Адзначылі прафесійнае свята

- 10:00Адукацыйная прастора

Таленавітыя, творчыя, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю прафесію людзі. Такімі словамі можна ахарактарызаваць магілёўскае настаўніцтва. Агульнымі намаганнямі за апошнія гады ў сістэме адукацыі вобласці ўдалося дасягнуць многіх станоўчых тэндэнцый. Напярэдадні прафесійнага свята педагогам рэгіёна чарговы раз былі выказаны словы падзякі за іх плённую працу.

— Сёння Магілёўшчына ганарыцца сучасным пакаленнем педагогаў. Гэта са­праўдныя таленты і прафесіяналы, якія даюць якасную і ўсебаковую адукацыю нашым дзецям. Мы ганарымся поспехамі школьнікаў, якія працягваюць упэўнена збіраць ўзнагароды. У бягучым годзе на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах навучэнцы вобласці заваявалі 81 дыплом. А на міжнародных прадметных алімпіядах — 11 медалёў рознай вартасці. На сёлетнім цэнтралізаваным тэсціраванні нашы выпускнікі атрымалі 21 максімальны вынік у сто балаў. Гэта вельмі сур’ёзны паказчык і вынік высокай матывацыі навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі. У гэтым перш за ўсё заслуга настаўнікаў, іх уменне разглядзець талент вучня, дапамагчы яму раскрыцца, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Паводле яго слоў, сістэма адукацыі ў Беларусі заўсёды была адной з найважнейшых сфер і сёння яна стабільна функ­цыянуе, паступальна развіваецца. Магілёўская вобласць — наглядны прыклад.

— Мы маем неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, кваліфікаваныя педагагічныя кадры, вырашаем праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садках. Мы працягваем падтрымліваць адораных навучэнцаў і педагогаў, ствараем неабходныя ўмовы для маладых настаўнікаў. Адна з галоўных задач — далейшае паляпшэнне ўмоў для навучання нашых дзяцей. І яна вырашаецца. Першага верасня была адкрыта новая сярэдняя школа ў Бабруйску. Пасля капітальнага рамонту школьнікаў прынялі сярэднія школы ў Клімавічах, Слаўгарадзе, аграгарадку Лапацічы Слаўгарадскага раёна, аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна. Акрамя таго, да канца года свае дзверы перад дашкольнікамі адчыняць новыя дзіцячыя сады ў Магілёве, Бабруйску і Шклове. Усё, што робіцца для развіцця адукацыі ў нашай вобласці, у краіне, робіцца для будучыні Беларусі. Без сумнення, гэта правільныя і патрэбныя інвестыцыі, — падкрэсліў Валерый Ана­тольевіч, пажадаўшы педагогам далейшых поспехаў у іх нялёгкай працы.

Настаўніцтва Магілёўшчыны па праве можа ганарыцца сваімі поспехамі. У рэгіянальнай сістэме адукацыі сёння зроблена нямала.

— І ў гэтым заслуга ўсіх нашых педагогаў, якія сваёй працай гадуюць годнае будучае пакаленне беларусаў, якія ў кожнага вучня ўкладаюць часцінку сваёй душы, не шкадуючы на гэта ні часу, ні сіл, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, пажадаўшы ўсім настаўнікам новых творчых дасягненняў, здароўя і дабрабыту.

Бясконцыя словы віншаванняў у адрас магілёўскіх педагогаў гучалі яшчэ не раз. За добрасумленную плённую працу лепшых педагагічных работнікаў адзначалі граматамі Міністэрства адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў. Дырэктару Магілёў­скага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алегу Адамавічу Бахановічу за высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё прафесійнай адукацыі была ўручана падзяка ад прэм’ер-міністра краіны. Знакавай узнагароды — нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” — удастоіліся настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Бялыніч Людміла Анатольеўна Казлоўская і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Касцюковіч Раіса Іванаўна Краўчанка. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.