Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы адкрыты і гатовы да любога супрацоўніцтва”

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на аднаўленне ўзроўню беларуска-алжырскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Алжыра Абдэлькадэрам Месахелем.

“Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай дружалюбнай краінай, нельга прызнаць здавальняючым. Тым больш на фоне падзення гандлёва-эканамічных сувязей. У гэтым і ваша, і наша віна, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Таму я невыпадкова жартам, але зусім сур’ёзна заўважыў, што вы нарэшце прыехалі ў Мінск, разлічваючы на тое, што ваш візіт дасць сур’ёзны імпульс развіццю адносін і мы хаця б адновім той узровень, які некалі быў паміж нашымі краінамі”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней аб’ём двухбаковага гандлю паміж краінамі дасягаў больш як $200 млн у год. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ёсць усе магчымасці для аднаўлення былых пазіцый.

Невысокі ўзровень беларуска-алжырскага супрацоўніцтва абумоўлены прыярытэтамі гандлю Алжыра з краінамі Еўрасаюза, дзе дзяржава карыстаецца льготнымі ўмовамі ў выглядзе нулявой тарыфнай стаўкі. З 2015 года экспарт беларускіх тавараў рэзка зменшыўся ў сувязі з прынятымі алжырскім урадам мерамі па абмежаванні імпарту з-за эканамічнага спаду, выкліканага падзеннем сусветных цэн на нафту. Так, у 2017 годзе аб’ём тавараабароту склаў амаль $2 млн. Беларусь пастаўляе ў Алжыр галоўным чынам калійныя ўгнаенні і канцылярскія вырабы, імпартуе лекавыя сродкі і фрукты.

Па выніках перагавораў бакі дамовіліся вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на новы, больш высокі ўзровень. Пры гэтым дзяржавы гатовы актыўна рухацца ў гэтым напрамку і прытрымлівацца набытага вопыту глыбокага ўзаемадзеяння. Актыўны ўдзел у гэтых працэсах прымуць і бізнес-колы абедзвюх краін.

Цікавасць Беларусі да Алжыра тлумачыцца яго геапалітычным становішчам. Гэтая дзяржава самая вялікая па плошчы на афрыканскім кантыненце і мяжуе з некалькімі краінамі, што адкрывае вялікія магчымасці для Беларусі ў гандлёва-эканамічнай сферы.

“Мы, калі на гэта будзе ваша воля і садзейнічанне, гатовы па нашых тэхналогіях працаваць і ў сферы прамысловасці, і ў сферы сельскай гаспадаркі. І не проста пастаўляць вам прадукцыю, але і ствараць адпаведныя магутнасці разам з вамі на тэрыторыі Алжыра”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Алжыр імпартуе вялікую колькасць рознай сельскагаспадарчай прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. “Ваша краіна імпартуе велізарную колькасць малочных прадуктаў. А мы, спрабуючы дыверсіфікаваць экспарт, шукаем сваё шчасце ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Венесуэле і яшчэ далей. Згадзіцеся, што з пункту гледжання лагістыкі Алжыр выглядае вельмі прывабна”, — канстатаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што краінам удасца аднавіць былы ўзровень ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць усе праблемныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і дамовяцца аб канкрэтных кроках для развіцця супрацоўніцтва па названых напрамках. “З Егіптам жа мы змаглі дамовіцца. Чаму не можам з Алжырам дамовіцца?” — задаў рытарычнае пытанне прэзідэнт.

“Што тычыцца прамысловасці і нашага аўтамабілебудавання, трактарабудавання, сельгасмашынабудавання, то павінен сказаць, што Алжыр — гіганцкая краіна, і наша тэхніка, магчымасці нашых будаўнічых кампаній і іншых прадпрыемстваў спатрэбяцца якраз у Алжыры, — упэўнены беларускі лідар. — Словам, мы адкрыты і гатовы да любога супрацоўніцтва з вашай краінай”.