Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі”

- 12:43Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыкласці максімум намаганняў, каб ураджай у краіне быў як мага большым. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час азнаямлення з арганізацыяй уборкі збожжавых у Мінскім раёне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе з-за гарачага надвор’я ў многіх краінах чакаецца вельмі вялікі недабор збожжа. Так, загінулі збожжавыя ў Германіі і Польшчы, не лепшым чынам складваецца сітуацыя ў Францыі і Іспаніі. У Расіі прагназуюць 25% недабору да ўзроўню мінулага года.

“Вядома, і мы штосьці страцілі, але не настолькі: нас яшчэ Гасподзь мілаваў. Таму трэба мець на ўвазе, што мы асабліва не кінемся недзе закупляць збожжа. На рынку яно будзе. Але, па-першае, будзе вельмі ў цане, а па-другое, зразумела, якія мы будзем купляць кармы па якасці. Таму максімум напружання для таго, каб сабраць да зернетка тое, што мы сёння вырасцілі, і кукурузу”, — сказаў прэзідэнт.

Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмовы надвор’я хоць і былі неідэальныя, але і не зусім сапсавалі сітуацыю на палях. “На надвор’е ківаць няма чаго, яно было нядрэннае. Вядома, хацелася, каб вясна была менш засушлівай, асабліва па поўдні, калі налівалася зерне, не хапала вільгаці, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але трэба аддаць належнае, што першы ўкос траў быў добры, бо прайшлі ліўні. Мы нарыхтавалі больш, чым калі-небудзь, сена”.

У той жа час, заўважыў прэзідэнт, умовы надвор’я былі складаныя не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У многіх раёнах будзе вельмі добры ўраджай, калі яго своечасова ўбраць. “Гэта будзе наступнай тэмай маіх паездак. Нам трэба ўбраць у Магілёве, на поўначы і ў цэнтры Мінскай вобласці, і асабліва ў Віцебскай усё збожжа да зернетка”, — сказаў ён.

Паводле папярэдніх разлікаў, у бягучым годзе ўраджай у Беларусі будзе меншы на 500 тысяч тон у параўнанні з мінулагоднім. Аднак запасы збожжа ў краіне складаюць 1,5 млн тон, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. “Нам гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць вытворчасць малака, мяса, птушкі і іншага. Таму тут няма ніякіх пытанняў наконт забяспечанасці насельніцтва”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы наведаў палі 1-й Мінскай птушкафабрыкі, дзе яму далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых у краіне і рэгіёне. У гэтай гаспадарцы ўбрана збожжавых і зернебабовых 28,3 працэнта да запланаванага (план — 4,4 тысячы га), намалочана 5,1 тысяч т пры ўраджайнасці 40,7 ц/га. Рапс убраны цалкам на плошчы 1 тысяча га, намалочана 1,7 тысячы т. План па нарыхтоўцы кармоў па ўсіх відах выкананы на 58,1 працэнта.

Як праінфармавалі прэзідэнта, у Мінскім раёне па стане на 1 жніўня ўбрана збожжавых і зернебабовых 35,5 працэнта да плана, намалочана 40,9 тысячы т пры ўраджайнасці 43 ц/га. Рапс убраны цалкам на плошчы 5,1 тысячы га, намалочана 12,1 тысячы т пры ўраджайнасці 23,7 ц/га.

У Мінскай вобласці збожжавыя і зернебабовыя ўбраны на 44 працэнтах плошчы, намалочана 640,5 тысячы т пры ўраджайнасці 30,3 ц/га. План па ўборцы рапсу выкананы на 97 працэнтаў, намалочана 127,8 тысячы т пры ўраджайнасці 17 ц/га. Пастаўкі харчовага збожжа на дзяржзаказ выкананы на 40 працэнтаў. Ужо ўбрана 40 працэнтаў ільну-даўгунцу. Нарыхтоўка кармоў па ўсіх відах склала 34 працэнты да запланаванага.

У цэлым у Беларусі ўбрана збожжавых і зернебабовых на плошчы 894,7 тысячы га, што складае 41,9 працэнта да плана. Намалочана збожжа 2,5 млн т, сярэдняя ўра-джайнасць складае 28,8 ц/га. План пастаўкі збожжа на дзяржзаказ выкананы на 28,7 працэнта. Пры плане 859 тысячы т пастаўлена збожжа 246,2 тысячы т.

Прэзідэнт запатрабаваў прыкласці максімум намаганняў, каб добра ўбраць усё, што вырашчана на палях краіны.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся развіццём сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Мінскай вобласці і раёна. Прэзідэнту паведамілі, што некаторым моцным гаспадаркам можа не хапаць уласных зямель для вытворчасці неабходнай колькасці камбікорму. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне далучэння да такіх сельгасарганізацый адстаючых гаспадарак, каб тым самым падцягнуць узровень і іх вытворчасцей.

Кіраўнік дзяржавы ў час знаёмства з ходам уборачнай кампаніі ў Мінскім раёне звярнуў асаблівую ўвагу на няпростыя ўмовы работы механізатараў у такое гарачае надвор’е. Прэзідэнт лічыць, што трэба вельмі ўважліва ставіцца да арганізацыі працы людзей, і, калі будзе такая духата, рабіць перапынак у сярэдзіне дня, а больш работы выконваць у ранішні і вячэрні час. “Трэба паберагчы людзей”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што развіццё сваёй сельскай гаспадаркі ў Беларусі абыходзіцца танней, чым імпарт прадуктаў харчавання.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што адзін аграрый дае работу 7—8 людзям, паколькі, каб атрымаць свежаспечаны хлеб або якасны камбікорм, проста ўбраць збожжа недастаткова. “Калі мы гэта спынім, уявіце: паўкраіны будзе хадзіць без работы”, — сказаў прэзідэнт. Акрамя таго, заўважыў ён, пад сельскую гаспадарку працуе і прамысловасць Беларусі: ад вытворчасці плугоў да суперкамбайнаў.

“Мы пераканаліся ўжо на практыцы, што гэта ў цэлым нам танней абыходзіцца, чым купляць імпартнае малако, мяса”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад Расіі, дзе актыўна ўзяліся за развіццё сваёй сельскай гаспадаркі, нягледзячы на вялікія рэсурсы, якія даюць магчымасць імпартаваць неабходную прадукцыю. На думку кіраўніка дзяржавы, нездарма з’явіўся тэрмін “харчовая бяспека”. “Калі ў цябе няма свайго і табе хтосьці пастаўляе, ён у любы момант цябе можа “ўзяць за горла”. І ўсё — няма незалежнасці, няма суверэнітэту, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Хто не нюхаў гэтага хлеба, той ніколі не зразумее, што трэба мець сваё. Усё трэба мець сваё, на што мы здольны. Гэта падымае нацыю, людзей, дае ім магчымасць зарабляць”.

З іншага боку, дадаў прэзідэнт, стаіць пытанне: ці трэба Беларусі вырабляць значна больш сельгаспрадукцыі, чым цяпер. “Мы не будзем фарсіраваць гэта, таму што прадаць цяжка. Вы бачыце, як мы прабіваемся на кітайскі рынак, дыверсіфікуем продажы харчавання па ўсім свеце, каб не залежаць ад аднаго расійскага рынку. Мы ідзём ва ўсе кропкі свету для таго, каб прадаць тое, што мы сёння вырабляем з лішкам”, — канстатаваў беларускі лідар.

Аднак у перспектыве, упэўнены кіраўнік дзяржавы, прадукты харчавання будуць запатрабаваны ў свеце ўдвая. “Афрыка паднімаецца, той жа Кітай будзе спажываць нямала. Як толькі ўбачым, што трэба больш, мы павялічым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На збожжавым полі ААТ “1-я Мінская птушкафабрыка” кіраўнік дзяржавы пагутарыў як з чыноўнікамі, так і механізатарамі.

Выслухаўшы даклады аб сітуацыі з уборкай, прэзідэнт накіраваўся да збожжаўборачнага камбайна “ПАЛЕССЕ GS12A1”, які на полі сярод іншых убіраў збожжа. За штурвалам камбайна працаваў малады механізатар Аляксей Якаўлеў, у якога Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як працуецца, ці ёсць якія праблемы, ці не ламаецца тэхніка. “Як наогул камбайн?” — спытаў прэзідэнт. На што механізатар упэўнена адказаў: “Выдатна!”

Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены пачутым, таму што ў пашырэнне вытворчасці лінейкі беларускай уборачнай тэхнікі і такім чынам імпартазамяшчэнне ўкладзена нямала намаганняў і сродкаў. У свой час была пастаўлена задача зрабіць айчынны камбайн не горшым за імпартныя аналагі. “ПАЛЕССЕ GS12A1” — адзін з прыкладаў сучаснай беларускай тэхнікі.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб даручэнні стварыць суперкамбайн, які распрацоўвалі беларускія спецыялісты і які ўжо выраблены — ён аснашчаны ўсімі неабходнымі функцыямі.

У Беларусі цяпер для ўборкі збожжавых і зернебабовых у сельгасарганізацыях ёсць 9,1 тысячы камбайнаў. Узровень тэхнічнай гатоўнасці парка камбайнаў складае 97 працэнтаў. Пры гэтым у Мінскай вобласці — 2 123 збожжаўборачныя камбайны. Нагрузка на адзінку такой тэхнікі па краіне складае 234 га, у Мінскай вобласці — 230 га.