Аднагодка лепш чуваць

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Абласны фестываль “Роўны — роўнаму” аб’яднаў валанцёраў-інструктараў і педагогаў-кансультантаў роўнага навучання з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Яго ўдзельнікі абмяняліся вопытам па рэалізацыі прафілактычных праграм здаровага ладу жыцця па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Фестываль быў арганізаваны ўпраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і абласным рэсурсным цэнтрам роўнага навучання, які створаны ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

На адкрыцці фестывалю намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк, якая з’яўляецца каардынатарам укаранення падыходу РНР ва ўстановах адукацыі вобласці, адзначыла, што работа па прынцыпе “роўны навучае роўнага” з’яўляецца найбольш эфектыўнай з падлеткамі.

— Для моладзі важнымі таксама з’яўляюцца тэмы ўзаемаадносін паміж дзяўчатамі і хлопцамі, уменне супрацьстаяць шкодным звычкам і маніпуліраванню іншымі асобамі, прафілактыка наркаманіі і алкагалізму, — гаворыць Людміла Анатольеўна.

У 67 установах Гродзенскай вобласці вядзецца работа валанцёраў роўнага навучання. На фестывалі была арганізавана работа дзевяці пляцовак, дзе ішла перадача вопыту, прэзентацыя новых кірункаў работы. Першая частка майстар-класаў насіла назву “Рух на прафесійны алімп”, другая ішла пад дэвізам “Цюнінг”.

Так, валанцёры з Суботкінскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Дзмітрый Кот і Аліна Халупка запрасілі на майстар-клас “Юнакі і дзяўчаты: шляхі да ўзаемаразумення”, навучэнкі 11 класа гімназіі № 3 Гродна Лізавета Сайкоўская і Лідзія Зурабава — на майстар-клас “Групавы націск і ўменне гаварыць “не”. “Не смейся з мяне” — тэма майстар-класа, які правялі навучэнцы сярэдняй школы № 9 Ліды Маргарыта Панасік і Антон Ляшчэвіч. Была арганізавана і работа з педагогамі-інструктарамі роўнага навучання. Так, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Скідзеля Ганна Аленіч вучыла, як арганізаваць трэнінгавыя заняткі “Эмацыянальная ўстойлівасць. Прыёмы рэлаксацыі”.

У рамках фестывалю, які праводзіўся ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, адбылася першая канферэнцыя камандзіраў антынаркатычных атрадаў і валанцёраў, якія ўдзельнічаюць у акцыі “Місія — жыць!” антынаркатычнага руху “ВЕК”. Акцыя ініцыіравана маладзёжным парламентам пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

Вызначэнне перспектыў далейшага развіцця руху “Роўны — роўнаму” ў Гродзенскай вобласці абмеркавалі на пасяджэнні, якое назвалі “Масты сяброўства”. Кожны ўдзельнік фестывалю выказаў сваё бачанне і свае ўражанні. Сярод прапаноў — правядзенне не толькі абласных фестываляў, але і міжшкольных, пашырэнне супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі, пошук новых падыходаў у дзейнасці валанцёраў і педагогаў роўнага навучання.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.