Агульная мова мастацтва

- 11:36Выхаванне

З 27 мая па 1 чэрвеня праходзіла беларуска-японская дзіцячая акцыя “За мір і сумленны спорт”. У суботу яна завяршылася маштабнай мастацкай падзеяй: юныя творцы з усіх куточкаў Беларусі размалявалі роднымі пейзажамі і сцэнамі са спартыўнага жыцця краіны вялікае агульнае палатно. За мір і сумленны спорт З 27 мая па 1 чэрвеня праходзіла беларуска-японская дзіцячая акцыя “За мір і сумленны спорт”. У суботу яна завяршылася маштабнай мастацкай падзеяй: юныя творцы з усіх куточкаў Беларусі размалявалі роднымі пейзажамі і сцэнамі са спартыўнага жыцця краіны вялікае агульнае палатно.

У межах акцыі школьнікі і выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі, пераможцы рэспубліканскіх выстаў-конкурсаў выконвалі малюнкі на тканіне на тэму малой радзімы, мірнага жыцця, спартыўных гульняў, беларуска-японскага сяброўства. Акцыя пракладае своеасаблівы мосцік паміж ІІ Еўрапейскімі гульнямі ў Мінску і Алімпійскімі і Параалімпійскімі гульнямі, што пройдуць у Токіа ў 2020 годзе.

1 чэрвеня 40 таленавітых мастакоў з усіх абласцей краіны і Мінска аб’ядналіся, каб стварыць агульны малюнак. Цэлая зала была адведзена пад іх работу: некалькі шырокіх лістоў працягнута праз усё памяшканне, ля кожнага — па 5—10 мастакоў. Усюды — алоўкі, фарбы, каляровая крэйда… Ужо праз гадзіну работы чыстага месца амаль не заставалася ні на саміх лістах, ні на вопратцы аўтараў малюнкаў. Ды ні самі школьнікі, ні іх бацькі і педагогі, што раздавалі парады і падтрымлівалі творцаў, гэтага не заўважалі.

— З 1986 па 1994 год я жыла ў Бангладэш. Лю­дзі там жылі бедна, іх дзеці нават не хадзілі ў школу. І мне захацелася зрабіць нешта для іх. Мы падрыхтавалі вялікія палотны, разаслалі іх на патрэсканай ад сонца зямлі, і дзеці, якія ніколі ў жыцці не бралі ў рукі пэндзаль, малявалі звычайнымі малярнымі фарбамі, а іх мамы сшывалі палотны разам. Так і нарадзілася ідэя гэтага праекта, у якім прынялі ўдзел ужо каля 100 краін, — расказала ініцыятар акцыі, кіраўнік грамадскай арганізацыі Earth Identity Project, каардынатар праграмы аздараўлення японскіх дзяцей у Беларусі Хірока Кавахара.

Плануецца, што палотны беларускіх школьнікаў будуць аб’яднаны з іншымі работамі і прадстаўлены на агульнай выставе, якую падрыхтуюць у 2021 го­дзе і абавязкова прывязуць у Беларусь. Такая выстава паспрыяе развіццю беларуска-японскага супрацоўніцтва і стане стымулам для дзіцячай мастацкай творчасці.

Таксама ўдзельнікаў акцыі павітаў пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Такунага Хірокі, які падкрэсліў, як важна наладжваць культурны абмен паміж дзецьмі абедзвюх краін, каб сфарміраваць сяброўскія адносіны паміж Японіяй і Беларуссю на доўгія гады. Падтрымалі яго думку і дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка, і дэпутат Парламенцкага сходу заслужаная артыстка Беларусі Ірына Аркадзьеўна Дарафеева, якая падкрэсліла падабенства абодвух народаў:

— У Японіі жывуць людзі, блізкія нам духоўна, па менталітэце: яны сабраныя, сканцэнтраваныя, адносяцца да ўсяго аддана, сумленна.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.