Альтэрнатыва негатыву

- 11:46Сацыяльны ракурс

Меры прафілактыкі наркаманіі, як і іншых відаў залежнасцей, даўно вядомы і паспяхова выкарыстоўваюцца. Хаця… Ці ўжо так паспяхова? Свет мяняецца, і здаецца цалкам лагічным, што неабходна мяняць і падыходы да праблем, бо старыя правераныя метады ў новых умовах, у адносінах да новых пакаленняў падлеткаў не спрацоўваюць. Гэтая і іншыя праблемы абмяркоўваліся на круглам стале, які быў прысвечаны вынікам сацыялагічнага даследавання “Веды, стаўленне і навыкі ў адносінах мадэлей бяспечных паводзін падлеткаў і маладых людзей”.

— Нават падыходы пяцігадовай даўнасці нельга зараз лічыць інавацыйнымі, — гаворыць Віталь Нікановіч, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА.

На яго думку, не такімі актуальнымі становяцца інфармацыйныя праграмы, бо любую інфармацыю няцяжка адшукаць і ў інтэрнэце; падаюць у цане падыходы да прывіцця навыкаў супрацьстаяння залежнасцям, бо іх не заўсёды проста самастойна прымяніць у рэальным жыцці; затое набіраюць абароты такія меры, як суправаджэнне і падтрымка.

А яшчэ Віталь Мікалаевіч заўважае, што зацікаўленым у прафілактыцы бакам (гэта тычыцца і работы з тымі, хто прайшоў курс рэабілітацыі ад пэўнай залежнасці) неабходна часцей рабіць работу над памылкамі, абмяркоўваць тое, што не спрацавала дастаткова эфектыўна, каб зразумець, чаму гэта здарылася.

У рабоце круглага стала, дзе і выступаў В.М.Нікановіч, таксама прынялі ўдзел прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі, МУС, супрацоўнікі зацікаўленых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. А вынікі даследавання за 2016 год ведаў і навыкаў беларускай моладзі аб бяспечных паводзінах прадставіла доктар сацыялагічных навук прафесар Яўгенія Аркадзьеўна Кечына.

Праводзілі даследаванне Міністэрства аховы здароўя сумесна з прадстаўніцтвам ЮНІСЕФ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Удзельнічалі ў апытанні і гарадскія хлопцы і дзяўчаты (87,5%), і вясковыя (12,5%). Шчыра кажучы, нават без асаблівых абгрунтаванняў зразумела, што ў сучасным свеце, дзе, па даных на 2015 год, кожны дваццаты жыхар планеты ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў ужываў наркотыкі, нельга паслабляць увагу да праблемы ні на хвіліну. У Беларусі па даных на 1 студзеня 2017 года пад наглядам урачоў-псіхіятраў знаходзілася 14 991 непаўналетні (у 2010 годзе — 16 953).

Іншыя лічбы такія: сярод маладых людзей ва ўзросце 14—24 гадоў 25,4% курцоў. Пры гэтым кураць 31,3% юнакоў і 19,8% дзяўчат, сярод непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў доля курцоў складае 20,7%. Калі-небудзь ужывалі алкаголь 70,6% маладых людзей, прычым і юнакі і дзяўчаты прыкладна аднолькава; сярод непаўналетніх алкаголь ужывалі 46,6% апытаных, сярод паўналетніх — 84,8%.

Што да наркотыкаў, то 18% рэспандэнтаў адзначылі, што ім прапаноўвалі неін’екцыйныя наркотыкі, 14,5% маладых людзей маюць знаёмых, якія ўжываюць такія наркотыкі, 6,7% самі спрабавалі іх адзін або некалькі разоў (3,1% рэспандэнтаў ва ўзросце 14—17 гадоў і 8,8% ва ўзросце 18— 24 гадоў). 1,4% рэспандэнтаў адзначылі, што ім прапаноўвалі паспрабаваць наркотыкі з дапамогай шпрыца, столькі ж маладых людзей маюць знаёмых, якія ўжываюць ін’екцыйныя наркотыкі, 1,5% іх калі-небудзь спрабавалі такія наркотыкі аднойчы або неаднаразова.

Сацыёлагі пацікавіліся і паводзінскімі сексуальнымі рызыкамі моладзі. Высветлілася, што толькі 43,4% асоб, якія паведамілі пра наяўнасць у іх непастаяннага сексуальнага партнёра на працягу апошніх 12 месяцаў, заўсёды выкарыстоўваюць прэзерватыў.

Да якіх жа высноў, а галоўнае, рэкамендацый прыйшлі даследчыкі? Яны высветлілі, што значная частка маладых беларусаў перажывае стрэсы і доўгія негатыўныя псіхалагічныя станы, якія ў пэўнай ступені могуць з’яўляцца фактарамі, што стымулююць ужыванне рознага роду псіхаактыўных рэчываў. Значыць, важна клапаціцца пра псіхалагічны стан і псіхічнае здароўе моладзі.

У частцы даследавання распаўсюджанасці курэння абсалютна зразумела, што асноўнай праблемай з’яўляецца высокая ступень даступнасці тытунёвых вырабаў для падлеткаў. Нягледзячы на афіцыйную забарону продажу цыгарэт непаўналетнім, больш за 40% такіх курцоў самастойна купляюць цыгарэты, нямала і дарослых, якія набываюць іх для падлеткаў. Таму так неабходна праводзіць прафілактыку курэння як з моладдзю, так і з дарослымі, фарміраваць негатыўнае стаўленне да курэння не толькі ў маладых людзей, але і на ўзроўні іх акружэння і сацыяльнага асяроддзя ў цэлым, спрыяючы змяненню існуючых норм лаяльнага стаўлення грамадства да гэтай залежнасці.

Даследчыкі пераканаліся і ў тым, што веданне медыцынскіх аспектаў шкоды алкаголю не заўсёды з’яўляецца фактарам, які перашкаджае ўжыванню спіртнога. Ды і ў цэлым больш за 90% апытаных маладых людзей не маюць патрэбы ў інфармацыі па любым з аспектаў даследавання. Напрыклад, толькі 8,6% апытаных сказалі, што ім патрэбна інфармацыя па праблеме ўжывання алкаголю.

Яны ўсё ведаюць, прафілактычная інфармацыя чакае іх усюды: і ў школе, і ў СМІ, і ва ўстановах аховы здароўя, і проста на банерах з сацыяльнай рэкламай. Але (вернемся да пачатку гэтага матэрыялу) інфармацыйны прафілактычны фактар у сучасным свеце знаходзіцца далёка не на першых пазіцыях. Ды і наогул пагоня за колькасцю акцый, мерапрыемстваў, пасяджэнняў сябе не заўсёды апраўдвае, як мне здаецца. У справаздачах рознага кшталту іх пералік можа гучаць значна, а эфектыўнасць пры гэтам быць не такой высокай, як бы хацелася. Надышоў час засяродзіцца на якасці. Такім чынам, рэкамендуецца разам з абавязковым інфармаваннем мэтавай групы (моладзі) пра небяспечныя для здароўя наступствы выпрацоўваць матывацыю на адмову ад алкаголю ў атмасферы адпачынку.

Па ўласным журналісцкім вопыце магу сказаць, што прыклад самай эфектыўнай прафілактыкі дрэнных звычак і залежнасцей у навучальнай установе я бачыла ў гімназіі № 1 Дзяржынска, пра якую нядаўна расказвала ў нашай газеце. Нагадаю: сацыяльны педагог Андрэй Гац з’яўляецца прыхільнікам сабрыялогіі — навукі аб дасягненні цвярозасці ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, у якое ўключаецца поўная адмова ад курэння, алкаголю, наркотыкаў. І калі малады, крэатыўны, цікавы педагог мужчына, выканаўца песень пад гітару, у тым ліку ўласных, вядзе такі лад жыцця, то і любому падлетку не сорамна сказаць “не” любой спакусе, ён не страціць свой аўтарытэт у вачах аднагодкаў. А ў падлеткавым узросце гэта надзвычай важна. Што гэта, як не дасведчаная педагагічная падтрымка дзяцей у такі складаны для іх узроставы перыяд, што гэта, як не дзейсная, наглядная альтэрнатыва негатыву?

Але вернемся да вынікаў даследавання. Важна, што надзвычай актуальнай з’яўляецца праблема доступу непаўналетніх да алкагольных напіткаў. Пры ўсіх забаронах на продаж спіртнога непаўналетнім 25% падлеткаў, як паказала даследаванне, купляюць алкаголь у магазінах і кіёсках. 22,5% непаўналетніх паказалі, што спіртное ім набываюць дарослыя. Зноў тая ж выснова: неабходна працаваць не толькі з падлеткамі, але і з дарослымі. Абавязкова.

Цікавыя вынікі паказала частка даследавання па наркотыках. Пры тым, што толькі 9,8% апытаных сказалі, што ім патрэбны веды па праблеме нарказалежнасці, высветлілася, што маладыя людзі дрэнна ўяўляюць сабе наступствы аднаразовага ўжывання наркотыку, не ведаюць, што залежнасць можа развіцца пасля ўжывання яго толькі аднойчы, некаторыя і зусім не адносяць ужыванне, напрыклад, марыхуаны, да ўжывання наркотыкаў і г.д. Адначасова даследаванне выявіла, што ахоп мэтавай групы інфармацыйна-прафілактычнай работай па месцы вучобы або работы вельмі высокі: неабходную інфармацыю атрымліваюць больш за 80% маладых людзей. Вяртаемся да вышэйсказанага: эфектыўнасць гэтай інфармацыйнай работы нельга назваць дастатковай. Таму даследчыкі рэкамендуюць, па-першае, далейшае вывучэнне зместу і методык інфармацыйнай работы па прафілактыцы, па-другое, абавязковую карэкціроўку такіх праграм і іх укараненне.

Вывелі навукоўцы і агульныя рэкамендацыі па развіцці падыходаў да прафілактыкі ўжывання псіхаактыўных рэчываў у маладзёжным асяроддзі. Сярод іх, напрыклад, такія агульнанацыянальныя, як распрацоўка метадаў і падыходаў для фарміравання норм і традыцый безалкагольнага баўлення часу сярод моладзі; распрацоўка і ўкараненне адаптаванай да ўмоў нашай краіны праграмы фарміравання жыццёвых навыкаў у падлеткаў групы рызыкі. Ёсць і больш лакальныя рэкамендацыі, скажам, укараненне ў практыку школьных псіхолагаў методыкі па фарміраванні ў бацькоў навучэнцаў прынцыпаў адказнага бацькоўства.

Новы час патрабуе новай работы. Магчыма, гэта не будуць змены рэвалюцыйныя, але галоўнае, каб яны давалі належны эфект. А даследаванне і аналіз сітуацыі з неабходнымі высновамі спецыялісты лічаць патрэбным працягваць.

Марына ХІДДЖАЗ.