Аляксандр Лукашэнка і Ван Цішань абмеркавалі міжнародныя адносіны за кітайскім чаем з беларускім варэннем

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вечарам 28 мая ў сваёй загараднай рэзідэнцыі сустрэўся з намеснікам старшыні КНР Ван Цішанем. Сустрэча прайшла ў фармаце рабочай вячэры.

Аляксандр Лукашэнка і Ван Цішань цёпла віталі адзін аднаго. Прэзідэнт адзначыў, што ёсць шэраг пытанняў, якія бакам неабходна абмеркаваць. У сваю чаргу намеснік Старшыні КНР падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і высока ацаніў перагаворы, якія прайшлі ва Урадзе Беларусі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў Ван Цішаня наведаць мясцовую крыніцу, дзе кітайскі госць пачаставаўся чыстай і ўнікальнай па сваіх уласцівасцях вадой.

Пасля наведвання крыніцы і агляду тэрыторыі рэзідэнцыі Аляксандр Лукашэнка і Ван Цішань у чайным доміку за кітайскім чаем з беларускім варэннем абмеркавалі сітуацыю ў свеце і міжнародныя адносіны.

Размова ж аб двухбаковых адносінах прадоўжылася за вячэрай у беларускім стылі. Госцю прапанавалі дранікі, беларускія пельмені і качку. А на дэсерт Аляксандр Лукашэнка пачаставаў высокага госця сваёй фірменнай стравай — тварожнымі батончыкамі з марожаным і клубніцамі.

Цікава, што выбар страў, якія падаваліся на вячэры, быў зроблены па кітайскай традыцыі, але з беларускім каларытам. Напрыклад, замест вядомых у Кітаі пельменяў з рысавай мукі згатавалі беларускія з пшанічнай.

Той факт, што ў якасці месца сустрэчы выбрана загарадная рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы, таксама падкрэслівае асаблівы дружалюбны і стратэгічны характар беларуска-кітайскіх адносін, бо ў такім фармаце Аляксандр Лукашэнка прымае толькі самых паважаных і блізкіх гасцей.

Намеснік старшыні КНР Ван Цішань наведаў Беларусь з афіцыйным візітам 27—29 мая. Знамянальна, што гэты візіт у Беларусь — яго першы замежны афіцыйны візіт на цяперашняй пасадзе.