Агульная памяць аб’ядноўвае гісторыкаў і краіны

- 11:50Навіны рэгіёнаў

Круглы стол, прысвечаны тэме “Захаванне памяці аб братэрстве па зброі ў Першай сусветнай вайне і Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі і Расіі як аснова патрыятычнага выхавання моладзі”, прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Мерапрыемства адбылося ў рамках работы 48-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая праходзіла ў Гродне. Удзел у ім прынялі старшыня Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы, старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль.
Гісторыкі, прадстаўнікі ўлады гаварылі аб неабходнасці актывізацыі гістарычных даследаванняў падзей Першай сусветнай вайны і невядомых старонак Другой сусветнай вайны. Адзначалася, што больш актыўна ўдзельнічаць у мемарыялізацыі ваеннай гісторыі, у тым ліку фіксацыі ўспамінаў жывых удзельнікаў баявых дзеянняў, павінны тэлерадыёкампаніі, кінастудыі, грамадскасць.
Паглыбленню гэтай сумеснай работы дапаможа і стварэнне прадстаўніцтва Расійскага гістарычнага таварыства ў нашай краіне. Такая прапанова прагучала ад беларускіх гісторыкаў і была падтрымана Сяргеем Нарышкіным, які прапанаваў надаць прадстаўніцтву Расійскага гістарычнага таварыства ў Беларусі юрыдычны статус. Такая форма навуковага супрацоўніцтва дазволіць беларускім гісторыкам больш актыўна ўдзельнічаць у архіўнай рабоце на тэрыторыі Расіі, рэалізоўваць новыя сумесныя праекты ў навукова-даследчай, выдавецкай, адукацыйнай, культурнай сферах, наладзіць акадэмічны абмен паміж ВНУ Беларусі і Расіі.
Як расказаў удзельнік круглага стала, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Нечухрын, з беларускага боку паступілі прапановы аб рэалізацыі праекта “Праблемы вывучэння, захавання і выкарыстання ваенна-гістарычнай спадчыны Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці”, стварэнні музея Гродзенскай крэпасці ў сярэдняй школе № 15 у рамках дзеючага музея імя Дзмітрыя Карбышава, распрацоўцы турыстычных маршрутаў па аб’ектах гістарычнай спадчыны Першай сусветнай вайны і стварэнні серыі інфармацыйна-асветніцкіх матэрыялаў, добраўпарадкаванні ваенна-гістарычных помнікаў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, падрыхтоўцы навуковых публікацый.
Было абмеркавана пытанне стварэння ў Смаргоні мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны і яго фінансавання, у тым ліку з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Як паведаміў на круглым стале кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэй Артызаў, менавіта ў Смаргоні 15 верасня Расійскае гістарычнае таварыства прадставіць вынікі праекта стварэння картатэкі страт у гады Першай сусветнай вайны.
Была прынята таксама дамоўленасць аб заключэнні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.