Адкрый сваю фірму

- 15:14Адукацыйная прастора

Выкарыстанне квестаў у прафарыентацыйнай рабоце

Для таго каб дапамагчы школьніку правільна выбраць прафесію, важна разумець, што сёння адбываецца ў свеце. Галоўная тэндэнцыя сучаснага свету — змяненні. Змяненні ў свеце, грамадстве, навуцы і тэхніцы адбываюцца вельмі хутка, але, на жаль, адукацыя не заўсёды можа своечасова на гэта адрэагаваць. З’яўляюцца новыя прафесіі. Сёння ў любога спецыяліста, нават самага кваліфікаванага, няма гарантыі, што, уладкаваўшыся на работу, ён усё жыццё правядзе на сваім рабочым месцы. Што нас чакае заўтра? Хутчэй за ўсё  мы павінны будзем не раз змяніць прафесію і пастаянна вучыцца новым, каб быць у трэндзе і быць запатрабаванымі на рынку працы. Відавочна, што выпускнікам школ, калі яны выйдуць на рынак працы, прыйдзецца канкурыраваць за рабочае месца або ствараць яго самім.

Тады ўзнікае пытанне, чаму мы павінны навучыць школьнікаў, каб дапамагчы ім паспяхова працаўладкавацца ў будучыні? Каб быць гатовымі да заўтрашняга дня, трэба не проста адвучыцца і атрымаць два ці тры дыпломы. Неабходна пастаяннае навучанне і нарошчванне кампетэнцый. Нашым выпускнікам трэба будзе зрабіць выбар: займацца тым, што падабаецца, ці асвойваць высокааплатныя прафесіі. Школа ў рамках прафарыентацыйнай работы можа ім прапанаваць: экскурсіі на прадпрыемствы, праф­арыентацыйную дыягностыку, знаёмства з прафесіямі сваіх бацькоў або іншых людзей, трэнінгі “Як правільна выбраць прафесію” і г.д.

Час патрабуе ад педагога пошуку новых і арыгінальных метадаў, якія павышаюць эфектыўнасць прафарыентацыйнай работы. Для выбару эфектыўных метадаў важна ўявіць умовы, у якіх будуць працаваць будучыя выпускнікі. Дык што ж патрабуецца ад сучаснага чалавека, які з’яўляецца кандыдатам на пэўную пасаду? Гэта перш за ўсё здольнасці адаптавацца і ствараць змены. Ужо на гэтую здольнасць напластоўваюцца прафесійныя веды, навыкі і кампетэнцыі. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца наступныя кампетэнцыі: уменне працаваць у камандзе і наладжваць адносіны, ініцыятыўнасць, самастойнасць і адказнасць за прынятыя рашэнні, прафесіяналізм або імкненне да яго, калі гаворка ідзе пра кандыдатаў без вопыту, і карпаратыўнасць (раздзяленне каштоўнасцей кампаніі).

Для любой пасады важна добрае веданне камп’ютара, навык зносін з кліентамі, прэзентабельны знешні выгляд (такія характарыстыкі, як пол, узрост, адукацыя не ўлічваюцца). Ёсць прафесійныя кампетэнцыі — канкрэтныя патрабаванні да патэнцыяльнага кандыдата для канкрэтнай пазіцыі: правільнае і структураванае маўленне, кліента­арыентаванасць, настойлівасць у дасягненні выніку, хуткая навучальнасць.

Гэта невялікая частка таго, што педагогі павінны фарміраваць у вучняў. Сучасныя адукацыйныя методыкі арыентаваны на прыкладныя веды і часта ігнаруюць развіццё асобасных кампанентаў для фарміравання прафесійнага поспеху, такіх як лідарства, камунікабельнасць і ўменне супрацоўнічаць. Даследаванні псіхолагаў паказалі, што ўсе ўменні фарміруюцца толькі ў дзейнасці. Узнікае патрэба ў новых крэатыўных адукацыйных тэхналогіях, якія дазволяць рыхтаваць людзей, здольных ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі праектаваць новыя віды дзейнасці, пераўтвараць сацыяльнае асяроддзе, ствараць паспяховы бізнес, вырашаць актуальныя практычныя задачы і магчымыя праблемы будучыні.

На наш погляд, выдатным метадам для вырашэння пералічаных праблем з’яўляецца адукацыйны прафарыентацыйны квест.

Адукацыйны квест — педагагічная тэхналогія, якая ўключае ў сябе набор праблемных заданняў з элементамі ролевай гульні, для выканання якіх патрабуюцца рэсурсы, у першую чаргу інтэрнэт. Добры адукацыйны квест павінен мець інтрыгуючыя ўводзіны, дакладна сфармуляванае заданне, размеркаванне ролей, якое забяспеч­вае розныя пункты гледжання на праблему, абгрунтаванае выкарыстанне інтэрнэт-крыніц. Перавагай квеста з’яўляецца выкарыстанне актыўных метадаў навучання. Ён можа быць прызначаны як для групавой, так і для індывідуальнай работы.

У рабоце над прафарыентацыйным квестам навучэнцы “пражываюць” канкрэтныя сітуацыі і працэсы з якой-небудзь прафесійнай дзейнасці. Удзельнічаючы ў квесце, школьнікі развіваюць навыкі інфармацыйнай дзейнасці: пошук, аналіз інфармацыі, уменне захоў­ваць, перада­ваць, параўноўваць і сінтэзаваць новую інфармацыю. Яны вучацца фармуляваць праблему, планаваць сваю дзейнасць, крытычна мысліць, вырашаць праблему, узважваць альтэрнатыўныя меркаванні, самастойна прымаць прадуманыя рашэнні, браць на сябе адказ­насць за іх рэалізацыю. Прафарыентацыйны квест не толькі здольны пашырыць кругагляд навучэнцаў, але і дазваляе актыўна прымяняць на практыцы свае веды і ўменні.

У залежнасці ад сюжэта квесты могуць быць:

лінейнымі, у якіх гульня пабудавана па ланцужку: выканаўшы адно заданне, удзельнікі атрымліваюць наступнае, і так да той пары, пакуль не пройдуць увесь маршрут;

штурмавымі, дзе ўсе гульцы атрымліваюць асноўнае заданне і пералік пунктаў з падказкамі, але пры гэтым самастойна выбіраюць шляхі рашэння задач;

кальцавымі, яны ўяўляюць сабой той жа “лінейны” квест, але замкнуты ў кола. Каманды стартуюць з розных пунктаў, якія будуць для іх і фінішнымі.

Структура адукацыйнага квеста можа быць наступнай: уводзіны (у якіх прапісваецца сюжэт, ролі), заданні (этапы, пытанні, ролевыя заданні), парадак выканання (бонусы, штрафы), ацэнка (вынікі).

Гэтая тэхналогія карыстаецца вялікай папулярнасцю ў сучасных школьнікаў і не толькі здольна пашырыць іх кругагляд, але і дазваляе актыўна прымяніць на практыцы свае веды і ўменні, а таксама прывівае жаданне да навучання ў цэлым. Наш вопыт выкарыстання квеста ў прафарыентацыйнай рабоце паказвае, што падчас гульні інфармацыя засвойваецца хутчэй і якасней. Гэтая тэхналогія валодае ўсім неабходным для аптымальнага навучання: эфектыўнай матывацыяй, дакладнымі мэтамі, зразумелымі вынікамі і магчымасцю атрымаць зваротную сувязь. Квест аказвае неа­цэнную дапамогу педагогу, даючы магчымасць зрабіць адукацыйны працэс разнастайным, незвычайным, запамінальным, захапляючым для ўсіх. Эфектыўнае навучанне немагчыма без належнай матывацыі, якая, у сваю чаргу, не можа існаваць без узнагароды. Дзякуючы ўкараненню ў вучэбны працэс гульнявых элементаў і налічэнню ачкоў або рангаў за пэўныя поспехі, можна абудзіць у дзецях ціка­васць нават да складаных і сумных, на іх погляд, тэм.

Драбленне інфармацыі на “ўзроўні”, доступ да новага кантэнту толькі пасля замацавання пройдзенага матэрыялу, візуальнае адлюстраванне прагрэсу — медалі, балы, бэйджы, графікі, спаборніцкі элемент ці, наадварот, неабходнасць  аб’яднання ў каманду, сінтэз новых навыкаў — заданні, для выканання якіх неабходна выкарыстоўваць адразу некалькі больш простых уменняў — усе гэтыя элементы робяць працэс навучання цікавым і захапляючым, не даюць вучню стаміцца, матывуюць прайсці вучэбны матэрыял да канца, дазваляюць вучыцца на сваіх памылках. Асабліва гэта неабходна для ўсвядомленага выбару навучэнцамі сваёй будучай прафесіі.

Пры выбары прафесіі важна паказаць навучэнцам магчымыя спосабы сваёй прафесійнай рэалізацыі: магчымасць працаваць у вялікай кампаніі або маленькай фірме, магчымасць працаваць на сябе як індывідуальны прадпрымальнік або стварыць сваю фірму. Для гэтай мэты мы распрацавалі наш квест.

Квест “Адкрый сваю фірму”

Мэты: папулярызацыя прадпрымальніцкай дзейнасці сярод падлеткаў, фарміраванне прадпрымальніцкага мыслення, садзейнічанне ў прафарыентацыі, набыццё падлеткамі навыкаў і ведаў па пытаннях вядзення бізнесу, стварэнне магчымасцей для самарэалізацыі і самавызначэння падлеткаў.

Удзельнікі гульні: навучэнцы 8—11 класаў. Коль­касць удзельнікаў — не больш за 15 чалавек. Час правядзення — 1 гадзіна 30 мінут.

Абсталяванне: маршрутныя лісты, гульнявыя грошы, маркеры, карткі з заданнямі.

Ход квеста

І. Стадыя выкліку

Мы ўсе сёння жывём у эпоху глабальнага эканамічнага крызісу. Што такое крызіс? Як эканамічны крызіс уплывае на жыццё людзей? (Зніжаецца ўзровень жыцця, змяншаецца зарплата, скарачаецца колькасць рабочых месцаў і г.д.).

На кітайскай мове слова “крызіс” пішацца з дапамогай двух іерогліфаў:

Першы іерогліф — гэта небяспека. Другі іерогліф — гэта магчымасць. Такім чынам, заўсёды ёсць магчымасць абмінуць небяспеку любога крызісу.

Што можна зрабіць, каб выжыць у крызіс? Сёння мы з вамі пастараемся “выкарабкацца” з эканамічнага крызісу з дапамогай вашых ідэй. Калі ў вас няма працоўнага месца, то можна паспрабаваць стварыць яго самому, арганізаваўшы свой уласны бізнес, калі вы самі сабе начальнік, самі прымаеце сябе на работу і плаціце сабе зарплату. У эпоху крызісу малы і сярэдні бізнес дапамагае вырашаць многія пытанні, у тым ліку стварае рабочыя месцы для людзей. Сёння і мы з вамі будзем мадэляваць малы бізнес з колькасцю рабочых месцаў да 10 чалавек.

Кожны з вас павінен выбраць форму малога бізнесу: індывідуальнае прадпрымальніцтва або свая фірма. Вызначыцеся: вы хочаце працаваць адзін або вам патрэбна каманда. Калі вы прымаеце рашэнне працаваць у адзіночку, то вы становіцеся індывідуальным прадпрымальнікам, а калі вам лепш працаваць у камандзе, быць кіраўніком, то тады вы будзеце адкрываць фірму.

Як вы думаеце, колькі сёння трэба мець грошай, каб адкрыць свой бізнес? Дзе ўвогуле можна ўзяць грошы? У нашай дзяржаве існуюць праграмы падтрымкі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу, у рамках якіх можна атрымаць або грашовую субсідыю, або кансультатыўную падтрымку па пытаннях стварэння і вядзення бізнесу. Калі вы аказаліся без работы, але прадпрымальны і жадаеце арганізаваць сваё прадпрыемства, упраўленне занятасці насельніцтва можа пракансультаваць вас аб парадку арганізацыі свайго прадпрыемства, пратэсціраваць вашы дзелавыя якасці і ацаніць перспектывы выбранага віду прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці. Вас могуць накіраваць на навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, аказаць вам фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідыі.

Для атрымання субсідыі вы павінны даказаць, што разумееце, што такое бізнес, і ведаеце, як яго ства­рыць. Сёння, удзельнічаючы ў квесце, вы можаце атрымаць субсідыю на куплянне гатовага бізнесу або прыдуманага менавіта вамі. Вы атрымаеце суму ў 2500 гульнявых еўра. Вам трэба будзе прайсці этапы стварэння фірмы, адказаўшы на пытанні квеста. Этапы будуць разбіты на крокі. Калі вы ў кожным кроку правільна выконваеце ўсе заданні, вы атрымліваеце 100 еўра. Калі вы памыляецеся, то за карыстанне падказкай вы плаціце 100 еўра. Штраф вы будзеце плаціць толькі адзін раз, незалежна ад колькасці няправільных адказаў. Ваша задача — правільна выконваючы заданні, набыць як мага больш грошай. Пераможа тая фірма, у якой у канцы квеста на рахунку застанецца больш за ўсё грашовых сродкаў.

Зараз вы вызначыцеся з роляй, якую будзеце выкон­ваць. Вы можаце стаць дырэктарам, намеснікам дырэктара па рабоце з кадрамі або галоўным бухгалтарам. Аб’яднайцеся ў групы па тры чалавекі і размяркуйце паміж сабой ролі. Падчас квеста вам прыйдзецца прымаць рашэнні і выбі­раць правільны, на ваш погляд, адказ. Яшчэ дзве ролі, якія таксама важныя і якія вы можаце выбраць: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (абавязкі: аналіз бізнес-ідэй удзельнікаў квеста, выдаванне субсідыі і заахвочвальных бонусаў за правільныя адказы); падатковы інспектар (абавязкі: назіранне за работай гульцоў у камандах, праверка правільнасці адказаў у марш­рутных лістах гульцоў, збор штрафаў і перадача іх начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама). Пры атрыманні задання ў вас ёсць тры мінуты на абмеркаванне адказу. Пасля прыняцця рашэння адказ павінен быць запісаны ў маршрутным лісце. Калі ўсе каманды выканаюць заданне кожнага кроку, вядучы агучвае правільныя адказы, падатковы інспектар збірае штрафы, а начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выдае бонусы. Канчатковае вырашэнне пра тое, як адказаць на пытанне, прымае кіраўнік фірмы, грошы знаходзяцца ў галоўнага бухгалтара, рашэнне па кадравых пытаннях прымае намеснік дырэктара.

Падчас квеста вы пройдзеце ўсе этапы стварэння бізнесу. Вы створыце кампанію. Вы ацэніце перспектывы ідэі. Вы даведаецеся вартасць свайго бізнесу.

Такім чынам, першы этап нашага квеста.

На першым этапе вам трэба вызначыцца з таварам або паслугай. Ёсць розныя тавары. Ёсць розныя паслугі. Ёсць розныя кліенты. Падумайце, чым зоймецеся вы? Зараз вам трэба набыць магчымыя пакеты бізнесу. Выберыце з прапанаванай табліцы фірму, якую вы б хацелі ад­крыць.

Дадатак

Пральня Салон масажу Пункт пракату Салон прыгажосці
Цана             600 Цана             1000 Цана             700 Цана             1300
Прыбытак      100 Прыбытак      200 Прыбытак      100 Прыбытак      200
Арэнда         100 Арэнда         200 Арэнда         100 Арэнда         200
Бар Кафэ СПА-салон Атэль
Цана             800 Цана             900 Цана             1200 Цана             2000
Прыбытак      100 Прыбытак      100 Прыбытак      100 Прыбытак      300
Арэнда         100 Арэнда         200 Арэнда         200 Арэнда         200
Дызайн-студыя Візаж-цэнтр Фітнес-цэнтр Салон абутку
Цана             1200 Цана             1000 Цана             900 Цана             600
Прыбытак      100 Прыбытак      100 Прыбытак      100 Прыбытак      100
Арэнда         200 Арэнда         100 Арэнда         100 Арэнда         100
Фітнес-зала Салон кветак Боўлінг Казіно
Цана             800 Цана             1000 Цана             1000 Цана             1100
Прыбытак      100 Прыбытак      300 Прыбытак      200 Прыбытак      200
Арэнда         200 Арэнда         200 Арэнда         200 Арэнда         100
Начны клуб Салон адзення Жаночы часопіс Матэль
Цана             1500 Цана             800 Цана             1700 Цана             1800
Прыбытак      300 Прыбытак      200 Прыбытак      200 Прыбытак      200
Арэнда         200 Арэнда         100 Арэнда         300 Арэнда         200
Рэстаран Дом адпачынку Газета Атэлье
Цана             1100 Цана             2200 Цана             1000 Цана             900
Прыбытак      200 Прыбытак      400 Прыбытак      100 Прыбытак      200
Арэнда         300 Арэнда         300 Арэнда         100 Арэнда         100

Выберыце свой прадукт: тавар ці паслуга. Потым — бізнес-мадэль, у якой вы будзеце ажыццяўляць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць. Для атрымання субсідыі вам неабходна напісаць у маршрутным лісце назву фірмы, бізнес-мадэлі і абгрунтаваць свой прадукт, зыходзячы з выбранай бізнес-мадэлі. Калі вы правільна вызначылі свой прадукт, вы атрымліваеце субсідыю, калі няправільна, то субсідыі ў вас не будзе. Але вы можаце ўзяць крэдыт у вядучага пад 60% гадавых. Вы можаце самастойна шукаць адказы ў інтэрнэце. Потым кіраўнікі фірм па чарзе агучваюць адказы і атрымліваюць або не атрымліваюць сваю субсідыю.

Зараз вы можаце звярнуцца да падатковага інспектара, заплаціць грошы за бізнес-пакет і атрымаць свой талон. Вы працягнеце ствараць сваю фірму ўжо прытрымліваючыся сваёй бізнес-мадэлі.

Крок 1

  1. Выберыце бізнес-мадэль (В2В; В2С; В2F).
  2. Ваш тавар. Што будзеце прадаваць?
  3. З чаго пачняце свой бізнес? Выберыце правільны адказ (знайду памяшканне, найму персанал, складу бізнес-план, зарэгіструю юрыдычную асобу, ствару старонку ў сацсетках, знайду партнёраў, навучуся вядзенню бізнесу, знайду грошы, вазьму крэдыт у банку, закажу рэкламу).

Пераход на другі ўзровень

Такім чынам, вы атрымалі права займацца бізнесам. Першае, што вы зробіце — заплаціце грошы за арэнду памяшкання, у якім будзе знаходзіцца ваша фірма. Паглядзіце ў вашым талоне, колькі каштуе арэнда, і перадайце грошы падатковаму інспектару. На гэтым узроўні вы сфармулюеце мэты, знойдзеце спосабы іх дасягнення, мінімізуеце свае фінансавыя страты. Узроўні падзелены на крокі. Правільна адказаўшы на ўсе пытанні кроку, вы атрымаце бонус 100 еўра. Але калі хаця б адзін раз памыліцеся, заплаціце штраф таксама 100 еўра.

Крок 1

  1. З чаго пачынаецца бізнес-план? (план даходаў, стратэгія маркетынгу, структура прадпрыемства, мэты праекта, план расходаў, аналіз рызык)
  2. Як лічыць акупнасць праекта? (даходы мінус аператыўныя расходы; даходы плюс аператыўныя расходы; тэрмін, калі даходы пакрылі інвестыцыі; прыбытак мінус інвестыцыі; рэнтабельнасць плюс інвестыцыі; не трэба лічыць)
  3. Што трэба ўлічыць у стратэгіі маркетынгу? (курс валют, мерчандайзінг, стратэгіі канкурэнтаў, настрой кліентаў, пару года, патрэбы спажыўца)
  4. Як вывучыць маркетынгавую стратэгію канкурэнтаў? (купіць іх тавар, прадаць ім тавар, палі­чыць іх кліентаў, зрабіць параўнальны аналіз, запытаць выпіску з іх банка)

Крок 2

  1. Што ўлічвае параўнальны аналіз канкурэнтаў? (колькі гадоў кампанія на рынку; моцныя і слабыя бакі арганізацый; у якім банку адкрыты рахунак; магчымасці і пагрозы знешняга асяроддзя; колькасць супрацоўнікаў у кампаніі; узрост заснавальніка кампаніі)
  2. Як лічыць аб’ём рынку (месяц)? (колькасць кліентаў памножыць на сярэднюю суму пакупкі; колькасць насельніцтва ў рэгіёне памножыць на сярэдні даход; мінімальны заробак падзяліць на сярэдні чэк; колькасць канкурэнтаў падзяліць на колькасць насельніцтва ў рэгіёне)
  3. Як вызначыць цану на ваш тавар або паслугу? (цана як у фірмы-канкурэнта без аглядкі на расходы; улі­чыць попыт і сярэднія цэны на рынку; узяць сярэднія цэны на рынку, пралічыць асноўныя расходы на вядзенне бізнесу; цана павінна быць вышэйшай, чым у канкурэнтаў)

Трэці ўзровень

Вы збераце каманду. Вы знойдзеце патэнцыяльных кліентаў. Вы сфармулюеце свае кіраўніцкія задачы.

Крок 1

  1. Як набраць эфектыўную каманду? (па рэкамендацыях астролага; най­маць тых, каму давяраю; падбіраць людзей пад функцыі; у прыярытэце — сваякі; спраўлюся сам)
  2. Як ацаніць кандыдатаў найбольш дакладна? (усё залежыць ад знака задыяка; асабістае сумоўе і рэкамендацыі; праверыць на дэтэктары хлусні; праверыць дыплом аб адукацыі; даручыць ацэнку кадраваму агенцтву; знайсці ў інтэрнэце тэсты і выкарыстоў­ваць іх)
  3. Як ацэньваць работу супрацоўнікаў? (усё залежыць ад нашых адносін; па якасці выканання задач; на аснове іх самаацэнкі; даць праверачнае заданне ў канцы месяца; абапірацца на меркаванне іншых супрацоўнікаў; улічваць адпрацаваны час)

Крок 2

  1. Як часта праводзіць нарады і планёркі? (усё залежыць ад мэт; пры кожным канфлікце ў камандзе; калі папросяць супрацоўнікі; мінімум раз на тыдзень; калі ёсць новы заказ; абавязкова кожны дзень)
  2. Як ставіць задачы падначаленым? (кожную раніцу ў простай гутарцы; у любы час па неабходнасці; раз на месяц складаць план задач; дэлегаваць супрацоўніку ставіць задачы самому; праз смс)
  3. З чаго пачаць рэкламу? (заказаць у рэкламным агенцтве; узяць на работу менеджара па рэкламе; знайсці свае канкурэнтныя перавагі; заказаць ролік на тэлебачанні; зарэгістравацца ў сацсетках; распрацаваць рэкламную кампанію)

Крок 3

  1. Пра што найбольш важна паведаміць у рэкламе? (цэны і зніжкі; вылучыць канкурэнтныя перавагі; месцазнаходжанне магазіна/офіса; імя дырэктара і яго тэлефон; пра тое, як вырабляецца тавар/паслуга)
  2. Як ацаніць рэкламную кампанію? (колькасць новых кліентаў мінус расходы на рэкламу; колькасць здзелак па рэкламе; даход у месяц; прырост даходу да мінулага перыяду; прырост даходу да мінулага перыяду мінус расходы на рэкламу)
  3. Што ўваходзіць у задачы кіраўніка? (кантроль рабочага часу супрацоўнікаў; пастаноўка задач, матывацыя, кантроль; правядзенне сходаў; перамовы з кліентамі; распрацоўка стратэгіі)

Крок 4

  1. Як кіраўнік матывуе падначаленага? (штрафы або вымовы; эмацыянальны зарад і лідарства; працаваць трэба, а не матывацыяй займацца; пакаранні і падтрымка; пастаноўка цікавых задач падначаленаму)
  2. Каму даручаць важныя задачы? (супрацоўніку, які працуе даўжэй за ўсіх; супрацоўніку, які ніколі не гаворыць “не” і “чаму я?”; супрацоўніку, які паспяхова выконваў такія задачы; дваім супрацоўнікам адначасова; супрацоўніку, які жадае рашаць складаныя і новыя задачы)
  3. Як кантраляваць падначаленых? (відэакамеры ва ўсіх памяшканнях; спецыяльныя супрацоўнікі з функцыямі кантролю; рэгулярныя справаздачы падначаленых; збор зваротнай сувязі ад кліентаў; збор звестак ад супрацоўнікаў пра іншых супрацоўнікаў)

Пераход на чацвёрты ўзровень

Вы ўбачыце “падводныя камяні” ў распрацоўцы стратэгіі. Вы знойдзеце пасткі ў падліку прыбытку. Вы зразумееце, як кіраваць расходамі.

Крок 1

  1. Навошта патрэбна стратэгія? (гэта адказнасць кіраўніка; для сувязі сённяшніх і будучых задач; у рабоце з кліентамі; для расстаноўкі прыярытэтаў у сённяшніх задачах)
  2. Што першаснае ў стратэгіі? (колькасць супрацоўнікаў; плошча офіса; сярэдні чэк па кліентах; узровень заработных плат у кампаніі; прыбытак кампаніі; сярэдні ўзрост кліентаў)
  3. Як лічыць прыбытак? (даходы мінус падаткі; расходы плюс падаткі; даходы мінус расходы мінус падаткі; заработная плата плюс падаткі; прыбытак лічыць падатковая паліцыя)

Крок 2

  1. Якія расходы нельга скарачаць? (падаткі; кава для кліентаў; зарплаты супрацоўнікам; можна скарачаць любыя расходы; расходныя матэрыялы для работы)
  2. Што рабіць, каб павялічыць прыбытак? (скараціць персанал; павялічыць колькасць кліентаў; пачаць эканоміць электраэнергію; скараціць расходы і павялі­чыць даходы; павялічыць працягласць рабочага дня)
  3. Калі з’явіцца прыбытак? (праз паўгода пасля пачатку работы; гэта залежыць ад рэкламнай кампаніі; калі супрацоўнікі пачнуць зарабляць прэміі; не раней чым праз год; калі праект акупіць інвестыцыі)

Пераход на пяты ўзровень

Вы паглядзіце на бізнес у цэлым. Вы прымераеце бізнес на сябе.

Крок 1

  1. Што найбольш важна на старце бізнесу? (крэатыўнасць; гатоўнасць да шматзадачнасці; мэтанакіраванасць; таварыскасць; добрая адукацыя; вопыт работы; сувязі і грошы)
  2. Ад чаго залежыць поспех у бізнесе? (зладжаная работа каманды; узровень інфляцыі; арыентацыя на вынік; палітычны курс краіны; якасць інтэрнэту ў офісе; воля кіраўніка; падтрымка сяброў і сям’і)
  3. Якія пытанні гэтага квеста былі найбольш складаныя для вас? (фінансы; супрацоўнікі; стратэгія; маркетынг; рэклама; задачы кіраўніка; не было такіх)

Падвядзенне вынікаў гульні

Такім чынам, вы прайшлі ўсе ўзроўні. Зараз вы атрымаеце прыбытак, які вам гарантаваў ваш бізнес-пакет. Потым трэба падлічыць суму, якая ў вас засталася, і запісаць яе ў маршрутным лісце. (Вызначаецца фірма — пераможца гульні.)

Давайце абмяркуем, з якімі цяжкасцямі вам прыйшлося сутыкнуцца ў час праходжання квеста? Што вы не прадугледзелі? Як вы сябе адчувалі ў ролі прадпрымальніка? Ці з’явіліся сярод вас тыя, хто жадае звязаць сваю будучыню з прадпрымальніцтвам? Якія высновы можна зрабіць з сённяшняй гульні?

Парайцеся ў групах і ў маршрутных лістах напішыце адказы на пытанні: што было добра? Што было цікава? Што перашкаджала? Што вазьму з сабой?

 

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.