Навучэнцы Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці нядаўна адпачывалі ў санаторыі “Пралеска”, які знаходзіцца на маляўнічым беразе Дняпра ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці.
Тут выдатныя ўмовы пражывання, якаснае харчаванне, цікава арганізаваны вольны час, высокая культура абслугоўвання. Санаторый мае сучаснае абсталяванне, што дазваляе аказваць розныя віды лячэбна-аздараўленчых паслуг. Дзеці праходзілі лячэнне ў залежнасці ад захворванняў. Акрамя гэтага, праводзіўся комплекс ЛФК, фітатэрапія, водабячэбная гімнастыка, масаж.
У санаторыі створаны неабходныя ўмовы для бесперапыннага адукацыйнага працэсу. Дзеці вучыліся ў абсталяваных класах, наведвалі бібліятэку, а таксама развівалі свае здольнасці і таленты ў гуртках.
А колькі весялосці і аптымізму падарылі культурна-масавыя мерапрыемствы: канцэрты, спектаклі, забаўляльна-гульнявыя праграмы, шоў, экскурсіі, цікавыя сустрэчы і дыскатэкі! Былі арганізаваны экскурсійныя паездкі ў Жлобін з наведваннем заапарка. Шмат уражанняў пакінула паездка ў вёску Чырвоны бераг, дзе дзеці наведалі мемарыял, прысвечаны дзецям — ахвярам фашызму.
Непрыкметна праляцелі 24 дні нашага адпачынку. На заключным канцэрце навучэнцы нашай школы атрымалі дыпломы і граматы, падзячныя лісты. Мы занялі першае месца сярод адпачываючых школ і атрымалі ў падарунак салодкі пірог.
Р.ГРЭК,
настаўнік пачатковых класаў Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.