Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы гэтым займаемся. Але толькі без шуму і пылу”

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка ў час наведвання ААТ “Белгіпс” правёў размову з работнікамі прадпрыемства і закрануў шэраг актуальных пытанняў, якія тычыліся распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 і мер процідзеяння эпідэміі.

Пра псіхоз і наступствы для эканомікі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожная служба ў краіне — ад медыкаў да праваахоўных органаў — займаецца ў плане барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса сваёй справай. Выяўляюцца кантактныя асобы, вядзецца работа па прафілактыцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка супраць псіхозу і панікі вакол гэтай тэмы.

“Мы гэтым займаемся. Але толькі без шуму і пылу”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на ўплыве прымаемых у свеце мер на эканоміку. Сітуацыя ўплывае і на Беларусь. Ён прывёў у якасці прыкладу нядаўнюю заяву Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што наступствы для эканомікі і жыцця людзей у выніку могуць быць цяжэйшымі, чым ад самога віруса.

У цэлым кіраўнік дзяржавы выказаўся па розных аспектах праблемы, пачынаючы ад меркаванняў, што гучаць, аб увядзенні каранціну і спыненні прадпрыемстваў да пытанняў харчовай бяспекі і забеспячэння асартыменту ў магазінах.

“Мы гэтым псіхозам сёння спынілі эканоміку практычна ўсяго свету. Нават Расійская Федэрацыя, якая падобна да нас, пачала згортваць свае вытворчасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць недальнабачным, што і ў ЗША некаторы час назад было аб’яўлена надзвычайнае становішча. “Але Трамп як чалавек, які некалі займаўся бізнесам, хутка сарыентаваўся, апошнія яго заявы мне вельмі спадабаліся. Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнём працаваць, то ад беспрацоўя памрэ значна больш амерыканцаў, чым ад каранавіруса. Цяпер вы зразумелі, чаму я не закрываў прадпрыемствы. Хоць дарадчыкаў было шмат: закрыць граніцы, прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін. Тады мною было прынята жорсткае рашэнне: саджаць будзем толькі тады, калі трэба”, — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рана ці позна, але праблема каранавіруса скончыцца, псіхоз пройдзе і галоўнымі праблемамі ва ўсім свеце стануць эканоміка і работа прадпрыемстваў, пытанні занятасці.

“Нам хапае не толькі завезенага каранавіруса, але і эканамічных праблем. Нам іх падкінуць звонку. Дык навошта нам ускладняць унутры краіны?” — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўніцтва прадпрыемстваў павінна несці адказнасць за работу калектываў. “Трэба гэта перажыць дастойна. Таму што ў нас няма трубы і мы не друкуем долары. Амерыка можа надрукаваць два трыльёны долараў — яны будуць стымуляваць эканоміку. Мы не можам сабе гэта дазволіць. У нас няма станка, трубы. І мы не такія багатыя, як Германія”, — сказаў ён.

“Разлічваць трэба на сябе, калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі. Мы адназначна выжывем, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. — У прамысловасці ні ў якім выпадку нельга згорт­ваць работы. Яшчэ раз гавару: праз месяц-два мы зразумеем, што значыць спыніць эканоміку вядучых краін свету”.

Пра меры, што прымаюцца ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым кожную вясну назіраецца пад’ём вірусных захворванняў, і ў бягучым го­дзе да гэтага яшчэ дабавілася сітуацыя з распаўсюджваннем у свеце новага каранавіруса.

З улікам таго, што ў Беларусі фіксуюцца завозныя выпадкі, былі прыняты неабходныя меры па прафілактыцы і выяўленні як тых, хто заразіўся, так і тых, хто з імі кантактаваў. “На граніцы і ў аэрапортах мы ўсіх, хто прыбывае, узялі на кантроль. Калі толькі выяўлялі хоць аднаго чалавека, мы неадкладна з дапамогай міліцыі, КДБ, відэакамер устанаўлівалі, з кім ён кантактаваў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ўся сістэма аховы здароўя, праваахоўныя органы, спецслужбы працуюць і займаюцца сваёй справай, захоўваючы бяспеку народа.

“Калі мы ўбачылі, што гэта завозны каранавірус, трэба было рэагаваць. Тады мною было прынята рашэнне (урад фармалізаваў), на граніцы нічога не закрываючы. А навошта закрываць? Украіна граніцу закрыла, Польшча, балтыйскія дзяржавы закрылі, а потым і браты-расіяне таксама закрылі гэтую граніцу. Добра, закрывайцеся, але жыццё ідзе, яго не спыніш”, — канстатаваў беларускі лідар.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь выконвае функцыі па забеспячэнні транзіту міжнародных грузаў. Вызначаны асноўныя дарогі і транзітныя калідоры, месцы для абслугоўвання. “Мы за гэты час ні разу не атрымалі ні адной праблемы ад вадзіцеляў гэтых велікагрузаў. Нічога не закрываючы, але кантралюючы на ўездзе і выездзе. Гэта значыць, мы рэагуем па сітуацыі. Калі ёсць нейкі факт, неадкладна ў гэтым напрамку працуем”, — дадаў ён.

Пра забарону на асобыя меры бяспекі ў рэзідэнцыі прэзідэнта

“Павінен вам сказаць, я нікуды не хаваюся. Катэгарычна забараніў, хто б ні прыходзіў, нейкія залішнія мерапрыемствы. А то атрымаецца, што людзям я гавару адно, а сам схаваўся нават не за гіпсавыя перагародкі, а за жалезабетон. Не, нічога асаблівага. Пра гэта прэс-сакратар нядаўна гаварыла. Гэта вельмі цікавіла нашу апазіцыю. Абсалютна нармальнае жыццё”, — расказаў прэзідэнт.

Пра вучобу ў школах і канікулы

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт адукацыйнага працэсу ў школах і таго факта, што частка бацькоў не пускае сваіх дзяцей на заняткі, пакідаючы іх дома. “У мяне свой такі ў школу ходзіць. У мяне, можа, і ёсць такая магчымасць, каб дзіця было ізалявана, але я яго не ізалюю”, — расказаў пра сваю пазіцыю кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, са слоў сына, які наведвае школу, у іх у некаторых класах цяпер не наведваюць заняткі да паловы вучняў. “Бацькі не пускаюць. Гэта іх справа, іх дзіця, мы тут не забараняем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў з улікам канікул прая­віць клопат пра людзей старэйшага пакалення, паколькі менавіта да сваіх бабуль і дзядуляў многія могуць адправіць дзяцей на перыяд канікул. “А ў зоне рызыкі — старыя людзі”, — падкрэсліў прэзідэнт, адзначыўшы, што размова не толькі пра каранавірус, але і пра іншыя інфекцыі, якія цыркулююць у гэты перыяд.

Пра дапамогу пажылым

“Трэба сказаць, што старыя людзі адгукнуліся на просьбу, каб яны менш хадзілі (наведвалі грамадскія месцы ў перыяд пад’ёму вірусных захворванняў і на фоне сітуацыі з каранавірусам. — Заўвага БелТА.). Мы, вядома, мабілізавалі ўсіх, каб адзінокім старым маглі лякарствы прынесці і прадукты харчавання. Галоўнае — дадзена каманда ўсёй вертыкалі ўлады: калі старому чалавеку нешта патрэбна, ён не павінен шукаць нейкі асаблівы тэлефон. Ён павінен пазваніць у сельскі Савет, райвыканкам, адміністрацыю горада”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба ствараць і выдумляць нейкія штабы і да таго падобнае, паколькі менавіта на гэта — штодзённую работу і дапамогу насельніцтву — нацэлены мясцовыя органы ўлады, у іх распараджэнні і так ёсць усе неабходныя рэсурсы і рычагі.

Пра сістэму аховы здароўя

Прэзідэнт пахваліў урачоў і адзначыў, што апошнім часам іх работу крыху пераарыентавалі. “Я катэгарычна забараніў ствараць усякія штабы. У нас ёсць штаб у Міністэрстве аховы здароўя. Там глядзіце і прымайце меры. Адміністрацыя прэзідэнта павінна арганіза­ваць інфармаванне насельніцтва. Мы нічога лішняга не стваралі, але ўзялі пад кантроль. Ужо 10 дзён я кантралюю работу Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнні, напрыклад, аб тым, забараняць або дазва­ляць працаваць прадпрыемствам, павінны пры­маць улады, а справа ўрачоў — лячыць лю­дзей у любой сітуацыі. “Урач павінен лячыць, журналіст — інфармаваць… І кожны займаецца сваёй справай”, — акцэнтаваў увагу бе­ларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што праводзіў аналіз статыстыкі смяротнасці па двух першых месяцах года ў параўнанні з папярэднімі аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў і фіксуецца істотнае падзенне смяротнасці, у прыватнасці, ад пнеўманій. Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў за тэмай каранавіруса не забываць пра іншыя захворванні, ад якіх у Беларусі часцей за ўсё паміраюць людзі — сардэчна-сасудзістыя хваробы, анкалогія. “Гэта галоўнае. А мы ўсе кінуліся на каранавірус. Дзесьці павызвалялі ложкі, не праводзім планавыя агляды”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Пра харчовую бяспеку

“Прадуктаў харчавання хопіць, не хвалюйцеся. Калі павысіўся попыт, я сказаў: а чаго хвалюецеся: малако, мяса не трэба нікуды вазіць, у Расію прабівацца, Кітай на некаторы час закрыўся. На прылаўкі — няхай людзі ядуць”, — сказаў прэзідэнт.

Наконт некаторага ажыятажнага попыту на грэцкія крупы Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што запасаў гэтага прадукту дастаткова, хопіць на паўгода наперад. “Няма ніякіх вялікіх праблем. Ну не будзе грэчкі — будзем прасяную кашу есці… Не забывайце, што ў нас бульба ёсць. Таму мы з голаду не памром”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Пра пытанні для роздуму

Прэзідэнт паабяцаў, што, калі скончыцца сітуацыя з каранавірусам і спадзе псіхоз, ён на гэтую тэму раскажа вельмі шмат цікавага. А пакуль што ён прапанаваў падумаць над шэрагам пытанняў. У тым ліку, ці з’яўляецца каранавірус нечым выпадковым або ж рукатворным, каму гэта было патрэбна, хто і як паспрабаваў скарыстаць гэтую сітуацыю ў сваіх мэтах і інтарэсах. “Кожны пачынае вярцець-круціць. З агнём жартуюць. Але мы на гэтую тэму пагаворым потым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што з’явіліся людзі, у тым ліку і ў Беларусі, якія спрабуюць хайпа­нуць у інтэрнэце на тэме каранавіруса. “Мы пачалі адлоўліваць такіх. Псіхозу і так хапае. Але (ім. — Заўвага БелТА.) трэба падагрэць недзе, паказаць… А так званая апазіцыя спрабуе выкарыстоўваць гэта супраць улады. Я маўчу. Час нас рассудзіць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама лічыць, што ў сучасным свеце не заўсёды магчыма закрыць граніцы і поўнасцю ізалявацца, што паказала, у прыватнасці, сітуацыя на беларуска-расійскай граніцы. Многія знаходзілі абходныя шляхі, і ўстаноўленыя расійскім бокам забароны страчвалі сваю эфектыўнасць. “Павінен быць парадак, але трэба разумець, што ты не можаш у гэтым глабальным свеце закрыцца”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Пра мерапрыемствы да 75-годдзя Перамогі

Работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці не згубіцца ў негатыўным інфармацыйным патоку тэма святкавання юбілею Вялікай Перамогі. Кіраўнік дзяржавы запэўніў: “Не, не згубіцца”. Паводле яго слоў, падрыхтоўка ў краіне прадаўжаецца і ніякія запланаваныя мерапрыемствы не адмяняюцца.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму паездкі на парад, які намечаны ў Маскве на Краснай плошчы: “У мяне часта пытаюцца: “А вы паедзеце на парад у Маскву?” Вядома. Калі ўжо з Беларусі ніхто не прыедзе ў Маскву, то хто ж тады паедзе. Зразумела, што з Украіны ніхто не паедзе”.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на запланаваныя ў той жа час у нашай краіне святкаванні: “У мяне адна праблема: у нас гэтакія ж мерапрыемствы і вось мы думаем, як зрабіць так, каб я змог пабываць там. Але я не ведаю, зыходзячы з таго, што ў іх адбываецца і гэты псіхоз іх ахапіў (у сувязі з каранавірусам. — Заўвага БелТА.), ці будуць яны право­дзіць гэтыя мерапрыемствы. Мы пакуль нічога не адмяняем, у нас будуць усе запланаваныя мерапрыемствы”.

Нараўне з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба агульнымі намаганнямі добраўпарадкаваць тыя мясціны ў краіне, якія так ці інакш звязаны з ваеннымі падзеямі, помнікі і абеліскі, а таксама ў цэлым навесці парадак на тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў, як у нас гэта звычайна робіцца вясной.

“Мы павінны гэта зрабіць і на самым высокім узроўні правесці гэтае мерапрыемства, каб і дзеці нашы, і ўвесь свет бачыў: мы помнім. Таму што Беларусь — гэта жывы помнік той страшнай вайны, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Больш, чым Беларусь, ніводная краіна не пацярпела. Так было. Наша краіна была сцёрта з зямлі, у нас кожны трэці чалавек загінуў і шмат людзей калекамі вярнуліся з вайны”. “Таму Гасподзь нас павінен берагчы ад каранавіруса, мы ўжо шмат насельніцтва страцілі”, — дадаў прэзідэнт.

“Вы не хвалюйцеся, гэта не самая вялікая праблема для Беларусі — зрабіць так, каб аб гэтай вайне не забылі”, — рэзюмаваў ён.

Па матэрыялах БелТА.