Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Многія праблемы трэба вырашаць на перспектыву”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць далейшай работы па вырашэнні праблемных пытанняў у беларуска-расійскім парадку дня. Аб гэтым ён заявіў 29 снежня на перагаворах у Крамлі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў расійскаму лідару за запрашэнне напярэдадні Новага года. “Я пажартаваў, што надакучылі адзін аднаму. Напэўна, ніколі адзін аднаму надакучыць не зможам, таму што ёсць пытанні, якія трэба абмяркоўваць. Гэта наша работа. Сапраўды, мы мінулы раз дамовіліся, што сур’ёзна пагаворым аб далейшым нашым суіснаванні ў гэтым цяжкім тленным свеце. Нікуды ад гэтага не пайсці і не дзецца, таму што многія праблемы трэба вырашаць на перспектыву”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пасля сустрэчы 25 снежня бакі працавалі над пытаннямі, якія тычацца ствараемай двухбаковай групы і тых тэм, якія неабходна разгледзець, каб яны не стаялі перашкодай на шляху інтэграцыі. “Мы такую групу гэтак жа, як і вы, сфарміравалі. Зрабілі гэтак жа, як і вы, адносна складу і кіраўніцтва групы. Думаю, што пасля калядных свят мы гатовы, як і расіяне, працаваць. Тым больш пытанні ўсе прапісаны ў саюзным дагаворы, і мы пералічвалі іх мінулы раз. Добра, што мы нарэшце падышлі да вырашэння гэтых пытанняў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у пачатку сустрэчы таксама адзначыў, што гэта ўжо другая сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы за кароткі прамежак часу. “Як мы і дамаўляліся, мы ствараем рабочую групу па далейшым развіцці нашых сувязей у сферы эканомікі, па іншых напрамках. І па вашай прапанове папрацуем над напрамкам развіцця нашых планаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Прапаную сёння якраз пагаварыць на гэтую тэму, — сказаў Прэзідэнт Расіі. — Зверым гадзіннікі наконт таго, як прадаўжаецца работа па тых напрамках, па якіх мы дамовіліся актывізаваць работу на мінулай сустрэчы”.

Кіраўнікі дзяржаў павіншавалі адзін аднаго з надыходзячым Новым годам. “Хачу павіншаваць вас, вашых родных і блізкіх з Новым годам, расіян — нашых братоў — з гэтым самым жаданым святам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу таксама павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы і грамадзян краіны, пажадаўшы шчасця і ўдачы ў новым годзе.