Адукацыйны кластар

- 9:46Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Снежань не толькі перадсвяточны месяц, але і час для падвядзення вынікаў года. Сёння мы робім гэта разам з начальнікам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Русланам АБРАМЧЫКАМ. Тым больш што сістэма адукацыі і выхавання Гродзеншчыны мае свае адметнасці, якія выгадна яе адрозніваюць на фоне агульных падыходаў у краіне.

— Руслан Юр’евіч, чым адметны 2022 год для сістэмы адукацыі Гро­дзеншчыны? Якія яго папярэднія вынікі?
— Сістэма адукацыі рэгіёна функцыянавала стабільна. Наш вялікі калектыў працаваў зладжана. У сакавіку 2022 года адкрылі ­дзіцячы сад № 112 (на 230 месцаў) у Гродне, а ў верасні — на 190 месцаў у Скідзелі. Працягваецца будаўніцтва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі на 1020 месцаў у адным з мікрараёнаў Гродна і двух дзіцячых садоў на 190 месцаў кожны ў Слоніме і Лідзе. У цэлым па вобласці месцы ў дзіцячых садах ёсць для кожнага дзіцяці. Нарматыў забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі (85%) выконваецца ва ўсіх раёнах і складае ў сярэднім 96%.

Падводзячы вынікі года, хочацца адзначыць выхавальніцу дзіцячага сада № 2 Мастоў Ірыну Дзенісевіч, якая на II Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД (Рэспубліка Казахстан) заняла 2-е месца ў намінацыі “Выхавальнік”. Годная перамога. Як і 13 педагагічных работнікаў з дзіцячых садоў Смаргоні, Ліды, Ашмян, Навагрудка, Мастоўскага раёна, якія сталі пераможцамі ў розных намінацыях на VII Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без меж”.

Педагогі Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у стварэнні Адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Уклад нашых настаўнікаў важкі — 26 вучэбных курсаў (980 вучэбных модуляў). Распрацоўкай модуляў займаліся 120 творчых груп, а гэта больш за 500 педагогаў.

Працягваецца ўзаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці з Паркам высокіх тэхналогій: у больш як 50 установах адукацыі рэалізуюцца адукацыйныя праекты “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, “Інфарматыка без разеткі”, “Праграмаванне Micro: bit у асяроддзі Scratch”.

Стабільна высокія вынікі дэманструюць выпускнікі вобласці ў цэнтралізаваным тэс­ціраванні, у алімпіядным руху. Па выніках ЦТ Гродзенская вобласць займае 2-е рэйтынгавае месца (пасля Мінска). У 2022 годзе выпускнікі вобласці атрымалі 34 100-бальныя вынікі (у 2021 годзе іх было 40).

У 2021/2022 навучальным годзе ўдзельнік каманды Гродзенскай вобласці з Ваўкавыскага раёна стаў абсалютным пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, набраўшы 100 балаў са ста магчымых. Другі год запар нашы школьнікі дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на міжнародных прадметных алімпіядах. У гэтым годзе заваявана 8 медалёў.

 

Чытайце інтэрв’ю Вольгі Дубоўскай у нумары ад 9 снежня 2022 года.