Адгукнуліся імгненна

- 9:55Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Калі ў Гомелі арганізавалі спецыяльны пакой, дзе могуць правесці час дзеці ўкраінскіх мігрантаў, педагогі гомельскай школы № 31 Ірына Галубцова і Ала Музыка адгукнуліся імгненна. Яны прыходзяць сюды, каб пазаймацца з дзеткамі маляваннем і аплікацыяй, разам паглядзець мультфільмы, зварыць незвычайнае духмянае мыла.

Далонька для мары

Пакуль бацькі вырашаюць самыя на­дзённыя пытанні — з афармленнем дакументаў і пошукам працы, настаўнікі-валанцёры імкнуцца зрабіць усё, каб дзеці адчувалі сябе камфортна.

— Мы нядаўна мелі зносіны з сям’ёй, якая прыехала з Крэматорска, — расказвае Ала Музыка. — Мама і чацвёра дзетак рознага ўзросту. Яны былі спачатку замкнёныя і ніяк не ішлі на кантакт. Мы з імі правялі трэнінг “Рука жаданняў”. Калі дзеці выбіралі каляровую паперу, каб на ёй абвесці сваю далоньку, хлопчык выбраў чорны ліст. Я ўстрывожылася і прапанавала яму іншы колер. Тады ён узяў сіні ліст. Мы абвялі далонькі, а потым пісалі на іх свае жаданні. Старэйшая дзяўчынка сказала: “У мяне няма жаданняў і мары”. Сталі разам разважаць і знайшлі тое, чаго ім усё ж такі хочацца. Для дзяўчынак-падлеткаў, напрыклад, важна купіць модныя джынсы ці зрабіць макіяж. Спачатку ўсё было вельмі складана, таму я дапамагала фармуля­ваць жаданні, прыво­дзячы розныя прыклады. Ужо на трэцім жаданні дзеці сталі крыху ўсміхацца. Справа ў тым, што візуалізацыя далонькі дапамагае зразумець, як шмат залежыць ад нас саміх. Не ад акалічнасцей і не ад іншых людзей. Я папрасіла дзяцей гэтую намаляваную далоньку з жаданнямі не выкі­дваць. У старэйшай дзяўчынкі галоўнае жаданне было вярнуцца дадому. Мы дамовіліся з імі, калі праз год яны не з’едуць з Беларусі, сустрэнемся, прынясём гэтыя далонькі і паглядзім, якія жаданні спраўдзі­ліся. 

Ала Сяргееўна адзначае: важна, што атрымалася наладзіць кантакт:

— Гэтым дзеткам зараз не хапае сацыя­лізацыі. Сёння трэба дапамагчы ім адаптавацца да жыцця ў Беларусі. 

Сацыялізацыя

Калега па школе і добраахвотніцкай дзейнасці Ірына Галубцова заўважае, што распытваць у лю­дзей пра тое, што адбылося ў “тым жыцці”, не прынята. Таму калі лю­дзі пачы­наюць гава­рыць — а мець зносіны даво­дзіцца, вядома, і з бацькамі вымушаных дзяцей-мігрантаў — то толькі па
сваёй волі. 

— Ім цяпер вельмі патрэбна ўвага. Дзеці пазбаўлены прывычнага для іх жыцця. Іх баць­кі заняты, каб наладзіць побыт, апра­нуць і накарміць сваіх дзяцей. Ёсць тыя, хто адразу імкнецца ўладкавацца на працу. Некаторыя пакіда­юць у нашым пакоі малодшых дзяцей, напрыклад, калі трэба пайсці ў магазін. Тры сям’і прыхо­дзяць сюды пастаянна. Мамы пачына­юць усмі­хацца, дзеляцца клопатамі. Кажуць: нам тут добра, нам падабаецца палітыка вашай дзяржавы, сацыяльная дапамога, ільготы. Многія ўжо атрымалі від на жыхарства. Пакуль не хо­чуць вяртацца назад. Некаторыя ўжо тут, у Гомелі, нарадзілі дзяцей. 

Ірына Васільеўна адзначае, што асноўны страх, які сёння агучваюць украінцы, — невядо­масць. Не ўсе з іх ехалі да сваякоў, некаторыя — проста ў белы свет.

— Вымушаныя госці здзіўляюцца таму, што да іх тут усе добра ставяцца, — расказвае Ірына Галубцова. — Чую цяпер часта: “Мне спакойна і камфортна тут, як дома”. Многія бацькі ўжо актыўна рыхтуюць дзяцей да школы і дзіцячага сада. Спецыялісты Чырвонага Крыжа дапамага­юць ім сабраць неабходныя дакументы. Бабуля, якая прыехала ў Гомель з дачкой і ўнукамі, здзіўлена сказала: “Нам прапанавалі тры садкі на выбар, зараз вось гля­дзім, дзе будзе зручней”. Дарэчы, усе, хто да нас прыехаў, размаўляюць на рускай мове. 

Тут ёсць святло

Пераконваюся ў гэтым, калі назіраю, як старшыня гомельскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Кацярына Трагубава гутарыць з васьмігадовай Дарынай Кассэ. Ружовыя матылькі “прызямляюцца” на ліст паперы. Кветкі і сонца цяпер на малюнку і ў жыцці дзяўчынкі, якая разам з трохгадовым братам Вовам і баць­камі прыехалі з Марыупаля.

— Мама гаворыць, што я сонейка, — не бянтэжыцца дзяўчынка. — Там, у Марыупалі, няма дома, дзе мы жылі, — яго знеслі. Там ужо новы дом бу­дуюць. 

Імкнуся акуратна задаваць пытанні, каб выпадкова не закрануць балючыя ўспаміны. Пытаюся, ці падабаецца ў Гомелі?

— Вельмі падабаецца, — адказвае дзяўчынка. — Тут ёсць святло. У нас там святло адключылі, і газ, і ацяпленне, і ваду. Вечарам запальвалі свечкі, іх было мала. Мы іх эканомілі.

Дзяўчынка вельмі падрабязна, літаральна па гадзінах і датах, расказвае пра падзеі вясны гэтага года ў Марыупалі. 

— Хочаш вярнуцца?

— Пакуль мы будзем жыць тут. А дзядулю і бабулю навед­ваць будзем.

Ад запаўнення неабходных дакументаў адрываецца тата Дарыны — Яўген Зюзькін. Высвятляецца, што ў Гомель сям’я прыехала да далёкіх сваякоў. 

— Мы з’ехалі пасля таго, як усё скончылася ў нас у Марыупалі, — успамінае гісторыю сваёй міграцыі Яўген. — Да гэтага выехаць нельга было. На вуліцу практычна не маглі выходзіць, таму што кожны дзень штосьці прылятала. Сядзелі спачатку ў пакоі кватэры, потым перабраліся ў калідор, а затым спусціліся ў падвал. Пакуль дадому не збіраемся. На года паўтара дакладна застанемся ў Беларусі, а там будзем глядзець. 

Ірына Галубцова і Ала Музыка — валанцёры са стажам. На працягу многіх гадоў яны ўдзельнічаюць у самых розных акцыях Чырвонага Крыжа.

Цяпер сям’я наймае кватэру ў Савецкім раёне Гомеля. Ужо вядома, што дзеці Яўге­на Зюзькіна і Ганны Кассэ ўладкоўваюцца ў гомельскія сярэднюю школу № 33 і дзіцячы сад № 89. 

Пакуль мама Ганна афармляе дакументы ў іншым памяшканні, тата Жэня расказвае пра тое, што сям’я атрымала дапамогу ад Чырвонага Крыжа:

— Мы ж сюды прыехалі з мінімумам свайго. У нас наогул мала што засталося з рэчаў. Як мы там жылі апошнім часам? У двары разводзілі вогнішча, на якім усе жыхары дома разам гатавалі ежу. Расцягвалі запасы, як маглі. Мы з жонкай абое — чыгуначнікі. Пакуль не пачаліся ваенныя па­дзеі, працавалі. Засталіся зараз без сродкаў. Тыя грошы, якія былі на карце, заблакіраваны, — тлумачыць Яўген.

Цяпер мужчына ўладкаваўся працаваць у прыватную фермерскую гаспадарку, займаецца сартаваннем і пакаваннем садавіны. Гэтая праца часовая. Яўген разлічвае, што нарэшце зноў вернецца да звыклай — ужо ў Гомелі. Жонка пакуль з дзецьмі, але таксама будзе шукаць працу. Тым часам Дарына агучвае свае планы на будучыню:

— Спачатку я хачу вывучыцца на цырульніка, а потым стану мастаком.

— Жыццё пакажа, — усміхаецца тата, з пяшчотай абдымаючы дачку.

Юныя ўкраінцы рыхтуюцца да школы

Старшыня гомельскай раённай арганізацыі Беларускага Чыр­вонага Крыжа Кацярына Трагубава адзначае, што сем’і, якія прыехалі з Украіны, звяртаюцца ў арганізацыю практычна штодня:

— Мы ім дапамагаем прадуктамі, адзеннем, гігіенічнымі сродкамі. 

Кацярына сама педагог па адукацыі. Спачатку валанцёрыла, а зараз узначальвае раённае аддзяленне Чырвонага Крыжа. Адзначае, што каля 15 гомельс­кіх педагогаў прыходзяць у пакой пры гомельскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, каб займацца з дзецьмі.

— Дапамогу людзям, калі магчыма, аказваем на месцы. У іншых выпадках перанакіроўваем да спецыялістаў. 

У Гомельскай вобласці адкрыты чатыры дзіцячыя пакоі для ўкраінскіх мігрантаў — у Гомелі, Мазыры, Калінкавічах і Рэчыцы. Тут арганізаваны творчыя і адукацыйныя гурткі, працуе дзіцячы псіхолаг. 

Цяпер на тэрыторыі Гомельскай вобласці знаходзіцца 151 дзіця з Украіны. Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч, бацькі 119 дзяцей падалі заявы для навучання ва ўстановы адукацыі. Так што 1 верасня ўкраінскія дзеці сядуць за адны парты разам з беларускімі. Украінцы будуць карыстацца той жа сацыяльнай дапамогай, што і беларусы. У пачатковай школе — бясплатнае харчаванне, а калі ў сям’і двое дзяцей-школьнікаў, то напалову змяншаецца плата за падручнікі.

Згодна з беларускім заканадаўствам, дзеці будуць вучыцца на той мове, на якой вядзецца навучанне ў канкрэтнай школе. У галоўным упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама звярнулі ўвагу, што ўкраінскім сем’ям аказваецца рознабаковая дапамога. У першую чаргу — матэрыяльная. Іх падтрымліваюць грамадскія і дабрачынныя арганізацыі, кіраў­ніцтва і працоўныя калектывы, у якіх мігранты працуюць. Напрыклад, частка сродкаў, сабраных у рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу”, будзе накіравана на падрыхтоўку ўкраінскіх дзяцей да новага навучальнага года.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.