Актыўна развіваць студэнцкае самакіраванне

- 11:12Актуально, Апошнія запісы

Паўтары гадзіны доўжылася сустрэча міністра адукацыі Беларусі М.А.Жураўкова з выкладчыкамі і студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Падчас зацікаўленай размовы ішла гаворка аб праблемах і перспектывах развіцця айчыннай сістэмы адукацыі ў цэлым і вышэйшай школы ў прыватнасці.

— Сёння сістэма адукацыі ў свеце перажывае пэўны крызіс, — адзначыў М.А.Жураўкоў. — Даволі часта даводзіцца чуць пра мэтазгоднасць далейшага існавання ўніверсітэтаў, улічваючы сучаснае развіццё тэхнікі і вялікія магчымасці інфармацыйных рэсурсаў. У падрыхтоўцы кадраў існуе шмат перакосаў. Моладзь найчасцей выбірае лёгкія прафесіі, што з цягам часу прыводзіць да дэфіцыту пэўных спецыялістаў. Таму асноўны ўпор у падрыхтоўцы кадраў неабходна рабіць на спецыяльнасці прыродазнаўчанавуковага і інжынернага профілю. Пры гэтым варта памятаць, што кожны чалавек мае права атрымаць тую адукацыю, якую жадае, няхай яна будзе і незапатрабаванай на рынку працы. Задача дзяржавы — прадаставіць такую магчымасць.У перспектыве 30—40% бакалаўраў павінны ісці ў магістратуру, але яе наяўнасць установам вышэйшай адукацыі трэба заслужыць: для падрыхтоўкі магістраў па пэўных спецыяльнасцях неабходна мець адпаведны матэрыяльна-тэхнічны і навуковы патэнцыял.
Перспектыўным напрамкам развіцця адукацыйнай галіны з’яўляецца сеткавая арганізацыя ўніверсітэцкай адукацыі, якая дазволіць магістрантам вучыцца ў той УВА, што падыходзіць для гэтага найлепшым чынам.
Па словах М.А.Жураўкова, аспірантура сёння, на жаль, ператварылася ў фармальнасць. І над гэтай праблемай неабходна сур’ёзна працаваць.
— Аспірантура — гэта наступная (пасля магістратуры) ступень вышэйшай прафесійнай адукацыі, — адзначыў міністр. — Пасля заканчэння аспірантуры і прадастаўлення дысертацыі ў ВАК будзе выдавацца дыплом даследчыка, які дазволіць выкладаць ва УВА. Кандыдатам навук можна будзе стаць як у аспірантуры, так і праз саіскальніцтва. Праўда, паміж такімі кандыдатамі будуць пэўныя адрозненні.
М.А.Жураўкоў заўважыў, што неабходна даваць больш свабоды УВА ў выбары патрэбных спецыяльнасцей і актыўна развіваць студэнцкае самакіраванне, каб праз узаемадзеянне з выкладчыкамі і адміністрацыяй вызначыць спецыяльныя курсы, якія дазволяць паспяхова канкурыраваць на сучасным рынку працы.
— Галоўная задача — павысіць прэстыж і грамадскую значнасць настаўніцкай прафесіі, — падкрэсліў М.А.Жураўкоў. — Самы просты шлях для гэтага — павысіць заробак педагогаў у 10 разоў. Але наша дзяржава павінна жыць па сродках. Тым не менш пытанні, звязаныя з матэрыяльным забеспячэннем педагогаў і вырашэннем іх жыллёвых праблем, пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўлады.
Сярод выкладчыкаў і студэнтаў аказалася столькі жадаючых задаць міністру хвалюючыя пытанні, што ўдалося гэта з-за абмежаванага часу далёка не ўсім. “Ці абавязаны студэнт-бюджэтнік пры адлічэнні з УВА па няўважлівых прычынах вярнуць дзяржаве грошы, затрачаныя на яго навучанне?”, “У чым канкрэтная розніца паміж бакалаўрам, магістрам і аспірантам?”, “Ці дазваляе ступень магістра атрымаць настаўніку катэгорыю?”, “Як вы адносіцеся да таго, што некаторыя студэнты сумяшчаюць вучобу і работу?”, “Якія славутыя мясціны Брэстчыны вам запомніліся больш за ўсё?”, “Што робіцца па выданні якасных падручнікаў і падтрымцы аўтарскіх калектываў, якія іх рыхтуюць?” — гэтымі пытаннямі сустрэча не абмяжоўвалася.
— Якімі якасцямі павінен валодаць малады чалавек, каб стаць паспяховым? — пацікавілася ў міністра адна са студэнтак.
— Талент, праца, настойлівасць, упартасць, пэўная доля здаровага нахабства і вера ў мару, — шчыра адказаў М.А.Жураўкоў.
— Наколькі ўніфікавана айчынная адукацыя з Балонскім працэсам? — задала пытанне адна з выкладчыц.
— Балонскі працэс не самамэта. Галоўнае — не страціць якасць адукацыі, — заўважыў міністр.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.