Акцэнт — на ліквідацыю няроўнасці ў развіцці рэгіёнаў

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў рабоце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) будзе зроблены акцэнт на ліквідацыю няроўнасці ў развіцці рэгіёнаў. Пра гэта заявіла нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна на адкрыцці канферэнцыі “Лакалізацыя МУР у кантэксце Парадку дня — 2030: перспектывы для беларуска-нямецкага супрацоўніцтва”, якая прайшла ў Мінску.

“Мы не раз падкрэслівалі: немагчыма дасягнуць Мэт устойлівага развіцця, калі да работы не падключаны рэгіёны, няма ўзаемнага абмену вопытам і зацікаўленасці грама­дзянскай супольнасці. Таму мы робім акцэнт на рэгіянальную работу, — сказала Ма­рыяна Шчоткіна. — Па выніках праведзенага ў студзені першага нацыянальнага форуму мы паставілі перад сабой важныя задачы. Першае — глабальную стратэгічную задачу па ліквідацыі няроўнасці расшыфраваць для сябе як ліквідацыю няроўнасці ў развіцці рэгіёнаў, таму што павышэнне якасці і ўзроўню жыцця павінна адбывацца паўсюль. Чалавек усюды павінен адчуваць сябе камфортна: мець дастойную працу, магчы­масць ствараць і забяспеч­ваць сям’ю, развівацца ў асобасным плане і садзейнічаць развіццю краіны”.

З гэтай задачай звязана і яшчэ адна — неабход­насць аднолькавай скорасці работы па дасягненні МУР на месцах. У рэгіянальных групах Савета па ўстойлівым развіцці пакуль назіраецца несінхроннасць. “Адказнасць на месцах за развіццё сваіх тэрыторый, пошукі драйвераў росту і камунікацыі паміж зацікаўленымі, рэгіёнамі, краінамі — вось што нам трэба, каб атрымаць належны вынік”, — адзначыла нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР.

Трэцяя важная ­задача, паводле слоў Марыяны Шчоткінай, — аб’яднанне намаганняў усяго грамадства. У якасці прыкладу яна прывяла Мэту нумар 5 па дасягненні гендарнай роўнасці. У адрас Беларускага саюза жанчын паступае нямала прапаноў і меркаванняў на гэтую тэму.

Канферэнцыя “Лакалі­за­цыя МУР у кантэкс­це Парадку дня — 2030: перспектывы для беларуска-нямецкага супрацоўніцтва” сабрала больш за 120 удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, рэгіянальных і мясцовых органаў улады, рэспубліканскіх і міжнародных грамадскіх арганізацый, камерцыйнага сектара і эксперты па ўстойлівым развіцці з Беларусі і Германіі.

Арганізатарамі канфе­рэн­цыі выступілі прадстаў­ніцтва Дортмундскага між­на­роднага адукацыйнага цэнт­ра (IBB) і аб’яднанне “Парадак дня — 21” зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.