Адносіны без папярэдніх умоў

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Сербія яшчэ паваююць і пазмагаюцца за развіццё эканамічных адносін. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у вузкім фармаце з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам, якія правёў у час афіцыйнага візіту ў краіну.

“Няважна, што ў нас крыху знізіўся тавараабарот. Мы з вамі разбяромся, чаму ўрады не разгортваюцца як мае быць. Вынікі ўчарашняга дня, пачатак сённяшняга сведчаць пра тое, што нашы міністры адрэагавалі на зніжэнне тавараабароту, заключылі вялікія кантракты, здзелкі, каб перасягнуць той тавараабарот, які ў нас некалі быў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы яшчэ паваюем, пазмагаемся за нашы адносіны. Думаю, што мы выведзем іх на больш высокі ўзровень, у тым ліку ў гандлі”.

Прэзідэнт Сербіі адзначыў, што паміж краінамі склаліся шчырыя і дружалюбныя палітычныя адносіны. Што тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Вучыч упэўнены: Беларусі і Сербіі пад сілу дасягнуць тавараабароту ў памеры $500 млн (у мінулым годзе ён склаў $148 млн). “Я ніколі не забуду ваш візіт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сербскі народ і краіну”, — дадаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў адказ заўважыў, што вялікае бачыцца на адлегласці. “Тады ніхто не думаў пра тое, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі­небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя, але мы вашы людзі, а вы нашы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І вось праз 20 гадоў мы сустракаемся тут з вамі. Тады быў няпросты час. Сёння таксама час складаны”.

Прэзідэнт растлумачыў: вялікія геапалітычныя гульцы, каб выжыць у канкурэнцыі, ствара­юць напружаную абстаноўку ў свеце. “Па віне адной з імперый ідзе гандлёвая вайна, іншыя мераюцца сіламі ў Сірыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, таму што велізарны паток, сотні тысяч бежанцаў хлынулі сюды. Пачалі ўжо сур’ёзна пагаворваць пра новы сусветны эканамічны крызіс. Нам гэтага не трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна не наша. Прычыны і нават паўпрычыны, падставы мы не давалі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Сербія, нягледзячы на ўсе катаклізмы, ніколі не будзе жыць бедна. Гэтую краіну ён назваў балканскай жамчужынай. “Гэта цудоўная краіна, цудоўныя землі, якія могуць пракарміць значна больш насельніцтва, чым сёння жыве ў Сербіі. Гэта бліскучы, гераічны, патрыятычны народ. Таму Сербія заўсёды будзе квітнеючай. Праязджаючы сёння па Бялградзе, я параўноўваў са сваім наведваннем раней: бачу, што Сербія і сталіца пачынаюць не проста ажываць — вы пачынаеце ўставаць з каленяў. І мы гатовы ўдзельнічаць у гэтым, дапамагаць, наколькі можам”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Асаблівасцю беларуска­сербскіх адносін з’яўляецца тое, што краіны ніколі не ставілі адна адной папярэдніх умоў, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам у пашыраным складзе.

“Мы сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Сербія і Беларусь не гіганцкія дзяржавы і не маюць велізарных рэсурсаў, якімі валодаюць глабальныя гульцы, як, напрыклад, Расія або Злучаныя Штаты Амерыкі. Абедзве краіны зарабляюць даброты сваім потам, а часам і крывёй, як падкрэсліў беларускі прэзідэнт.

“Многія малыя, сярэднія дзяржавы (я гэта за сваё доўгае прэзідэнцкае жыццё бачыў не адзін раз) заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, таму што яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх не хапае ў нас. Але мы не павінны забываць пра тое, што любыя імперыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі не будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоў. Яны абавязкова нешта папросяць узамен, яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы”, — канстатаваў беларускі лідар.

“Сербія заўсёды будзе вашым шчырым сябрам, мы ганарымся нашай дружбай. Былі часы, калі некаторыя не адважваліся сказаць, наколькі мы цэнім і любім беларускі народ. Сёння мы ўсюды гаворым пра гэта з гордасцю і хочам, каб вы прыязджалі сюды як мага часцей”, — заявіў у сваю чаргу Аляксандр Вучыч.

Прэзідэнт упэўнены, што візіт беларускага лідара ў Сербію стане стымулам для развіцця двухбаковых адносін. “У нашым супрацоўніцтве ёсць патэнцыял не толькі для павелічэння тавараабароту, але і для супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, — лічыць сербскі лідар. — Я ўчора і сёння ўжо многаму навучыўся ў Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі, уключаючы пытанні абароны, бяспекі”.