Аксана Кірэйчук: «Ёсць шмат падстаў ганарыцца вучнямі Гродзеншчыны»

- 13:09Моя гражданская позиция

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксана Кірэйчук пераканана, што патрыятызм пачынаецца са стаўлення да вучобы, работы і людзей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Любоў да Радзімы, пачуццё адказнасці за яе закладваюцца яшчэ ў дзяцінстве. І вельмі важна, якія педагогі акружаюць дзіця падчас яго сталення. Кожны на сваім месцы павінен быць патрыётам, адказна ставіцца да справы, думаць, што гаворыць, як выконвае сваю работу, што ўкладвае ў дзіця. Маюць значэнне нават штодзённыя зносіны. З гэтага і пачынаецца выхаванне патрыёта.

Я стала педагогам, таму што бачыла прыклад сваіх настаўнікаў у невялікай школе ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Гэта былі выдатныя, вельмі цікавыя, адукаваныя людзі, з якімі было прыемна мець зносіны і ў школе, і ў пазаўрочны час. Яны праводзілі цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку патрыятычнай накіраванасці. Школа заклала аснову маёй будучыні. Я філолаг, а па другой адукацыі педагог сацыяльны. Доўгі час працавала з нядобранадзейнымі сем’ямі. Падчас работы зразумела, што дзеці патрабуюць увагі як з боку бацькоў, так і з боку педагогаў, і гэтая максімальная ўвага закладвае асновы патрыятызму.

Сёння курырую дзейнасць Гродзенскага абласнога кластара па ваенна-патрыятычным выхаванні. Тут вырашаюцца больш глабальныя задачы: арганізацыя ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі, педагогамі школ і структурамі, якія гарантуюць нацыянальную бяспеку. Право­дзіцца шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў, рэалізуюцца творчыя праекты. Адзін з такіх праектаў — “Кубак патрыёта”. Гэта цэлая сістэма конкурсаў, якія праходзяць штомесяц і робяць свой уклад у выхаванне патрыёта. У форме прэзентацый, эсэ, конкурсу фатаграфій дзеці паказваюць, што для іх зна­чыць патрыятызм, як яны гэта разумеюць, адчуваюць. Вядома, ім у гэтым дапамагаюць педагогі. Зыходзячы са зместу работ, а на наш адрас іх паступае каля 100 штомесяц, мы маем шмат падстаў ганарыцца вучнямі нашай вобласці. Яны разумеюць: неабходна любіць тое, што маеш, што цябе акружае, і развівацца, каб у будучыні стаць прафесіяналам, добрым сем’янінам і работнікам.

Узаемадзеянне розных інстытутаў, структур мае важнае значэнне, бо перад намі стаіць агульная мэта — выхаваць дзіця, якое разумее, што такое Радзіма, і ўсведамляе, што пры неабходнасці яе трэба абараніць.

Абласны кластар па ваенна-патрыятычным выхаванні працуе ўжо другі год. Метадычную падтрымку аказвае Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Цесна ўзаемадзейнічаем з абласным камісарыятам, ­ваенна-патрыятычнымі клубамі на базе ўстаноў як агульнай сярэдняй, так і дадатковай адукацыі. У канцы лютага плануем правесці абласную дыялогавую пляцоўку сумесна з Гродзенскім абласным ваенным камісарыятам, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь, ваеннымі факультэтамі УВА. ­Удзел у мерапрыемстве прымуць каля 700 навучэнцаў, якія нацэлены на паступленне ў Ваенную акадэмію і на ваенныя факультэты.

Прысутнічаючы на мерапрыемствах і назіраючы, як школьнікі спяваюць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, адчуваеш яднанне і педагогаў, і дзяцей, разумееш, што ты з’яўляешся часткай вялікай краіны.

Хацелася б вопыт работы Гродзенскага абласнога кластара па ваенна-патрыятычным выхаванні маштабаваць на ўзроўні рэспублікі. А падзяліцца ёсць чым — гэта вялікая коль­касць напрацовак, цікавая дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў, у тым ліку і даследчая, удзел у навукова-практычных канферэнцыях, пошук у архівах імён герояў, правядзенне ваенна-патрыятычных злётаў, конкурсаў. Усё гэта цікава дзецям. Варта ганарыцца нашымі вучняў, часцей да іх прыслухоўвацца, узаема­дзейнічаць, падтрымліваць, даваць ім магчымасць рэалізаваць свае праекты.

На першай сесіі маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў я была куратарам адной з камісій вучнёўскай палаты. Школьнікі прадставілі вельмі цікавыя праекты, накіраваныя на работу па патрыятычным выхаванні ў сваіх раёнах, валанцёрскую дзей­насць, дапамогу пажылым лю­дзям. Адчувалася жаданне юнакоў і дзяўчат арганізаваць вакол сябе вельмі цёплую, прасякнутую патрыятызмам прастору, імкненне быць карыснымі сваёй Радзіме.