчуваюць, што імі ганарыцца ліцэй, што яны патрэбны ліцэю…”
* Я нарадзілася ў 1990 годзе ў Магілёве ў творчай сям’і. Бацька, звычайны рабочы Магілёўскага металургічнага завода, у дзяцінстве ўдзельнічаў у самадзейнасці ў сваёй роднай вёсцы Свяцілавічы Бялыніцкага раёна, іграў на гітары, хораша спяваў. Маці закончыла Магілёўскае культасветвучылішча па спецыяльнасці “Рэжысёр народных абрадаў і свят”. А мяне ў дзяцінстве куды толькі ні заносіла — і ў шахматы, і нават у валейбол — і гэта пры маім не надта вялікім росце… Тым не менш ужо ў малодшых класах магілёўскай сярэдняй школы № 39 выразна акрэсліліся мае схільнасці да гуманітарных прадметаў — літаратуры, мовы. А ў 5 класе наш класны кіраўнік настаўнік гісторыі Віктар Анатольевіч Раманаў літаральна заразіў мяне сваім прадметам. Я вельмі многа чытала, асабліва гістарычнай літаратуры. Віктар Анатольевіч вёў у нас клуб “Што? Дзе? Калі?”, мы пастаянна выязджалі на гульні. У нейкі момант нават так атрымалася, што ў камандзе адзінаццацікласнікаў не хапала аднаго гульца, і мяне, малую пяцікласніцу, яны ўзялі да сябе ў каманду! Ужо ў 6 класе я была цвёрда пераканана, што звяжу сваё жыццё з гісторыяй і абавязкова буду паступаць на гістфак Магілёўскага ўніверсітэта, што, зрэшты, і адбылося. Пра песні я тады зусім не думала, хаця і папісвала час ад часу наіўныя дзіцячыя вершыкі, міжволі напяваючы іх на нейкі немудрагелісты матыўчык.
* Летам 2003 года, паміж 6 і 7 класамі, я паехала ў піянерскі лагер імя Зоі Касмадзям’янскай у Магілёўскім раёне. І неяк у лагеры ў мяне напісаўся вершык пра тое, як хораша там адпачываць. Гэты вершык адразу лёг на нейкую мелодыю. Я яго праспявала нашай піянерважатай, а тая адразу ж прапанавала, каб я яго праспявала на закрыцці змены пад акампанемент гітары нашага другога піянерважатага. Я, безумоўна, зусім не ведала ў той час, што гэта такое — спяваць. Але неяк мы тады праспявалі тую песеньку, яна, здаецца, потым зрабілася нават гімнам лагера. На наступны год я зноў паехала ў той лагер і зноў нешта там спявала. І па-ранейшаму ведала, што я НЕ ЎМЕЮ спяваць, але ведала ўжо і тое, што я ХАЧУ спяваць. А ў верасні 2003 года, калі прыйшла ў 7 клас, мая мара нечакана сама мяне напаткала: у школе я ўбачыла аб’яву пра набор у эстрадную студыю ў Цэнтры творчасці “Эверэст” Магілёва. Пасля ўрокаў я тут жа туды пабегла, мяне ўнеслі ў спісы, сказалі прыйсці ў пэўны дзень на канцэрт выкладчыкаў, паслухаць іх і выбраць таго, хто больш за ўсё спадабаецца. На тым канцэрце гучалі розныя спевы. І раптам на сцэну выйшла зусім маладая дзяўчына і заспявала “Вецер перамен”. Я глядзела на яе, слухала яе і разумела: вучыцца спяваць я пайду толькі да яе. Гэта была Ірына Аляксандраўна Буракоўская, у той час учарашняя студэнтка, а сёння вядомая ў музычным асяроддзі Магілёва асоба. У яе я вучуся спяваць ужо 13-ы год (цяпер у складзе народнага ансамбля эстраднай песні “Арыён”, якім яна кіруе). А тады яна ўзяла мяне, напэўна, чыста з жалю, маўляў, ну, хоча дзіця хадзіць — хай ходзіць, абы не плакала. Пазней Ірына Аляксандраўна мне прызналася, што калегі раілі ёй шчыра мне сказаць, што з мяне толку не будзе. І толькі бачачы маю настойлівасць і жаданне, яна мяне не кідала. Тым часам, хоць я і старанна працягвала хадзіць у клуб “Што? Дзе? Калі?” да Віктара Анатольевіча, да канца 7 класа ўжо дакладна ведала: гісторыя — гэта не маё, маё — гэта спевы.
* Нешта атрымлівацца ў мяне стала толькі недзе праз год пасля маіх першых заняткаў у Ірыны Аляксандраўны Буракоўскай. Спяваць я тады хацела проста неймаверна. Спявала ўсюды і заўсёды. Ішла ў школу — спявала, рабіла ўрокі — спявала, прыбірала — спявала, гатавала — спявала… Плюс — недзе па паўтары гадзіны ў дзень спецыяльна займалася выключна спевамі. Дарэчы, тады здарыўся адзін пацешны выпадак. Неяк я пайшла паспяваць у караоке і ўзяла з сабой сваю малодшую сястру. Прыйшлі туды, я паспявала, а потым яна мне заяўляе, што таксама хацела б паспяваць. “Ксюха, ды ты ж спяваць не ўмееш!” — запярэчыла я, але яна настаяла на сваім і праспявала, прычым вельмі і вельмі няблага. Я тады проста ўразілася яе спевамі. “Калі ж ты спяваць навучылася? Ты ж нідзе не займалася?” — пытаюся ў яе. Як высветлілася, яна, калі я спявала, заўсёды мяне пад дзвярыма падслухоўвала. Так і адказала мне тады: “А ты што думаеш, я дарэмна цябе слухала ўвесь час, як ты спявала?”
* Калі я вучылася ў старшых класах, усе ў школе ўжо ведалі, што я спяваю. Мы бралі ўдзел у разнастайных песенных конкурсах, выступалі на гарадскіх мерапрыемствах. У 11 класе, калі трэба было ўзмоцнена вучыцца, я нечакана нават для сябе самой прайшла кастынг на ўдзел у другім сезоне народнага тэлешоу “Крутые ребята”. І наша магілёўская каманда ў выніку перамагла ў фінале. Гісторыя на той час ужо канчаткова адышла для мяне на другі план, хаця калі бацькі пачулі пра маё жаданне паступаць у вучылішча культуры, а не на гістфак, яны гэтага проста не зразумелі. “Якія культуры? Ніякіх тут культур! Ідзі атрымлівай нармальную адукацыю!” У выніку ў сям’і было прынята кампраміснае рашэнне: на гістфак я ўсё-такі паступіла, але на завочнае аддзяленне. Сама ж, прапрацаваўшы паўгода ў краме, уладкавалася на працу ў Цэнтр творчасці “Эверэст”, дзе сама некалі займалася ў вакальнай студыі. Тут варта заўважыць, што, яшчэ займаючыся ў вакальнай студыі, я была частым госцем у прафліцэі № 2, бо наш выкладчык па студыі Ірына Буракоўская кіравала ў ліцэі хорам. Мы, дзяўчаты-студыйкі, ставілі з ліцэістамі, удзельнікамі хору, нават сумесныя нумары. Карацей, у ліцэі мяне ўсе добра ведалі. І таму было цалкам натуральна, што Ірына Аляксандраўна перадала лейцы кіраўніцтва ліцэйскім хорам менавіта ў мае рукі.
* Памятаю, як толькі сюды прыйшла ўжо ў якасці кіраўніка хору, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сяргей Юр’евіч Клепча паказаў мне дзяцей, з якімі я мусіла працаваць, і сказаў: “Зрабі што-небудзь”. Прызнацца, спачатку мне было страшнавата, тут жа вучацца толькі хлопцы… Як зацікавіць іх спевамі, як наогул з імі кантактаваць? Адна справа — якіясьці сілавыя віды спорту, нават з танцамі было б не так шмат праблем. А тут спевы… Але, нягледзячы ні на што, мы адразу ж сталі займацца, іншы раз яны нават самі прыязджалі да мяне ў “Эверэст”. І ўрэшце за нейкія два месяцы, з пачатку сакавіка да пачатку мая, мы з імі зрабілі дзве песні, якія прадставілі ў ліцэі на Дзень Перамогі. Ніхто нават не чакаў ад нас такіх вынікаў.
* З цягам часу я для сябе зразумела, што з навучэнцамі ліцэя трэба паводзіць сябе прасцей. Не фамільярнічаць, канечне, бо тады яны хутка сядуць табе на шыю, але і не ставіць сябе перад імі занадта высока — маўляў, ты выкладчык, а вы навучэнцы, дык жа ведайце сваё месца, — бо ў такім разе з іх боку будзе пратэст. І вось у гэтым сэнсе, лічу, я змагла знайсці нейкую грань, нейкую залатую сярэдзіну ў зносінах са сваімі выхаванцамі, прычым вельмі хутка. Можа быць, таму, што ў мяне з імі не такая ўжо і вялікая розніца ва ўзросце была — чатыры якія гады. З многімі з іх мы слухаем адну і тую ж музыку, прыблізна аднолькава апранаемся… Некаторыя, праўда, могуць часам сабе дазволіць і Юляй мяне назваць — дык тут я іх адразу ж перапыняю. Хаця ў глыбіні душы ў такія моманты ўсміхаюся: “Ну, гэта ж хлопцы, падлеткі яшчэ…” Галоўнае, што калі я прыходжу ў ліцэй, яны вельмі радуюцца, і я гэта бачу, што яны мяне чакалі.
* З аднаго боку, гэта, безумоўна, вельмі складана — кіраваць 52 хлопцамі, удзельнікамі хору. А з другога боку, вельмі пачэсна. У горадзе нас усе ведаюць. У Магілёве наогул ёсць толькі адзін такі калектыў. Магчыма, ён адзін такі і ва ўсёй Магілёўскай вобласці дый нават і ва ўсёй краіне. Маю на ўвазе менавіта хлапчуковы хор, але не ў школе мастацтваў ці музычным каледжы, а ў прафесійным ліцэі, які рыхтуе зваршчыкаў, аўтаслесараў, станочнікаў… І я думаю: гэтыя звычайныя хлопцы, палова з якіх стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, якіх ніхто ніколі не вучыў нотнай грамаце і якія нават у снах не маглі падумаць, што іх паставяць спяваць у ліцэйскі хор, адчуваюць, што імі ганарыцца ліцэй, што яны патрэбны ліцэю. Я ў гэтым проста ўпэўнена.
“Пунктам адліку актыўнага ўдзелу нашых навучэнцаў у мастацкай самадзейнасці трэба лічыць 1996 год, калі ў адпаведным аглядзе-конкурсе мы занялі 1-е месца па Магілёўскай вобласці. А потым быў незабыўны 2005 год. Памятаю, мы ехалі на фінал “АРТ-вакацый” на старэнькім ПАЗіку, і на пад’ездзе да Палаца Рэспублікі нас спыніў міліяцыянер, маўляў, вы аўтобус вось там, за вуглом, пастаўце, каб так не кідаўся ў вочы… А мы тады ўзялі гран-пры “АРТ-вакацый”.
Безумоўна, тады, напачатку, было няпроста. І, напэўна, самай няпростай задачай было змяніць адносіны выкладчыкаў іх прафесійных дысцыплін і майстроў вытворчага навучання да самой мастацкай самадзейнасці. Гэта было вельмі важна, каб яны таксама зразумелі карысць заняткаў мастацтвам для агульнага развіцця дзяцей, для пашырэння іх светапогляду, каб яны знаходзілі паразуменне з кіраўнікамі творчых калектываў адносна раскладу заняткаў, выездаў на канцэрты і г.д. І цяпер такое паразуменне ёсць.
Безумоўна, у прыярытэце ў нас — асноўнае прафесійнае навучанне. Дзецям мы даём тут якасныя веды, уменні, навыкі, ад якіх залежыць іх будучы прафесіяналізм. Тэхнічнай творчасцю яны абавязаны тут займацца. А мастацкай творчасцю і спортам мы заклікаем іх займацца, нярэдка нават настойліва просім, асабліва калі бачым яркі талент. Яшчэ, здаецца, ні аднаму слесару ці зваршчыку не перашкодзіла быць адначасова ўдалым танцорам і спеваком.
А што тычыцца нашых стабільна высокіх вынікаў на фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”, то можна ўспомніць Высоцкага з яго словамі:
Если тренируется — в ферзи!
Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Магілёў — Мінск.
Фота аўтара і з архіва Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2.