Актыўная дэпутацкая пазіцыя павінна гучаць больш выразна і зразумела

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Работа дэпутацкага корпуса павінна быць рэальнай, эфектыўнай, нацэленай на вынік. Пра гэта заявіла старшыня верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі.

Парламентарыям варта займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, вы­рашаючы пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця на месцах.“Наша работа павінна быць рэаль­най, эфектыўнай, прыносіць канкрэтны вынік, у ёй не павінна быць фармалізму”, — падкрэсліла яна. У 2020 го­­дзе ў Беларусі ад­будуцца прэ­зідэнцкія вы­ба­ры, што робіць яго асаблівым, але не больш складаным, чым любы іншы. Спікер выказала ўпэўненасць, што электаральная кампанія, у час якой беларусы вызна­чаць будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей, прой­дзе, як звычайна, зладжана і спакойна. “Наша актыўная грамадзянская дэпутацкая пазіцыя павінна гучаць больш выразна і зразумела, наш голас — быць больш чутным пры вырашэнні асноўных задач, якія стаяць перад краінай”, — адзначыла старшыня верхняй палаты парламента.

У час сустрэчы з парламентарыямі 5 снежня 2019 года кіраўнік дзяржавы абазначыў прыярытэты ў рабоце дэпутацкага корпуса. “Прэзідэнт дакладна вызначыў, што галоўнае — гэта людзі, справядлівае да іх стаўленне і рост іх дабрабыту. Усе рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы, законы — ісці ад жыцця, быць дакладнымі і зразумелымі”, — нагадала Наталля Качанава. Яна папярэдзіла, што, не займаючыся асноўнымі пытаннямі павышэння ўзроўню жыцця людзей, а гэта занятасць, цэны і зарплата, немагчыма вырашаць іншыя задачы.

Яшчэ адзін акцэнт спікер зрабіла на рабоце з моладдзю. “У Беларусі ства­раецца маладзёжны парламент. Плануецца, што ў яго склад увой­дуць па 10 чалавек ад кожнай вобласці і Мінска. Мы бу­дзем з імі актыўна працаваць. Гэта кадравы рэзерв. Трэба бачыць перспектыўных маладых людзей, будучых лідараў”, — дадала кіраўнік верхняй палаты парламента.

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання быў створаны больш як 10 гадоў назад. Наталля Качанава пераканана, што гэта было правільнае, выверанае рашэнне. “Дэпутацкі корпус у канцэнтраваным выглядзе бачыць праблемы, якія хвалююць людзей у рэгіёнах. А Савет па ўзаемадзеянні служыць добрай пляцоўкай, каб абагульніць пытанні, што ўзні­каюць на месцах”, — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. Яна не выключыла, што з улікам сучасных рэалій пэўныя змены ў яго рабоце ўсё ж адбудуцца.

На пасяджэнні абмяр­коўваліся задачы органаў мясцовага самакіравання па ўдасканаленні работы з насельніцтвам і вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Акрамя таго, у­дзельнікі намецілі план работы на 2020 год.