“Аграполія” выявіла наймацнейшых

- 11:07Адукацыйная прастора

Безумоўным фактарам паспяховасці аграрнай палітыкі нашай краіны выступае не толькі развіццё вытворчага патэнцыялу сельскагаспадарчых тэрыторый, але і, у большай ступені, стварэнне ўмоў для прыцягнення высокакваліфікаваных спецыялістаў, матываваных на ўдасканаленне аграпрамысловай галіны, выхад сельскай гаспадаркі на якасна новы ўзровень. Напрыканцы навучальнага года на Віцебшчыне прайшла абласная дыстанцыйная алімпіяда “Аграполія”, у якой прынялі ўдзел навучэнцы класаў аграрнай накіраванасці.

Аграклас Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна.

Па словах рэктара Віцебскага абласнога інстытута раз­віцця адукацыі Вольгі Віктараўны Лапацінскай, у вобласці пытанням падбору прафесійна арыентаваных абітурыентаў для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў аграрныя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны ўдзя­ляецца асаблівая ўвага. Сістэма работы ў гэтым напрамку прадугле­джвае не толькі пашырэнне сеткі профільных класаў аграрнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, але і стварэнне ўмоў для самавызначэння навучэнцаў, іх асобаснага росту ў кантэксце бесперапыннай аграрнай адукацыі.

У цяперашні час у 19 раёнах Віцебскага рэгіёна на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі створаны і паспяхова працуюць 68 класаў аграрнай накіраванасці. Асваенне праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў цікавасць да аграрных прафесій, атрымаць неабходныя веды аб разнастайнасці свету сельскагаспадарчых раслін і жывёл, аб узроўні тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння сельскагаспадарчай вытворчасці, пазнаёміцца з тэхналогіямі вытворчасці прадукцыі, сфарміраваць уяўленне аб асноўных напрамках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі развіцця аграпрамысловага комплексу краіны.

Як адзначыла В.В.Лапацінская, узмацненне інтэграцыі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, устаноў адукацыі па арганізацыі сістэмнай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для аграрнага сектара эканомікі вобласці шляхам папулярызацыі дасягненняў аграпрамысловага комплексу стала асноўнай мэтай распрацоўкі канцэпцыі адукацыйнай панарамы “АгроКласс!ье_2020”, у межах якой напрыканцы мая адбылася абласная дыстанцыйная алімпіяда “Аграполія” і з 21 мая па 29 чэрвеня праводзіцца конкурс “Аграс­вет”.

Пераможца алімпіяды Вікторыя Шпілеўская.

“Аграполія” была арганізавана ў рамках сумесных мера­прыемстваў галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абл­выканкама, Віцебскага абласнога ІРА і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны па выяўленні найбольш падрыхтаваных навучэнцаў профільных класаў аграрнай накіраванасці. Мэта правядзення алімпіяды — стварэнне ўмоў для рэалізацыі пазнавальных здольнасцей і цікавасці інтэлектуальна адораных і высокаматываваных навучэнцаў, якія асвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

У алімпіядзе спаборнічалі 74 навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 15 раёнаў Віцебскай вобласці. Найбольш актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы з Пастаўскага, Полацкага, Аршанскага, Сенненскага, Талачынскага, Шумілінскага раёнаў.

Алімпіядныя заданні рознага ўзроўню складанасці адкрытага і закрытага тыпу былі складзены ў адпаведнасці са зместам вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў. Размяшчэнне заданняў, забеспячэнне іх выканання ўдзельнікамі, а таксама арганізацыя работы журы ажыццяўляліся з выкарыстаннем сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Пераможцамі сталі 33 удзель­нікі, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Так, дыпломамі І ступені адзначаны навучэнка сярэдняй школы № 2 Талачына Вікторыя Шпілеўская, навучэнкі сярэдняй школы № 2 Оршы Вольга Глушанкова і Паліна Адарусава, навучэнец Кардонскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна Вадзім Селіханаў, навучэнка Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Дар’я Лапавухава, навучэнка Варапаеў­скай сярэдняй школы Пастаў­скага раёна Караліна Вялічка, навучэнка Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна Марына Кунцэвіч.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама будзе прымеркавана да правядзення штогадовай абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.