Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

“Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер больш як 8 тысяч прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тысячы арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных зборачных вытворчасцей, створана каля 160 суб’ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з’яўляецца пэўным дасягненнем”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларуска-расійскіх эканамічных адносінах па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Паводле яго слоў, важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з’яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.

“Трэба забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — На сустрэчы ў Сочы мы дэталёва абмяркоўвалі гэтае пытанне. Спадзяюся, у найбліжэйшы час прымем рашэнні, якія знімуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцей”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прывабнасць любога інтэграцыйнага аб’яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб’ектаў. Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з’яўляецца развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы. “Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб’екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты намі рэалізаваны. Ёсць пазітыўны вопыт і на далёкім, але такім родным Сахаліне”, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

У Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. “Мы гатовы і павінны ўдзельнічаць у такіх праектах. Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць станоўчыя прыклады ў станкабудаванні, распрацоўцы рухавіка для кар’ерных самазвалаў, пастаўцы кампанентаў для прадпрыемстваў аўтапрама. Акрамя таго, у Беларусі ўжо вырабляюцца розныя маркі тэхнічнага вугляроду на заводзе “Омск Карбон Магілёў”, а групай кампаній “Садружнасць” (горад Светлы Калінінградскай вобласці) створаны вытворча-лагістычны комплекс і алеяэкстракцыйны завод па выпуску прадукцыі з соі і рапсу ў Смаргоні (Гродзенская вобласць).

“Усе гэтыя праекты рэалізаваны і працуюць пры непасрэднай падтрымцы беларускіх і расійскіх губернатараў. Шмат у чым менавіта дзякуючы іх мэтанакіраванасці ажыццяўляюцца пазітыўныя пачынанні, якія збліжаюць нашы дзяржавы, напаўняюць канкрэтным сэнсам беларуска-расійскія адносіны”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі з’яўляецца найважнейшым знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі. “Перакананы, што і цяперашні форум дасць магчымасць нам у ходзе адкрытай дыскусіі абмеркаваць шляхі павышэння эфектыўнасці міждзяржаўнага супрацоўніцтва, мы зможам намеціць магчымыя прарыўныя напрамкі, вызначыць канкрэтныя задачы на перспектыву”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

“Прапаную вам, паважаныя ўдзельнікі пленарнага пасяджэння, наступны форум рэгіёнаў прысвяціць разгляду пытанняў, звязаных з маладзёжнай тэматыкай. Гэта вельмі важна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Варта абмеркаваць рэальныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыятычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей. Нашаму падрастаючаму пакаленню неабходна прывіваць жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі, бо менавіта ад моладзі залежыць будучыня нашых дзвюх краін”.

“Мы павінны зрабіць усё, каб наша моладзь, Беларусі і Расіі, глядзела перш за ўсё адно на аднаго, а не так, як часам бывае: расіяне глядзяць праз Беларусь далей на Захад. І беларусы. Я нядаўна сустракаўся з паслом (паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам. — Заўв.БелТА.), і ён мне назваў лічбу: каля 50 беларусаў паступаюць у расійскія ВНУ, а на Захад з’ехалі 2 тысячы для таго, каб атрымаць адукацыю. Зачыніцца не можам, гэта справа кожнага. Але мы павінны зрабіць так, каб нашы маладыя вучыліся ў Расіі і ў Беларусі. Будучыня — за маладымі. Падумайце, можа быць, сапраўды мы змаглі б арганізаваць салідны форум і прысвяціць яго моладзі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не толькі эканоміка ляжыць у аснове беларуска-расійскіх адносін. Наступныя два гады з’яўляюцца знакавымі для брацкіх народаў: разам яны будуць адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў Вялікай Перамогі. “І для беларусаў, і для расіян свята ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной. На прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады нашу агульную Радзіму, мы павінны выхоўваць новае пакаленне грамадзян Беларусі і Расіі сапраўднымі патрыётамі”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Для абедзвюх краін важна стварыць усе ўмовы, каб маладыя людзі атрымалі якасную адукацыю і магчымасць сумленна працаваць.

“Бо сёння яны, скіраваныя і таленавітыя, патрэбны ўсюды: на вытворчасці, у палітыцы, бізнесе, навуцы, адукацыі, дзяржаўным кіраванні”, — канстатаваў беларускі лідар. На думку прэзідэнта, па значнасці і маштабе форум рэгіёнаў не заменіць ні адно іншае мерапрыемства, якое праводзяць Беларусь і Расія. “Гэтыя форумы збліжаюць, аб’ядноўваюць нашы народы, робяць адзіным цэлым, якое разарваць практычна нікому немагчыма”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Уладзімір Пуцін, выступаючы на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, падкрэсліў, што Беларусь займае першае месца па аб’ёме тавараабароту ў гандлі Расіі з краінамі СНД, а прыкладна палова ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак. “У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў $32,4 млрд. У студзені — жніўні бягучага года прыбавіў яшчэ 14,5 працэнта. Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд”, — сказаў Уладзімір Пуцін.

Для ілюстрацыі маштабаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва Прэзідэнт Расіі нагадаў, што аб’ём гандлю Расіі і Індыі, насельніцтва якой больш за 1 млрд чалавек, складае каля $10 млрд. “Гэта сведчыць аб узроўні нашай кааперацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляем умацаванню інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў у Беларусі перавысіў $4 млрд”, — падкрэсліў расійскі лідар.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі працуюць амаль 2,5 тысячы прадпрыемстваў з расійскім удзелам, найбуйнейшым сумесным праектам з’яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС. “Першы энергаблок у адпаведнасці з графікам будзе запушчаны ў канцы 2019 года. А ўся станцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2020 годзе”, — дадаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, будаўніцтва БелАЭС палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем, эканомікай, створыць дадатковыя экспартныя магчымасці. Прадугледжана ўзвядзенне і іншага важнага аб’екта — цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій. “Мы не проста будуем вельмі важны прамысловы аб’ект, а ствараем у Беларусі новую галіну. Вядома, Беларусь і ў Савецкім Саюзе славілася вучонымі, высокім узроўнем адукацыі, але такой асобнай галіны не было. Будзе”, — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што некалькі дзясяткаў галіновых праграм ажыццяўляюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы, асаблівы ўпор робіцца на стварэнне перадавой навукаёмістай прадукцыі, стымуляванне бізнесу дзвюх краін да больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі.

Акрамя таго, Беларусь і Расія разам працуюць над пашырэннем інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. “Вядома, у нас шмат спрэчак па гэтых пытаннях, шмат інтарэсаў, якія перасякаюцца (часам і не супадаюць), але мы маем цвёрды намер ісці па гэтым шляху, рухаемся наперад да агульнай мэты”, — заявіў Уладзімір Пуцін.

Перад Расіяй і Беларуссю цяпер стая ць падобныя праблемы і выклікі. У іх ліку — забеспячэнне доўгатэрміновага ўстойлівага росту, павышэнне канкурэнтаздольнасці на знешніх рынках. Сярод прыярытэтных галін, у якіх бакі разлічваюць на максімальны эканамічны эфект, Прэзідэнт Расіі згадаў імпартазамяшчэнне, прамысловую кааперацыю, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, фармацэўтыку, дзяржзакупкі. Вядзецца таксама работа па збліжэнні нацыянальных заканадаўстваў і фарміраванні агульнага прававога поля.

Што тычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Уладзімір Пуцін адзначыў, што практычна ўсе суб’екты Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі з беларускімі рэгіёнамі. Па выніках цяперашняга форуму падпісана некалькі дзясяткаў новых пагадненняў і камерцыйных кантрактаў. “Важна, што ў парадку дня форуму асаблівая ўвага ўдзелена пытанням лічбавай эканомікі”, — падкрэсліў расійскі лідар.

Ён лічыць важным заахвочваць абмены і сумесныя праекты ў сферах адукацыі і навукі, разглядаць пытанні ў сферы маладзёжнай палітыкі. “Трэба падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць маладога пакалення і яго ўключанасць у сацыяльныя і гуманітарныя праграмы”, — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін у сваім выступленні згадаў і аб агульнай задачы па захаванні гістарычнай памяці, у прыватнасці аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.