Рэспубліканская міжведамасная праграма “Клопат” праводзіцца не ўпершыню. Распачалася яна яшчэ 1 мая і працягнецца да 1 кастрычніка. Галоўная задача праграмы — забяспечыць максімальную занятасць падлеткаў падчас школьных канікул і засцерагчы іх ад ужывання алкаголю, наркотыкаў, здзяйснення правапарушэнняў. Але, як зразумела па тэрмінах акцыі, яна прызвана забяспечыць таксама плаўны і спакойны ўваход падлеткаў у перыяд адпачынку і такі ж плаўны пераход да вучобы.
У інспекцыю па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС Мінска з просьбай расказаць аб ходзе акцыі, аб рабоце з падлеткамі я звярнулася невыпадкова: раён самы вялікі ў сталіцы, тут пражывае найбольшая колькасць прыёмных, мнагадзетных сем’яў, нямала дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, таму і падлеткаў больш чым дзе.
— Сапраўды, раён у горадзе самы вялікі, і гэта стварае значную нагрузку на інспектараў па справах непаўналетніх, — пагаджаецца часова выконваючы абавязкі начальніка ІСН Фрунзенскага РУУС Іван Іванавіч Фармага, сам, дарэчы, інспектар з вялікім вопытам. — Да таго ж трох інспектараў, прадугледжаных штатным раскладам, у нас зараз не хапае. У кожнага інспектара на ўчастку размяшчаецца па некалькі ўстаноў адукацыі, з якімі мы, канечне, працуем у цесным кантакце, асабліва з сацыяльнымі педагогамі, а таксама з ўпраўленнем адукацыі, камісіямі па справах непаўналетніх. Адна з галоўных задач нашых інспектараў — правядзенне прафілактычнай работы, недапушчэнне таго, каб непаўналетнія здзяйснялі правапарушэнні і злачынствы.
Дарэчы, і сам Іван Іванавіч, і большая частка яго падначаленых маюць педагагічную адукацыю. Так, выконваючы абавязкі начальніка ІСН — філолаг, закончыў БДУ, выбраўшы напрамак “Беларуская мова і літаратура” па прыкладзе сваёй маці-настаўніцы. Магчыма, гэта і дапамагае знайсці агульную мову і з бацькамі, і з падлеткамі, і з педагогамі. Як гэта даводзіцца рабіць і ў ходзе акцый міжведамаснай праграмы “Клопат”. На першым этапе, як расказаў мой суразмоўца, былі абследаваны дваровыя і спартыўныя пляцоўкі на прадмет іх бяспечнасці, прышкольныя лагеры, куды інспектары ІСН прыходзілі і пазней дзеля ўсё той жа прафілактычнай работы.
Таксама ў гэты час былі падагульнены матэрыялы па ўсіх падлетках, якія на той момант стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх (мінімальны тэрмін знаходжання на такім уліку — шэсць месяцаў). У ІСН Фрунзенскага РУУС такіх набралася каля 400 чалавек. Галоўнае, што цікавіла інспектараў, — летняя занятасць гэтых падлеткаў.
— Калі нашы падапечныя выязджаюць за межы Мінска, — тлумачыць І.І.Фармага, — мы абавязаны паведамляць па месцы іх знаходжання аб тым, што гэтыя падлеткі стаяць на ўліку, каб і знаходзячыся, напрыклад, у бабулі ці ў лагеры адпачынку, падлетак заставаўся ў полі зроку тамтэйшых супрацоўнікаў ІСН. Акрамя таго, з тымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія засталіся ў горадзе, мы праводзім прафілактычную работу. Так, нашы супрацоўнікі разам са спецыялістамі ўпраўлення адукацыі шукалі месцы для часовага працаўладкавання гэтых непаўналетніх — квоты на такія рабочыя месцы выдзяляюцца ў “Зялёнбудзе”, на базе школ і г.д.
Яшчэ сумеснымі намаганнямі ў рамках “Клопату” ў раёне правялі акцыю “Лета — пара актыўная”, якая прызвана арганізаваць актыўны адпачынак для цяжкіх падлеткаў, дзяцей з нядобранадзейных сем’яў. А ў кінатэатры “Аўрора” кожны панядзелак для такіх непаўналетніх праводзіліся бясплатныя кінасеансы. Кожны аўторак фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Фрунзенскага раёна арганізоўваў спартыўныя спаборніцтвы для падлеткаў названай катэгорыі.
Такім чынам, зацікаўленыя ведамствы імкнуцца вырашыць праблему летняй занятасці падлеткаў, схільных да правапарушэнняў, і дзяцей з сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Не сакрэт, што падлеткі з такіх сем’яў летам нярэдка застаюцца без нагляду бацькоў, калі ж іх пакінуць без увагі школы, ІСН, становішча можа стаць зусім складаным. Каб не дапусціць такога, праводзяцца і рэйды супрацоўнікаў інспекцыі па месцах, дзе збіраюцца непаўналетнія, гандлёвых кропках, якія прадаюць алкаголь, і г.д.
— Усю гэтую работу мы, безумоўна, імкнёмся праводзіць сумесна з установамі адукацыі і абавязкова далучаем бацькоў, бо што ні гавары, а менавіта бацькі аказваюць самы значны ўплыў на сваіх дзяцей, — падкрэслівае І.І.Фармага.
Не пагадзіцца з ім немагчыма. Колькі разоў, прысутнічаючы на пасяджэннях камісій па справах непаўналетніх, выязджаючы ў сем’і, я пераконвалася: добрая сям’я, адказныя бацькі (няхай і няродныя, прыёмныя) — добрыя дзеці. Як толькі для дарослых лепшай сяброўкай становіцца “ліхадзейка з наклейкай”, то ў самым хуткім часе ўсё ў сям’і пераварочваецца з ног на галаву, выхаванне дзяцей пераходзіць пад уладу вуліцы.
А 1 верасня ў рамках праграмы “Клопат” інспектары ІСН Фрунзенскага РУУС, як і іншыя іх калегі па ўсёй краіне, прыйдуць у школы. У першыя дні вучобы яны разам з іншымі супрацоўнікамі ўнутраных органаў правядуць прафілактычныя размовы са школьнікамі і па правілах дарожнага руху, і па недапушчальнасці ўжывання наркатычных рэчываў, алкаголю, пропуску заняткаў, і па іншых актуальных тэмах. Пазней людзі ў форме пагутараць і з дарослымі на бацькоўскіх сходах, як гэта робіцца штогадова.
Дарэчы, дзеля зніжэння колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх у Фрунзенскім і некаторых іншых раёнах сталіцы нядаўна праведзены спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Падлетак”, скіраваны на дадатковую работу сярод непаўналетніх так званай асаблівай катэгорыі. Маюцца на ўвазе асуджаныя падлеткі і падлеткі, у адносінах да якіх узбуджаны крымінальныя справы. Інспектары ІСН падчас такіх мерапрыемстваў размаўляюць не толькі з падлеткамі і іх бацькамі, педагогамі, але нават і з суседзямі, каб дакладна ведаць, што адбываецца з падлеткам, і пры неабходнасці прыняць пэўныя меры, напрыклад, спыніць зносіны непаўналетняга з нядобранадзейнай кампаніяй.
Марына ХІДДЖАЗ.