Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны захаваць мір у нашай краіне”

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Дзяржава не мае намеру пакуль прадаваць ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў”. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы гэтае прадпрыемства.

“Я не хацеў бы прыватызаваць (чытай — аддаваць за бясплатна) тое, што створана народам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія год-два навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу гэтага прадпрыемства. “Маё стаўленне да прыватызацыі вы ведаеце. Не мы гэта з вамі стваралі, гэта створана некалькімі пакаленнямі, прынамсі, мы трэцяе пакаленне, якое тут працуе, і не нам з вамі вырашаць у корані гэтую праблему. Хоць калі паўстане пытанне, то давядзецца”, — адзначыў беларускі лідар.
“Што, хіба ў нас такая сітуацыя патавая, што ледзь не бясплатна трэба прадаваць гэтае прадпрыемства?” — дадаў прэзідэнт.
“Калі нешта і прадаваць, то гэта трэба прадаваць за вялікія грошы. Але нам часта гавораць, маўляў, мы можам за мільярд долараў такі завод пабудаваць, а вы ад нас патрабуеце два мільярды. Я кажу: паспрабуйце. Завод можна пабудаваць — сцены нядорага каштуюць, абсталяванне можна купіць, і крэдыты дадуць тыя, хто вырабляе абсталяванне. А вось людзей навучыць працаваць на гэтым абсталяванні ў гэтых сценах, стварыць школу для таго, каб атрымліваць якасны прадукт, — гэта нават не гады, а дзесяцігоддзі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што гэта падштурхнула яго прыехаць на прадпрыемства, каб асабіста пераканацца ў тым, ці можа яно вырабляць дастойную прадукцыю або яго пара прадаваць. “У выніку я ўбачыў, што ні вашы кіраўнікі, ні новы міністр не хочуць прадаваць завод. Мы сёння можам працаваць, працаваць разам з расіянамі па кааперацыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Мы пакуль прадаваць гэтае прадпрыемства не маем намеру. Яно павінна працаваць у нас. Гэта паказчык, як можна і ў складаных умовах працаваць”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Пры гэтым ён дадаў: “Калі $3 млрд паложаць, будзем разглядаць гэтае пытанне. Тады я буду адказваць за адно: каб вашы правы як членаў працоўнага калектыву не былі парушаны, каб атрымлівалі нармальную зарплату і каб не рулілі вамі не так, як трэба. Таму што, хто б сюды ні прыйшоў, гэта не іх краіна, не іх зямля, і людзі чужыя. Выціснуць, атрымаць нармальны тавар, менш заплаціць — мы гэта ўжо ведаем. Але яны таксама ведаюць маё стаўленне да гэтага”. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо вярталі дзяржаве прадпрыемствы, дзе нядобрасумленна працаваў прыватнік, і цяпер яны выдатна працуюць. “Таму гэта адна з функцый будучага прэзідэнта — абараніць людзей і не даць іх у крыўду”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел свету і барацьба за сусветны ўплыў, галоўная задача — абараніць і захаваць краіну. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў”.
“Як бы нам ні было цяжка, мы павінны захаваць мір у нашай краіне, няважна, з якім прэзідэнтам. Трэба, каб былі мір і стабільнасць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Я пачынаю цікавіцца, а што хоча народ пачуць ад будучых кандыдатаў у прэзідэнты? А народ хоча зарплаты пабольш і пажадана менш работы. Такое жаданне заўсёды было, я гэта добра разумею. Але не гэта сёння галоўнае”, — лічыць беларускі лідар.
Паводле яго слоў, цяпер пачаўся жорсткі перадзел свету. Калі раней свет дзялілі проста, то сёння ўсё значна складаней. “Увесь свет сёння, напрыклад, аб’яднаўся ў барацьбе з ІДІЛ. Усе ваююць супраць яго, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але ніхто не падумаў аб тым, як жа гэты ІДІЛ, дзе сабралі людзей з усяго свету, процістаіць такім магутным дзяржавам, якія нібыта супраць яго ваююць?”
“І ламаюць цэлыя дзяржавы. Заходняя кааліцыя на чале з Амерыкай не можа з імі справіцца. А чаму? А таму што з гэтай кааліцыі гэты ІДІЛ нехта фінансуе, ён камусьці выгадны. Здагадайцеся самі з трох разоў, каму гэта выгадна. Каб змяніць архітэктуру свету. Каб падзяліць багатыя на вуглевадарод землі, а дакладней, забраць сабе. Але не сваімі рукамі, а рукамі вось гэтых небарак, якім у галаву ўбілі нейкія ідэі, і яны ідуць, паміраюць, ваююць за нейкія грошы і сродкі”, — сказаў прэзідэнт.
“Усё значна складаней. Ідзе перадзел свету. І зарплата — гэта вельмі важна. Але перада мной як прэзідэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурлівым моры не наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не патапілі і яна не пайшла на дно”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
“Мы вельмі проста разглядаем сітуацыю ва Украіне: нацыяналісты, фашысты, карупцыя і іншае. Гэта на паверхні, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Але ж успыхнула Украіна не толькі па ўнутраных прычынах. Так, яна была зручная, каб перавярнуць усё. Але за гэтай бойкай па адзін і па другі бок стаяць уладныя людзі”.
“І вось як нам знайсці тое месца, каб зберагчы гэты кавалачак зямлі, можа, ужо не для сябе, а для нашых дзяцей, — вось што сёння галоўнае. І ў гэтым асаблівасць сённяшняга дня. Вельмі складаная сітуацыя ў свеце, ідзе бойка за перадзел свету, за будучае панаванне, за ўплыў”, — адзначыў прэзідэнт.
“Ужо сёння Амерыка не можа забяспечыць сваё лідарства. Ужо з’явіўся Кітай, дзе прыкладна 1,5 млрд чалавек, Індыя з 1,6 млрд, той жа Пакістан — ядзерныя дзяржавы, Еўрасаюз чымсьці незадаволены, ужо стала цесна. У эканоміцы гэта праяўляецца ў жорсткай канкурэнцыі і падаўленні. І як нам, сярэдняй дзяржаве па сучасных мерках, выстаяць, вытрымаць, каб мы не трапілі, як дзве шасцярэнькі, каб нас не зламалі і не ўтапілі. Вось што сёння самае галоўнае”, — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусам трэба захаваць сваю зямлю. “Адзінае — я не жадаў бы, каб мы жылі на чужой зямлі. Я жадаў бы, каб мы ніколі не хадзілі больш у лапцях і каб нас бізуном не хвасталі, як гэта заўсёды было ў нашай гісторыі”, — адзначыў ён.
“Таму, гаворачы аб Украіне (я ні ў якім разе не іграю на гэтай тэме), трэба разумець, што калі мы не сарыентуемся і недзе падставімся, то з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі мы забяспечым унутраную стабільнасць”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
“Не ведаю, як вашы дзеці, але я планую, што мае дзеці будуць жыць у гэтай краіне, на гэтай зямлі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. “У нас цудоўная краіна”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі можна атрымаць добрую адукацыю. “І не верце таму, што ў нас адукацыя дрэнная. Нашых людзей, спецыялістаў з рукамі-нагамі гатовы пасля ВНУ забраць да сябе. А мы іх утрымліваем. Калі дрэнная адукацыя, што ж вы бераце? І паглядзіце, колькі іншаземцаў вучыцца”, — сказаў ён. “Вось гэта трэба берагчы, гэта трэба цаніць”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Работнікі МЗКЦ пацікавіліся меркаваннем кіраўніка дзяржавы аб перспектыўных спецыяльнасцях, якія варта выбраць маладым людзям, каб стаць у далейшым запатрабаванымі спецыялістамі. “Папракнуць уладу ў тым, што мы недзе адсталі і не можам прадаставіць моладзі перспектыўнае, добрае рабочае месца, сёння нельга”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыкладу ён прывёў касмічную галіну. Беларусь ужо запусціла свой першы спадарожнік. Другі, паводле слоў прэзідэнта, будзе яшчэ больш эфектыўным.
У Беларусі будуецца атамная станцыя, а гэта самыя сучасныя, высокааплатныя рабочыя месцы, дадаў прэзідэнт. Толькі на першым этапе спатрэбіцца каля 5—7 тысяч чалавек абслуговага персаналу. На самім МЗКЦ, дзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы праходзіць комплексная мадэрнізацыя, патрэбны канструктары, кіраўнікі. “І гэта ўсё для моладзі. Таму няма ў нас праблем з тым, што рабіць і куды дзяваць моладзь. Наша галоўная задача — пераканаць нашых дзяцей, каб яны не думалі, што там, за бугром, лепш”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Лепш крыху бядней, але на сваёй зямлі. Ты будзеш усім забяспечаны і абаронены. Прынамсі, гэта задача дзяржавы”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.