Ці магчыма спалучыць сучасную харэаграфію і візуальнае мастацтва? А як зрабіць гэта так, каб дух займала? Што самае галоўнае пры стварэнні такога незвычайнага праекта? І чаму творчым студэнтам неабходна арт-платформа? Адкажа Дзмітрый Бяззубенка.
Вынікам творчай і крэатыўнай работы супрацоўнікаў і студэнтаў кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў стаў праект — біенале — арт-платформа “Спалучэнне”. На яго рэалізацыю ў пачатку 2021 года быў выдзелены адзін з прэзідэнцкіх грантаў.
— У працэсе распрацоўкі праекта мы зразумелі, што наша арт-платформа можа стаць біенале, у межах якога кожныя два гады абсалютна любы стваральнік (мастак, харэограф, музыкант, акцёр, рэжысёр) мог бы рэалізаваць сваю ідэю, — патлумачыў аўтар ідэі, выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКМ, харэограф-пастаноўшчык танцавальных нумароў міжнародных і рэспубліканскіх праектаў, двойчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Д.Бяззубенка. — Нам патрэбна была культурная пляцоўка, на якой мог бы выказацца абсалютна любы творца — выставай, спектаклем, канцэртам. Форма не мае значэння, галоўнае, каб была магчымасць выйсці да гледача і крытыка, расказаць пра сябе праз танец, музыку, жывапіс, акцёрскую ігру.
Сёлета ў сярэдзіне лістапада арт-платформу “Спалучэнне” пад назвай “Візуальнае мастацтва і сучасная харэаграфія” адкрыў сучасны спектакль After на сцэне культурна-спартыўнага цэнтра ўніверсітэта. Галоўнае ў пастаноўцы — цела танцора, якое стала прадметам даследавання як для фотамастака, так і для харэографа.
— Падрыхтоўчы этап пастаноўкі працягваўся больш за 7 месяцаў. Увесь гэты час я прадумваў структуру і тое, што хачу паказаць гледачу. І ўсяго толькі паўтара месяца спатрэбілася, каб усё гэта рэалізаваць на сцэне. Галоўная ідэя праекта нарадзілася з назірання за навакольным светам, бо ўсё, што адбываецца з намі, — гэта ўжо і ёсць добры сюжэт. Асабліва мяне зацікавіў соцыум: калі я знаходжуся ў ім, то як рэагую і паводжу сябе, як рэфлексуе маё цела на розныя сітуацыі, і калі я за межамі соцыуму і ён усё роўна існуе без мяне. Вось гэта ўсё мы і паспрабавалі вынесці на сцэнічную пляцоўку. Мая асноўная задача заключалася ў стварэнні такой структуры, дзе б кожны танцор мог паказаць сапраўдную, шчырую эмоцыю менавіта целам, а не тварам, — расказаў харэограф.
У спектаклі Аfter акцэнт зроблены на пачуцці рытму, гнуткасці цела і ўнутраным свеце артыстаў.
У цэнтры сюжэта After — абыякавасць, злосць, непаразуменне, унутранае суперажыванне, выкарыстанне чалавека ў сваіх мэтах і закон бумеранга. Усё гэта на сцэне паказваюць 7 танцораў: “Для кожнага была створана пэўная сітуацыя, якая папярэднічала чамусьці або адбывалася пасля чагосьці, — расказаў Дзмітрый. — Унікальнасць гэтай пастаноўкі яшчэ і ў тым, што кожны раз, нягледзячы на адну і тую ж структуру і паслядоўнасць, перажыванні і цялесныя выказванні артыстаў кожны раз могуць быць абсалютна розныя”.
Прэм’ера спектакля After атрымалася настолькі пачуццёвай, эмацыянальнай, што проста не магла не адгукнуцца ў сэрцах гледачоў. “Сваім аповедам мы змаглі дастукацца да гледача, які адчуваў і суперажываў нашым артыстам — і гэта здорава! Пасля паказу многія падыходзілі і гаварылі: “Пастаноўка пра мяне”, “У мяне была магчымасць і падумаць, і паплакаць, і пасмяяцца”. А гэта сведчыць пра тое, што наша пастаноўка блізкая кожнаму”, — не без гордасці адзначыў аўтар.
Пасля паказу асноўнага дзеяння кожны танцор адлюстраваў свой эмацыянальны стан на паперы і тым самым змог не толькі прааналізаваць змены, што адбываліся ўнутры яго, але і прымусіць гледача яшчэ больш задумацца над пытаннямі: што для яго ўбачанае, якія пачуцці і думкі ўзніклі і як ён будзе жыць далей? Так, дзелячыся сваімі ўражаннямі ад After, старшы выкладчык кафедры эстраднай музыкі БДУКМ лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Яўген Курчыч адзначыў, што было вельмі цікава назіраць, як танцоры сваёй пластыкай перадавалі тую ці іншую ідэю і як пасля на палатне пры дапамозе фарбаў адлюстроўвалі свае эмоцыі і пачуцці. “Мне як гледачу было цікава назіраць за ўсім, што адбывалася на сцэне, такога ў нашым універсітэце яшчэ не было. Мне спадабалася ўсё: і ўдала падабраны музычны рэпертуар, і дакладна выбудаваныя мізансцэны, — дадаў выкладчык. — Лічу, што гэта якраз тое, чым павінны займацца нашы студэнты. Для ўніверсітэта гэта добры старт, гэта праект, які можа існаваць працяглы час і нават з часам перарасці ў пэўны фестываль, які ў Мінску збіраў бы вялікую колькасць прафесійных танцораў”.
Будзем спадзявацца, што спектакль After мы зноў хутка пабачым. “Наш праект — гэта новая форма, новая думка, новая лексіка, новая гісторыя. І вельмі хочацца, каб яго ўбачыла як мага больш гледачоў. Плануем зрабіць яшчэ адзін паказ у хуткім часе”, — падзяліўся думкамі Д.Бяззубенка.
Ну што ж, сачыце за афішамі, каб адчуць сваё “Пасля” і, магчыма, па-новаму паглядзець на сваё жыццё.
Вольга АНТОНЕНКАВА.